Лукаша 19 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.
 
І, увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон.

І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.
 
І вось чалавек, якога звалі імем Закхей, а быў ён галоўны мытнік і быў багаты;

І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.
 
і стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, і не мог з-за натоўпу, таму што быў ростам малы.

І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.
 
І, забегшы наперад, узлез на сікамору, каб убачыць Яго, бо там Ён меўся праходзіць.

І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».
 
І як толькі прыйшоў на гэтае месца, Ісус паглядзеў угару і сказаў яму: «Закхею, хутчэй злазь, бо сёння мне трэба астацца ў тваім доме».

І той пасьпешліва зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.
 
І той спешна злез і прыняў Яго з радасцю.

І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.
 
І, убачыўшы, ўсе пачалі наракаць, кажучы: «Ён увайшоў да грэшніка шукаць прыстанішча».

А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра».
 
А Закхей, устаўшы, сказаў Госпаду: «Вось, палавіну таго, што маю, Госпадзе, дам убогім, і калі ў каго, што няпраўдаю вымаг, аддам у чатыры разы больш».

Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.
 
Ісусе жа сказаў яму: «Сёння прыйшло збавенне гэтаму дому, бо і ён сын Аўраамаў;

Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».
 
бо Чалавечы Сын прыйшоў шукаць і уратаваць загінулае».

А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.
 
Калі ж яны слухалі гэта, сказаў Ён яшчэ прыпадабненне, бо Ён быў блізка ад Ерусаліма, і ім здавалася, што цяпер павінна з’явіцца Божае Царства.

Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.
 
Дык Ён сказаў: «Адзін чалавек знатнага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб прыняць сабе царства і вярнуцца.

Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.
 
І, паклікаўшы дзесяць сваіх слуг, ён даў ім дзесяць мін і сказаў ім: «Пускайце ў абаротак, пакуль я не прыйду».

А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.
 
Але яго грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі ўслед за ім пасольства, кажучы: «Мы не хочам, каб гэты цараваў над намі».

І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.
 
І было: калі ён вярнуўся, прыняўшы царства, сказаў паклікаць да яго тых слуг, якім даў серабра, каб даведацца, хто што прыдбаў.

І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.
 
І прыйшоў першы, кажучы: «Гаспадару, твая міна прыспорыла дзесяць мін».

І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.
 
І ён сказаў яму: «Выдатна, добры слуга; за тое, што ў самым малым ты быў верны, май уладу над дзесяццю гарадамі».

І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.
 
І прыйшоў другі, кажучы: «Твая міна, гаспадару, зрабіла пяць мін».

Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.
 
Сказаў жа і гэтаму: «І ты будзь над пяццю гарадамі».

І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,
 
І астатні прыйшоў, кажучы: «Гаспадару, вось твая міна, якую я хаваў у хустцы;

бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.
 
таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек суровы: бярэш, чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў».

Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.
 
Той кажа яму: «Тваімі вуснамі суджу цябе, нягодны слуга. Ты ведаў, што я чалавек суровы: бяру, што не клаў, і жну, чаго не сеяў?

Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [купцам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”
 
Чаму ж не даў ты майго серабра ў банк? І я, прыйшоўшы, спагнаў бы іх з ростам».

І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.
 
І тым, што тут стаялі, сказаў: «Вазьміце ад яго міну і дайце таму, хто дзесяць мін мае».

І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”
 
І сказалі яму: «Гаспадару, ён мае дзесяць мін».

“Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.
 
«Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, адымецца.

А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».
 
А ворагаў маіх, гэтых, што не хацелі, каб я цараваў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною».

І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.
 
І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.

І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
 
І было: калі Ён наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, што завецца Аліўнаю, паслаў Ён двух вучняў,

сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
 
кажучы: «Ідзіце ў сяло насупроць, пры уваходзе ў яго знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніколі ніхто з людзей не садзіўся, і, адвязаўшы яго, прывядзіце.

І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».
 
І, калі хто спытаецца ў вас: «Навошта адвязваеце?», скажыце так: «Госпад яго патрабуе».

Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.
 
Пасланыя ж пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.

Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»
 
А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары сказалі ім: «Што вы адвязваеце асляня?»

Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».
 
Яны ж сказалі «Госпад яго патрабуе».

І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
 
І прывялі яго да Ісуса; і, накінуўшы сваё адзенне на асляня, пасадзілі Ісуса.

І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.
 
І, калі Ён ехаў, яны падсцілалі сваё адзенне па дарозе.

Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хваліла Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,
 
А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з Аліўнай гары, усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хвапіць Бога за ўсе цуды, што яны бачылі,

кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»
 
кажучы: «Дабраславёны Цар, што ідзе ў імя Гасподняе! На небе спакой і слава ў вышынях!»

І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»
 
І некаторыя з фарысеяу з натоўпу сказалі Яму: «Настаўніку, забарані Свайм вучням!»

І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».
 
І Ён у адказ сказаў: «Кажу вам, калі яны замоўкнуць, камяні будуць крычаць».

І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
 
І, калі Ён наблізіўся, то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,

кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
 
кажучы: «О, калі б Г ты хоць у гэты дзень пазнаў, што служыць для міру твайго, ды цяпер гэта схавана ад тваіх вачэй.

Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
 
Бо прыйдуць на цябе дні, і твае ворагі аточаць цябе валам, і абложаць цябе, і сціснуць цябе адусюль,

і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».
 
і зраўняюць цябе з зямлёю і паб’юць тваіх дзяцей у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу тваіх адведзін».

І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,
 
І, увайшоўшы ў святыню, пачаў выганяць прадаўцоў,

кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
 
кажучы ім: «Напісана: «І будзе Мой дом домам малітвы», вы ж яго зрабілі пячорай разбойнікаў».

І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,
 
І Ён кожны дзень навучаў у святыні. А першасвятары, і кніжнікі, і начальнікі народу шукалі Яго загубіць,

і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.
 
ды не знаходзілі што зрабіць бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.