Мацьвея 22 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы:
 
I ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім прыпавесцямі, кажучы:

«Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго.
 
Нябеснае Царства падобнае да аднаго цара, што рабіў вяселле свайму сыну;

І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці.
 
I паслаў сваіх рабоў паклікаць тых, што былі запрошаныя; ды яны не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”.
 
Зноў паслаў другіх рабоў, наказваючы: скажыце запрошаным: «вось падрыхтаваў я абед мой, бьпсі мае і адкормленая жывёліна заколата, і ўсё гатовае. Хадзіце на вяселле!»

А яны, ня дбаючы пра тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.
 
Яны ж, занядбаўшы, паразыходзіліся, хто — на сваё поле, хто — да гандлю свайго.

А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі.
 
А астатнія, схапіўшы яго рабоў, зневажалі і забілі іх.

Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў.
 
I, пачуўшы, разгневаўся цар і, паслаўшы сваё войска, вынішчыў тых забойцаў, а горад іх спаліў.

Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя.
 
Тады ён кажа сваім слугам: вяселле гатовае, ды запрошаныя не вартымі былі.

Дык пайдзіце на ростані дарог і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”.
 
Пайдзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго ні знойдзеце, клічце на вяселле.

І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей.
 
I тыя рабы, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўніўся шлюбны пакой застольнікамі.

Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне,
 
Цар жа, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне;

і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў.
 
I кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? Той жа маўчаў.

Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму ногі і рукі, кіньце ў знадворную цемру, там будзе плач і скрыгат зубоў.

Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”».
 
Бо шмат запрошаных, ды мала выбраных.

Тады, пайшоўшы, фарысэі зрабілі нараду, як злавіць Яго ў словах.
 
Тады фарысеі, пайшоўшы, дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.

І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты праўдзівы і пра шлях Божы паводле праўды навучаеш, і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на аблічча людзей.
 
I пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі, Тыя і кажуць: Настаўнік! мы ведаем, што ты справядлівы і наетаўляеш праўдзіва на Божую дарогу і не запабягаеш ні перад кім; бо не глядзіш аблічча людзей.

Дык скажы нам, як Ты думаеш, ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не?»
 
Скажы ж нам: як здаецца Табе? ці можна даваць падатак кесару, ці не?

А Ісус, разумеючы зласьлівасьць іхнюю, сказаў: «Чаму спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
 
Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: чаго вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?

Пакажыце Мне манэту для даніны». Яны ж прынесьлі Яму дынар.
 
Пакажыце Мне падатковую манету. I яны прынеслі Яму дынарый.

І кажа ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?»
 
I кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

Кажуць Яму: «Цэзара». Тады кажа ім: «Дык аддавайце тое, што цэзара, цэзару, а тое, што Божае, — Богу».
 
Кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: значыцца, аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу.

І, пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
 
I, пачуўшы, яны здзівіліся; і, пакінуўшы Яго, адышлі.

У той дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго:
 
У той жа дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,

«Настаўнік, Майсей сказаў: “Калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, брат ягоны няхай возьме жонку ягоную і адновіць насеньне брату свайму”.
 
Кажучы: Настаўнік, Майсей сказаў: «калі хто памрэ, не меўшы дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку яго і адновіць насенне брату свайму».

Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы насеньня, пакінуў жонку сваю брату свайму.
 
Было ж у нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, не меўшы насення, пакінуў сваю жонку брату свайму.

Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
 
Падобна і другі, і трэці, аж да сёмага;

Пасьля ўсіх памерла і жонка.
 
А пасля ўсіх памерла і жонка.

Дык пры ўваскрасеньні якога з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе мелі яе».
 
Дык пры ўваскрэсенні — каторага з сямі будзе яна жонка? Бо ўсе мелі яе.

Адказваючы, Ісус сказаў ім: «Вы памыляецеся, ня ведаючы ані Пісаньня, ані моцы Божае.
 
Ісус жа сказаў ім у адказ: вы памыляецеся, не ведаючы ані Пісьма, ні Божай сілы.

Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца і замуж не выходзяць, але будуць як анёлы Божыя ў небе.
 
Бо пры ўваскрэсенні ані жэняцца, ані замуж выходзяць, а як Божыя Анёлы будуць у небе.

А наконт уваскрасеньня мёртвых, ці не чыталі вы сказанага вам Богам, Які кажа:
 
А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, які кажа:

“Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба!” Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых».
 
«Я Бог Абраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Якава»? Бог — не Бог мёртвых, а жывых.

І, пачуўшы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага.
 
I, пачуўшы, народ дзівіўся Яго навуцы.

А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся супраць Яго.
 
А фарысеі, пачуўшы, што Ен змусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся вакол Яго.

І спытаўся адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:
 
I спытаўся адзін з іх, настаўнік Закона, выпрабоўваючы Яго і кажучы:

«Настаўнік, якое найбольшае прыказаньне ў Законе?»
 
Настаўнік, якая запаведзь найвялікшая ў Законе?

А Ісус сказаў яму: «“Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім”.
 
Ісус жа кажа яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душой тваёю, і ўсім разуменнем тваім».

Гэта ёсьць першае і найбольшае прыказаньне.
 
Гэта найвялікшая і найпершая запаведзь.

Другое ж падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.
 
Другая ж падобная да яе: «палюбі бліжняга твайго, як самога сябе».

На гэтых двух прыказаньнях трымаецца ўвесь Закон і Прарокі».
 
На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца Закон і прарокі.

А ў фарысэяў, якія сабраліся, Ісус спытаўся,
 
Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх,

кажучы: «Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць Яму: «Давіда».
 
Кажучы: што вы думаеце пра Хрыста? чый Ен сын? Кажуць Яму: Давідаў.

Кажа ім: «Як жа Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
 
Ен кажа ім: як жа Давід у натхненні называе Яго Госпадам, кажучы:

“Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.
 
«Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч ад Мяне, дакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў падножжам ног Тваіх?»

Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?»
 
Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ен сын яму?

І ніхто ня змог адказаць Яму ані слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
 
I ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважваўся болыш пытацца ў Яго.