Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца,
 

кажучы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
 

У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”.
 

І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
 

але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”».
 

І сказаў Госпад: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
 

А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і будзе доўгацярплівым, [ня слухаючы] іх?
 

Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
 

Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя адносна сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі іншымі, гэткую прыповесьць:
 

«Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.
 

Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік.
 

Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
 

А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”.
 

Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
 

Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх.
 

А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае.
 

Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго».
 

І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
 

А Ісус сказаў яму: «Чаму гаворыш Мне “добры”? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога.
 

Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”».
 

Ён жа сказаў: «Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго».
 

Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною».
 

Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты.
 

Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: «Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае.
 

Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз іголчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
 

А тыя, што чулі, сказалі: «І хто ж можа быць збаўленым?»
 

Ён жа сказаў: «Немагчымае для людзей магчыма для Бога».
 

А Пётар сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
 

Ён жа сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
 

не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым — жыцьцё вечнае».
 

Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага,
 

бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго],
 

і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
 

І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася.
 

І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы.
 

Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: «Што гэта такое?»
 

Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе.
 

І закрычаў ён, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 

І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 

Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго,
 

кажучы: «Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?» Той сказаў: «Госпадзе, каб мне глядзець».
 

І сказаў яму Ісус: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе».
 

І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.