Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.
І было: калі Ён прыйшоў у суботу ў дом аднаго з фарысейскіх начальнкаў з’есці хлеба, дык яны сачылі за Ім.
І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.
І вось перад Ім быў адзін чалавек, хворы на вадзянку.
І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
І, азваўшыся, Ісус сказаў законнікам і фарысеям, мовячы: «Ці выпадае вылечваць у суботу ці не?»
Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.
Яны ж змаўчалі. І, дакрануўшыся, Ён вылечыў яго і адпусціў.
І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»
А ім Ён сказаў: «Хіба хто з вас, у каго асёл або вол уваліцца ў студню, не зараз жа выцягне яго ў суботні дзень?»
І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.
І яны не маглі адказаць на гэта.
І ўгледзеўшы, як тыя, што былі запрошаныя, выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць, кажучы ім:
І казаў Ён запрошаным упадабненне (заўважаючы, як яны выбіралі сабе першыя месцы), кажучы да іх:
«Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.
«Калі хто пакліча цябе на вяселле, не ўзлягай на першае месца; каб часам хто важнейшы за цябе не быў запрошаны ім
І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.
і не прыйшоў бы той, хто паклікаў цябе і яго, і не сказаў табе: «Дай гэтаму месца», і тады ты з сорамам пачаў бы займаць апошняе месца.
Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.
Але калі паклічуць, пайдзі і ўзляж на апошняе месца, каб той, хто паклікаў цябе, прыйшоўшы, сказаў табе: «Дружа, узыдзі вышэй»: тады будзе гонар табе перад уісмі, хто з табою ўзлягае.
Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.
Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў: «Калі ты спраўляеш абед ці вячэру, не кліч сваіх сяброў, ані свайх братоў, ані свайх сваякоў, ані багатых суседзяў, каб і яны часам не паклікалі ў адказ цябе і не была табе аддзяка.
Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
Але калі спраўляеш гасціну, кліч убогіх, калекіх, кульгавых, сляпых;
І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць аднагародзіць табе, бо будзе аднагароджана табе ва ўваскрасеньне праведных».
і будзеш шчаслівы, бо яны не маюць чым аддзячыць табе, бо аддзячыцца табе ў васкрашэнні справядлівых».
Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».
Пачуўшы ж гэта адзін з тых, што ўзлягалі, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб у Божым Царстве».
Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,
Ён жа сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх
і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.
І паслаў свайго раба ў час вячэры сказаць запрошаным: Ідзіце, бо ўжо гатова».
І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.
І пачалі ўсе да аднаго прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: «Я купіў поля і павінен пайсці паглядзець яго; прашу цябе, выбач мне».
І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.
І другі сказаў: «Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабоўваць іх; прашу цябе, выбач мне».
І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.
І яшчэ іншы сказаў: «Ажаніўся вось і таму не магу прыйсці».
І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.
І, прыйшоўшы, раб расказаў пра гэта свайму пану. Тады, разгневаўшыся, сказаў гаспадар дома свайму рабу: «Выйдзі хутка на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калекіх, і сляпых, і кульгавых».
І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.
І сказаў раб: «Пане, зроблена, як загадаў, і яшчэ ёсць месца».
І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,
І сказаў пан рабу: «Выйдзі на дарогі і на загароды, і ўгавары ўвайсці, каб напоўніўся мой дом;
бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».
бо кажу я вам, бо ніводзін з тых запрошаных мужоў не пакаштуе маёй вячэры. [Бо шмат пакліканых, ды выбраных мала]».
І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
Ішлі ж з Ім вялікія натоўпы, і, абярнуўшыся, Ён сказаў ім:
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім.
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць свайго бацьку і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а яшчэ і жыцця свайго, не можа быць Маім вучнем.
І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
Хто не нясе свайго крыжа, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе,
Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, не сядзе спярша і вылічыць выдаткі: ці мае на завяршэнне?
каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,
Каб калі ён пакладзе падмурак, але не здолее дакончыць, усе, што пабачаць, не пачалі смяяцца з яго,
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”
кажучы: «Гэты чалавек пачаў будаваць, а не здолеў дакончыць».
Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.
Або які цар, ідучы на вайну супроць другога цара, не сядзе і не параіцца спярша, ці зможа ён з дзесяццю тысячамі заступіць таму, хто з дваццаццю тысячамі ідзе на яго?
Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Калі ж не, то пакуль той яшчэ далёка, ён, паслаўшы пасольства, просіць аб умовах міру.
Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.
Гэтак і кожны з вас, калі не зрачэцца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?
Дык вось: добрая соль; але калі і соль страціць моц, чым яе прыправщь?
Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы каб слухаць, няхай слухае».
Ані ў зямлю, ані ў гной яна непрыдатная, вон яе выкінуць. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!»