Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Таксама расказваў ім прыпавесць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,
кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і не саромеўся людзей.
Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад майго супраціўніка”.
А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго сказаў сам у сабе: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную,
аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”».
Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;
а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?
Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, прыйшоўшы, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?»
Некаторым, якія былі ўпэўнены ў сабе, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:
«Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін — фарысей, а другі — мытнік.
Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага”.
Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў больш апраўданым, чым той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны».
Прыносілі да Яго таксама дзетак, каб дакрануўся да іх; бачачы гэта, вучні забаранялі ім.
Але Ісус, паклікаўшы іх да Сябе, сказаў: «Дазваляйце дзецям прыходзіць да Мяне і не ўзбараняйце ім; бо такіх ёсць Валадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: «Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
А Ісус яму сказаў: «Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто не добры, адзін толькі Бог.
Ведаеш прыказанні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю?»
А ён гаворыць: «Я гэта ўсё выконваў ад маленства майго».
Пачуўшы гэта, Ісус гаворыць яму: «Яшчэ аднаго табе не хапае: прадай усё тое, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, ідзі за Мной».
Той жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў вельмі багаты.
Ісус, бачачы, што ён зрабіўся сумным, сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае!
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
Дык сказалі тыя, што слухалі: «Хто ж можа быць тады збаўлены?»
Ён жа сказаў: «Што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога».
Гаворыць Пётра: «Вось жа, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
Ён сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або братоў, або бацькоў, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў веку будучым — жыццё вечнае».
І ўзяў Ён з Сабой дванаццаць, і гаворыць ім: «Вось, ідзём у Ерузалім, і здзейсніцца ўсё, што напісана прарокамі пра Сына Чалавечага:
бо будзе выдадзены паганам і высмеяны, і зняважаны ды апляваны,
і, пасля таго, як убічуюць, заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне».
Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і гэтае слова было схавана ад іх, і не разумелі, што гаварылася.
І сталася, калі Ён падыходзіў да Ерыхона, нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
І, калі ён пачуў, што міма праходзіць натоўп, спытаўся, што гэта такое.
І сказалі яму: «Ісус Назарэй праходзіць».
Дык пачаў крычаць, кажучы: «Ісус, Сын Давідаў, злітуйся нада мной!»
А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў; але ён тым мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мной!»
Спыніўшыся, Ісус загадаў прывесці яго да Сябе. І, калі ён падышоў, спытаўся ў яго кажучы:
«Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» А ён сказаў: «Госпадзе, каб я бачыў».
Сказаў яму Ісус: «Праглянь! Вера твая збавіла цябе».
І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Ісусам, славячы Бога. І ўвесь народ, як убачыў гэта, аддаў хвалу Богу.