Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Сказаў таксама ім прыповесьць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не журыцца,
 
Сказаў ім прыповесьць аб тым, што трэба заўсёды маліцца і не апускаць рук,

кажучы: «У адным горадзе быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
 
кажучы, што ў адным месьце быў судзьдзя, які не баяўся Бога і не стыдаўся людзей.

У тым жа горадзе была ўдава, і яна прыходзіла да яго, кажучы: “Абарані мяне ад супраціўніка майго”.
 
У тым-жа месьце была адна ўдава і яна, прыходзячы да яго, казала: "Абарані мяне ад майго супраціўніка".

І ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: “Хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
 
Але ён доўгі час не хацеў. А пасьля сказаў сам сабе: "Хоць я і Бога не баюся і людзей ня стыдаюся,

але, як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна, прыходзячы бясконца, ня вымучыла мяне”».
 
але як гэтая ўдава дакучае мне, абараню яе, каб яна ня прыходзіла болей дакучаць мне".

І сказаў Госпад: «Чуеце, што кажа судзьдзя няправедны?
 
І сказаў Госпад: "Чуеце, што кажа няправедны судзьдзя?

А Бог ці ж не абароніць выбраных Сваіх, якія клічуць да Яго дзень і ноч, і будзе доўгацярплівым, [ня слухаючы] іх?
 
Ці-ж Бог не абароніць Сваіх выбраных, што клічуць да Яго дзень і ноч, і доўга цярпець будзе іх?

Кажу вам, што хутка абароніць іх. Але Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
 
Кажу-ж вам, што хутка ўчыніць ім справядлівасьць. Але Сын Чалавечы прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?"

Сказаў жа і да тых, якія былі пэўныя адносна сябе, што яны праведнікі, і пагарджалі іншымі, гэткую прыповесьць:
 
Сказаў да некаторых, якія былі пэўныя сябе, што яны праведныя і пагарджалі іншымі, гэткую прыповесьць:

«Два чалавекі ўвайшлі ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.
 
"Два чалавекі ўвайшлі ў сьватыню памаліцца; адзін фарысэй, а другі мытнік.

Фарысэй, стаўшы, гэтак маліўся за сябе: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, няправеднікі, чужаложнікі, або як гэты мытнік.
 
Фарысэй-жа стаў і так маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, шкурадзёры, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытнік.

Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”.
 
Пашчу два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю".

А мытнік, стаўшы здалёк, не хацеў нават падняць вачэй у неба, але біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа! Будзь міласьцівы да мяне, грэшніка”.
 
А мытнік, стаўшы здалёк, нават не сьмеў вачэй узьняць да неба, але б’ючы сябе ў грудзі, гаварыў: "Божа, зьлітуйся нада мною грэшным".

Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданым у дом свой, а ня той: бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
 
Кажу-ж вам, што гэты пайшоў дамоў апраўданы больш чымся той; бо ўсякі, хто сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, узвысіцца.

Прыносілі да яго і немаўлят, каб Ён дакрануўся да іх. Убачыўшы гэтае, вучні сварыліся на іх.
 
адсутнічае

А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Валадарства Божае.
 
адсутнічае

Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Валадарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго».
 
адсутнічае

І спытаўся ў Яго нехта з начальнікаў, кажучы: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
 
Таго часу нейкі чалавек прыступіў да Ісуса, спакушаючы Яго, і сказаў: Настаўніку добры! што мне рабіць, каб атрымаць вечнае жыцьцё?

А Ісус сказаў яму: «Чаму гаворыш Мне “добры”? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога.
 
Ісус сказаў яму: чаму называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “не забівай”, “не крадзі”, “ня сьведчы фальшыва”, “шануй бацьку твайго і маці тваю”».
 
Ведаеш прыказаньні: не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьведчы крыва, паважай бацьку твайго і матку тваю.

Ён жа сказаў: «Усё гэта я захоўваў ад юнацтва майго».
 
Ён-жа сказаў: усё гэта я захоўваю ад маладосьці.

Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго не хапае табе: усё, што маеш, прадай, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мною».
 
Пачуўшы гэтае Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не стае табе: прадай усё, што маеш, раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе; ды йдзі сьледам за Мною.

Ён жа, пачуўшы гэта, стаўся смутным, бо быў надта багаты.
 
Ён-жа пачуўшы гэтае, засумаваў, бо быў вельмі багаты.

Убачыўшы, што ён стаўся смутным, Ісус сказаў: «Як цяжка таму, хто мае багацьце, увайсьці ў Валадарства Божае.
 
Ісус, пабачыўшы, што ён засумаваў, сказаў: як трудна багатаму ўвайсьці ў Божае Валадарства.

Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз іголчына вушка, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
 
Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз голчына вушка, чымся багатаму ўвайсьці ў Божае Валадарства.

А тыя, што чулі, сказалі: «І хто ж можа быць збаўленым?»
 
Чуўшыя гэтае сказалі: дык хто можа спасьціся?

Ён жа сказаў: «Немагчымае для людзей магчыма для Бога».
 
Ісус адказаў: немагчымае ў людзей, ёсьць магчымым у Бога.

А Пётар сказаў: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
 
адсутнічае

Ён жа сказаў ім: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Валадарства Божага,
 
адсутнічае

не атрымаў бы шмат больш у гэты час, а ў веку будучым — жыцьцё вечнае».
 
адсутнічае

Узяўшы ж Дванаццаць, сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і зьдзейсьніцца ўсё, напісанае праз прарокаў пра Сына Чалавечага,
 
адсутнічае

бо Ён будзе выдадзены паганам, і будуць зьдзеквацца, і зьневажаць, і пляваць [на Яго],
 
адсутнічае

і, бічаваўшы, заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
 
адсутнічае

І яны нічога з гэтага не зразумелі; і словы гэтыя былі схаванымі для іх, і яны не разумелі таго, што гаварылася.
 
адсутнічае

І сталася, як набліжаўся Ён да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў ля дарогі, жабруючы.
 
Таго часу, як Ісус падыходзіў да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў каля дарогі, жабруючы.

Пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён спытаўся: «Што гэта такое?»
 
І пачуўшы, што міма яго праходзіць народ, спытаўся: што гэта такое?

Яму паведамілі, што Ісус з Назарэту ідзе.
 
Яму сказалі, што йдзе Ісус Назаранін.

І закрычаў ён, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 
Тады ён закрычаў: Ісусе, сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!

І тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў, а ён яшчэ мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
 
І пярэднія закрычалі на яго, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!

Ісус, спыніўшыся, загадаў прывесьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў, спытаўся ў яго,
 
Ісус затрымаўшыся сказаў прывясьці яго да Сябе. І калі той падыйшоў да Яго, спытаўся ў яго:

кажучы: «Што ты хочаш, каб Я ўчыніў?» Той сказаў: «Госпадзе, каб мне глядзець».
 
чаго ты хочаш, каб Я табе зрабіў? Ён-жа сказаў: Госпадзе, каб мне бачыць.

І сказаў яму Ісус: «Глядзі! Вера твая збавіла цябе».
 
Ісус сказаў яму: Бач-жа, вера твая збавіла цябе.

І ён адразу стаў бачыць, і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэтае, аддаў хвалу Богу.
 
І ён адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, бачучы гэтае, аддаў хвалу Богу.