Мацьвея 9 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў назад, і прыйшоў у Свой горад.
I, ступіўшы ў човен, Ён пераплыў назад і прыйшоў у Свой горад.
І вось, прынесьлі да Яго спараліжаванага, які ляжаў на ложку. І, бачачы веру іх, Ісус сказаў спараліжаванаму: «Будзь пэўным, дзіця! Адпускаюцца табе грахі твае».
I вось прынеслі да Яго спаралізаванага, пакладзенага на насілкі; і Ісус, убачыўшы веру іх, сказаў спаралізаванаму: будзь пэўны, сыне! адпускаюцца табе твае грахі.
І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: «Ён блюзьніць».
I вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: Ён зневажае Бога.
І, бачачы думкі іхнія, Ісус сказаў: «Чаму злое вы падумалі ў сэрцах вашых?
I Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэрцах сваіх?
Бо што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Што ж лягчэй, — сказаць: «адпускаюцца табе грахі» ці сказаць: «уставай і хадзі»?
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — кажа тады спараліжаванаму: «Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой».
Каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае яа зямлі ўладу адпускаць таахі, — тады Ён кажа спаралізаванаму: уставай, вазьмі свае насілкі ды ідзі ў свой дом.
І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой.
I той устаў і пайшоў у свой дом.
Бачачы гэтае, натоўпы зьдзівіліся і славілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
Натоўп жа, убачыўшы гэта, здзівіўся і славіў Бога, што даў людзям такую моц.
І, праходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, званага Мацьвеем, і кажа яму: «Ідзі за Мною». І ён, устаўшы, пайшоў за Ім.
А калі Ісус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, што сядзеў каля мытніцы, — яго звалі Мацвеем, — і кажа яму: ідзі за мною. I той устаў і пайшоў за ім.
І сталася, як Ён узьлягаў у доме, вось, шмат мытнікаў і грэшнікаў, прыйшоўшы, узьляглі з Ісусам і вучнямі Ягонымі.
I было: калі Ён узлягаў у доме, дык вось сышлося шмат мытнікаў і грэшнікаў і ўзлягло з Ісусам і Яго вучнямі.
І фарысэі, якія бачылі гэта, сказалі вучням Ягоным: «Дзеля чаго Настаўнік ваш есьць з мытнікамі і грэшнікамі?»
I, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі яго вучням: чаму разам з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?
А Ісус, пачуўшы, сказаў ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
Ісус жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: маюць патрэбу ў доктары не здаровыя, а нямоглыя.
Пайдзіце ж, навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасьці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў не праведнікаў, але грэшнікаў клікаць да навяртаньня».
Ідзіце ж, навучыцеся, што значыць: «міласэрнасці хачу, а не ахвяры»? бо Я прыйшоў клікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне.
Тады прыходзяць да Яго вучні Янавы, кажучы: «Чаму мы і фарысэі шмат посьцім, а Твае вучні ня посьцяць?»
Тады падышлі да Яго Іаанавы вучні, кажучы: чаму мы і фарысеі шмат посцім, а Твае вучні не посцяць?
І сказаў ім Ісус: «Ня могуць плакаць сыны вясельля, пакуль з імі жаніх. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць посьціць.
I сказаў ім Ісус: хіба могуць сумаваць сыны шлюбнага пакоя, пакуль з імі малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, і тады будуць пасціць яны.
Ніхто ж не прышывае латкі з новай тканіны да старога адзеньня, бо прышытае аддзярэцца ад адзеньня, і дзіра станецца большая.
Ніхто ж не ўстаўляе латкі з новай тканіны ў старое адзенне; бо прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.
Не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо рвуцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі гінуць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца адно і другое».
I не ўліваюць маладога віна ў старыя бурдзюкі; а то прарываюцца бурдзюкі, і віно выцякае, і бурдзюкі прападаюць; але наліваюць маладое віно ў новыя бурдзюкі, і зберагаецца адно і другое.
Калі Ён гаварыў ім гэта, вось, падыйшоўшы, начальнік пакланіўся Яму, кажучы: «Дачка мая цяпер памірае, але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна ажыве».
