Лукаша 18 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца,
І сказаў таксама прыпавесьць ім праз тое, што надабе заўсёды маліцца і ня кволець,
кажучы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
Кажучы: «У вадным месьце быў якісь судзьдзя, што не баяўся Бога і не шманаў людзёў.
У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”.
І была ўдава ў тым месьце, і яна прышла да яго, кажучы: "Абарані мяне ад праціўніка майго".
І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
І ён доўга не хацеў, але потым сказаў сам сабе: "Хоць я, праўда, Бога не баюся і людзіны не шманаю,
але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”».
Адылі, каб гэтая ўдава не дакучала імне, абараню яе, каб яна наапошку не стаміла мяне, кажначасна прыходзячы"».
І сказаў Госпад: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
І Спадар сказаў: «Слухайце, што несправядлівы судзьдзя кажа.
А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і будзе доўгацярплівым, [ня слухаючы] іх?
Ці Бог не абароне абраных Сваіх, што галосяць да Яго дзень і ноч, дарма што адвалакае ім?
Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
Кажу вам, што абароне ўборзьдзе. Як, адылі, Сын Людзкі прыйдзе, ці запраўды знойдзе веру на зямлі?»
Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя адносна сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі іншымі, гэткую прыповесьць:
І сказаў таксама да некаторых, самапэўных, што яны справядлівыя, а іншых улегцы мелі, гэткую прыпавесьць:
«Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.
«Двух увыйшло ў сьвятыню маліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік.
Фарыеэй, стоячы, гэтак маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як засталыя людзі, грабежнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
Постую двойчы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю".
А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”.
А мытнік, стоячы воддаль, ня ўзьняў на’т аччу сваіх да неба, але біўся ў грудзі, кажучы: «Божа, будзь міласэрны да мяне грэшнага!»
Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
Кажу вам: гэты пайшоў да дому свайго аправены балей за гэнага; бо кажны, што павышае сябе, паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, павышаны будзе».
Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх.
І прыносілі да Яго таксама дзеткі, каб Ён даткнуўся да іх, але вучанікі, бачачы, ганілі іх.
А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае.
Ісус жа, гукнуўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо таковых ё гаспадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго».
Запраўды кажу вам: хто ня прыйме гаспадарства Божага, як дзецянё, ня ўвыйдзе ў яго».
І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
І якісь старац папытаўся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю добры, што зрабіць, каб спала імне жыцьцё вечнае?»
А Ісус сказаў яму: «Чаму гаворыш Мне “добры”? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога.
Ісус сказаў яму: «Чаму завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”».
Знаеш расказаньні: "Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, сьці айца свайго й маці сваю".»
Ён жа сказаў: «Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго».
Ён жа сказаў: «Усе гэта дзяржаў я з маладосьці свае».
Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною».
Пачуўшы гэта, Ісус сказаў яму: «Аднаго не стаець яшчэ табе: прадай усе, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; і, прышоўшы, ідзі за Імною».
Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты.
Ён жа, пачуўшы гэта, засмуціўся, бо быў надта багаты.
Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: «Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае.
І Ісус, бачачы, што ён засмуціўся, сказаў: «Як цяжка маючым багацьце ўвыйсьці ў гаспадарства Божае,
Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз іголчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
Бо лацьвей вярблюду прайсьці пераз вушка голкі, чымся багатаму увыйсьці ў гаспадарства Божае».
А тыя, што чулі, сказалі: «І хто ж можа быць збаўленым?»
Тыя, што чулі, сказалі: «Хто ж можа спасьціся?»
Ён жа сказаў: «Немагчымае для людзей магчыма для Бога».
Але Ёя сказаў: «Немагчымае людзём, магчыма Богу».
А Пётар сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
А Пётра сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсе і пайшлі за Табою».
Ён жа сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
Ён жа сказаў ім: «Запраўды кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо жонку, альбо дзеці дзеля гаспадарства Божага,
не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым — жыцьцё вечнае».
І не адзяржаў бы шмат балей у гэтым часе, і ў прыйдучым веку жыцьця вечнага».
Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага,
І, узяўшы двананцацёх, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім да Ерузаліму, і зьдзеецца ўсе, напісанае прарокамі праз Сына Людзкога.
бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго],
Бо Ён будзе выданы народам, і асьміяны, і зьняважаны, і апліваны.
і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
І, біўшы пугамі, яны заб’юць Яго; і на трэйці дзень ускрэсьне».
І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася.
Але яны нічога з гэтага не разумелі; слова гэтае было схавана ад іх, і яны не разумелі сказанага.
І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы.
І сталася, як Ён падыходзіў да Ерыхону, што адзін нявісны сядзеў ля дарогі, просячы.
Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: «Што гэта такое?»
І, пачуўшы мінаючую гурбу, папытаўся, што гэта было б.
Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе.
І паведамілі яму, што Ісус Назарэцянін тудэй праходзе.
І закрычаў ён, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
І ён гукнуў, кажучы: «Сыну Давідаў, зьмілуйся над імною!»
І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
Ідучыя ж сьпераду ганілі яго, вымагаючы, каб ён змоўк; але ён шмат балей гукаў. «Сыну Давідаў, зьмілуйся над імною!».
Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго,
І Ісус, адзяржаўшыся, расказаў прывесьці яго да сябе; і, як тый дабліжыўся, папытаўся ў яго:
кажучы: «Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?» Той сказаў: «Госпадзе, каб мне глядзець».
«Чаго ты хочаш, каб Я ўчыніў табе?» Ён жа сказаў: «Спадару, каб я празерыў».
І сказаў яму Ісус: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе».
І Ісус сказаў яму: «Празер; вера твая ўздаравіла цябе».
І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.
І якга ён празерыў і пайшоў за Ім, славячы Бога; і ўвесь люд, бачачы гэта, даў хвалу Богу.