Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца — немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго,
Яшчэ скажу: спадкае́мец у той час, пакуль ён дзіця, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго:
але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага бацькам часу.
ён пад апекунамі і домаўпра́ўнікамі да часу, прызна́чанага ба́цькам.
Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету.
Гэтак і мы, калі былí дзе́цьмі, то былí ў рабстве ў стыхій свету;
А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам,
а калі прыйшла паўната́ часу, Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,
каб адкупіць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.
каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўле́нне.
А як вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: «Абба, Ойча!»
А паколькі вы — сыны, то паслаў Бог у сэрцы вашы Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: Авва, Ойча!
Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста.
Таму ты ўжо не раб, а сын; калі ж сын, то і спадкае́мец Божы праз Іісуса Хрыста.
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі.
Але тады, не ведаючы Бога, вы былі рабамі тых, што па прыродзе не багі;
Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служыць нанова?
цяпер жа, спазна́ўшы Бога, а лепш сказаць, спазна́ныя Богам, навошта вы вярта́ецеся зноў да сла́бых і нікчэмных стыхій, у якіх хочаце зноў, як раней, стаць рабамí
Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі.
Вы зважа́еце на дні, месяцы, поры і гады.
Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.
Баюся за вас, ці не ма́рна я працаваў для вас.
Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне.
Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:
А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней,
вы ведаеце, што я ў немачы плоці дабраве́сціў вам першы раз,
і вы не пагардзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
але вы да спакушэння майго ў плоці маёй не аднесліся з пага́рдай і не пагрэбавалі, а прынялí мяне як Ангела Божага, як Хрыста Іісуса.
Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне.
Якімі ж вы былі блажэннымі! Сведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вочы свае вырвалі і аддалí мне.
Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
Дык што, няўжо я стаў ворагам вашым, гаворачы вам праўду́
Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх.
Ру́пяцца пра вас не на дабро, а хочуць вас адасо́біць, каб вы ру́піліся пра іх.
А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас,
Добра б ру́піцца пра добрае заўсёды, а не толькі тады, калі я прысу́тны сярод вас.
дзеткі мае, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль не ўкшталтуецца ў вас Хрыстос.
Дзеткі мае́, якіх я зноў у пакутах нараджа́ю, пакуль вобраз Хрыста не вы́явіцца ў вас!
Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі.
Хацеў бы я цяпер быць у вас і па-іншаму ве́сці размову, бо я ў недаўме́нні адносна вас.
Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону?
Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад законам: хіба вы не слухаеце закона́
Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай.
Бо напісана: «Аўраам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад свабоднай».
Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне.
Але той, што ад рабыні, нарадзіўся па плоці, а той, што ад свабоднай, — паводле абяцання.
Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар.
Тут ёсць іншасказа́нне. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінай, які нараджае для рабства, гэта Агар,
Бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі;
бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавяда́е цяперашняму Іерусаліму, бо ён з дзе́цьмі сваімі ў рабстве;
а Ерусалім, які ўгары, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам.
а вышні Іерусалім свабодны: ён — маці ўсім нам.
Бо напісана: «Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загукай і закрычы ты, якая, якая ня мучылася ў радзінах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа».
Бо напісана: «узвесяліся, няплодная, якая не нараджа́ла; усклікні і вы́гукні, ты, якая не паку́тавала ў родах; бо намнога больш дзяцей у пакінутай, чым у той, якая ма́е мужа».
А мы, браты, паводле Ісаака — дзеці абяцаньня.
Мы, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.
Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер.
Але як тады народжаны па плоці гнаў народжанага па духу, гэтак і цяпер.
Але што кажа Пісаньне? «Выгані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сынам свабоднай».
Што ж кажа Пісанне́ «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыні не будзе спадкае́мцам разам з сынам свабоднай».
Дык вось, браты, мы — дзеці ня служкі, але свабоднай.
Дык вось, браты, мы дзеці не рабыні, а свабоднай.