Калі гэта Ён казаў ім, вось падышоў нейкі начальнік і пакланіўся Яму, кажучы: мая дачка толькі што сканала, але прыйдзі і ўскладзі Сваю руку на яе, і яна ажыве.
І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
I, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, таксама і вучні Яго.
І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на крывацечу, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да крыса шаты Ягонай,
I вось жанчына, што дванаццаць гадоў хварэла на крывацёк, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго адзення.
бо яна казала ў сабе: «Калі толькі дакрануся да шаты Ягонай, буду выратаваная».
Бо яна казала сама сабе: як толькі крануся Яго адзення, папраўлюся.
Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Будзь пэўная, дачка! Вера твая збавіла цябе». І жанчына ў тую ж гадзіну паздаравела.
Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: будзь пэўная, дачка: твая вера ўратавала цябе. I жанчына паправілася з тае гадзіны.
І, прыйшоўшы ў дом начальніка і ўбачыўшы жалейнікаў і ўзрушаны натоўп,
А калі Ісус прыйшоў у начальнікаў дом і ўбачыў дудароў і ўзварушаную грамаду,
Ісус сказаў ім: «Адыйдзіцеся, бо не памерла дзяўчынка, але сьпіць». І сьмяяліся з Яго.
Сказаў ім: выйдзіце, бо дзяўчынка спіць. I тыя насміхаліся з Яго.
Калі ж вывелі натоўп, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
Калі ж грамаду выгналі, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй той зямлі.
I разышоўся погалас пра гэта па ўсёй той зямлі.
І калі Ісус ішоў адтуль, ішлі за Ім два сьляпыя, крычучы і кажучы: «Зьлітуйся над намі, Сыне Давідаў!»
I калі Ісус адыходзіў адтуль, за ім ішлі два сляпыя, клічучы і кажучы: злітуйся над намі, Сыне Давідаў!
Калі ж Ён прыйшоў у дом, падыйшлі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: «Ці вы верыце, што Я магу гэтае зрабіць?» Кажуць яму: «Так, Госпадзе!»
Калі ж Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: ці верыце вы, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: верым, Госпадзе!
Тады Ён дакрануўся да вачэй іхніх, кажучы: «Паводле веры вашае няхай станецца вам».
Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: паводле вашае веры няхай збудзецца вам.
І адчыніліся вочы іхнія. І Ісус грозна глянуў на іх, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто ня ведаў».
I адкрыліся вочы іх. I Ісус сурова наказаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто не ўведаў.
А яны, выйшаўшы, шырылі вестку пра Яго па ўсёй той зямлі.
А яны, выйшаўшы, абвясцілі пра Яго па ўсёй той зямлі.
Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
Калі ж яны выходзілі, вось прывялі да Яго нямога апантанага чалавека.
І, калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў, і натоўп зьдзіўляўся, кажучы: «Ніколі не здаралася гэткае ў Ізраілі».
I калі быў выгнаны дэман, нямы загаварыў; і дзівіўся натоўп, кажучы: ніколі не здаралася гэткага ў Ізраілі.
А фарысэі казалі: «Праз князя дэманаў Ён выганяе дэманаў».
А фарысеі казалі: Ён сілаю дэманаўскага князя выганяе дэманаў.
І абыходзіў Ісус усе гарады і мястэчкі, навучаючы ў сынагогах, і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
I абходзіў Ісус усе гарады і вёскі, навучаючы ў іх сінагогах, абвяшчаючы Дабравесце Царства і вылечваючы ўсе хваробы і немачы ў народзе.
Убачыўшы ж натоўпы, Ён зьлітаваўся над імі, што былі саслабелыя і расьцярушаныя, быццам авечкі, якія ня маюць пастуха.
А бачачы сціжмы людзей, Ён злітаваўся над імі, што былі яны зняможаныя і рассыпаныя, нібы авечкі, у якіх няма пастуха.
Тады кажа вучням Сваім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала.
Тады Ён кажа Сваім вучням: жніво вялікае, ды работнікаў мала.
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё».
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб Ён выслаў работнікаў на жніво Сваё.