Мацьвея 10 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач.
I, паклікаўшы Сваіх дванаццаць вучняў, Ён даў ім моц над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.
А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Заўдыяў і Ян, брат ягоны,
А імёны дванаццаці апосталаў вось якія: першы Сіман, званы Пятром, і Андрэй, яго брат; Якаў Завядзееў і Іаан, яго брат;
Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам,
Філіп і Варфаламей; Фама і Мацвей, мытнік; Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем;
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: «На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце,
Гэтых дванаццаць Ісус паслаў і загадаў ім, кажучы: на дарогу язычнікаў не хадзіце і ў Самаранскі горад не ўваходзьце;
а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі.
Але ідзіце лепш да загінулых авечак Ізраілевага дому.
Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае.
Ідзіце і абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябеснае.
Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
Хворых вылечвайце, пракажоных ачышчайце, памерлых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя,
Не бярыце золата, ані серабра, ані медзі ў свае паясы,
ані торбы ў дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй.
Ані торбы ў дарогу, ані двух адзенняў, ані абутку, ані кія. Бо варты работнік сваёй спожыці.
А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
А ў які б горад ці вёску ні ўвайшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім паважаны; і там аставайцеся, аж пакуль не выйдзеце.
А, уваходзячы ў дом, вітайце яго.
А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «спакой гэтаму дому»;
І, калі дом будзе сапраўды варты [гэтага], супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.
I калі дом заслугоўвае, няхай сыдзе ваш спакой на яго; калі ж не заслугоўвае, няхай ваш спакой да вас вернецца.
І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
А калі хто не прыме вас, не паслухае вашых слоў, выходзячы з дому ці з горада таго, абтрасіце пыл з вашых ног.
Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму.
Папраўдзе кажу вам: лягчэй будзе Садомскай і Гаморскай зямлі ў судны дзень, чым таму гораду.
Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы.
Вось Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; будзьце ж мудрыя, як змеі, і нявінныя, як галубкі.
Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас.
Сцеражыцеся ж людзей: бо будуць вас перадаваць у суды і ў сваіх сінагогах будуць бічаваць вас;
І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам.
I да намеснікаў і да цароў павядуць вас за Мяне, на сведчанне ім і язычнікам.
Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць.
Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як ці што казаць: бо вам будзе дадзена ў тую гадзіну, што казаць;
Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
Бо не вы будзеце казаць, а Дух Бацькі вашага будзе казаць у вас.
Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх;
А выдасць брат брата на смерць і бацька сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх.
і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
I будуць вас усе ненавідзець зза Майго імя; а хто выцерпіць да канца, будзе збавёны.
Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
А калі вас будуць гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі; бо папраўдзе кажу вам: не абыдзеце яшчэ Ізраілевых гарадоў, як прыйдзе Сын Чалавечы.
Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
Не вышэйшы вучань за настаўніка свайго, ані слуга за гаспадара свайго.
Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго.
Даволі для вучня, каб ён быў як яго настаўнік, і для слугі, каб ён быў як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі вельзевулам, наколькі болыш назавуць дамашніх яго?
Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым.
Дык не бойцеся іх: бо няма нічога закрытага, што не адкрылася б; і таемнага, што не стала б вядомым.
Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.
Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; а што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.
І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне.
I не бойцеся тых, што цела забіваюць, а душы не могуць забіць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і цела, і душу загубіць у геене.
Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.
Хіба не двух вераб’ёў прадаюць за асарый? Ды ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Бацькі вашага.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
У вас жа і валасы ўсе на галаве палічаны.
Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
Дык не бойцеся: бо вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, прызнаю і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах;
А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе.
Хто ж адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, адракуся ад таго і Я перад Маім Бацькам, што ў нябёсах.
Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч.
Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; Я не мір прыйшоў прынесці, але меч.
Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе.
Бо я прыйшоў развесці чалавека ад яго бацькі, і дачку ад яе маці, і нявестку ад яе свекрыві;
І ворагі чалавеку хатнія яго.
I ворагі чалавеку, — дамашнія яго.
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.
Хто болыш за Мяне любіць бацьку ці маці, не годны Мяне; і хто любіць сына ці дачку болыш за Мяне, не годны Мяне;
І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне.
I хто не бярэ свайго крыжа і не ідзе за Мною, не годны Мяне.
Хто знойдзе душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, знойдзе яе.
Хто зберажэ сваё жыццё, страціць яго; а хто страціць сваё жыццё за Мяне, зберажэ яго.
Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, атрымае нагароду праведніка.
Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока; хто прымае справядлівага ў імя справядлівага. атрымае ўзнагароду справядлівага;
І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй».
А хто б ні напаіў аднаго з гэтых малых толькі кубкам сцюдзёнай вады ў імя вучня, папраўдзе кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.