Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.
І як настаў дзень Пяцідзясятніцы, былí ўсе аднадушна разам.
І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І раптам зьявіўся зь неба шум, як бы ад наляцеўшага моцнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны былí.
І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.
І зьявіліся ім падзе́леныя языкі, быццам агнявыя, і апусьціліся па аднаму на кожнага зь іх.
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
І былí напоўнены ўсе Духам Сьвятым і пача́лі гаварыць другімі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.
Былі ж у Ярузаліме прыйшоўшыя жыды, мужчыны на́бажныя, са ўсякага народу пад небам.
А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.
І як загучаў гэты голас, сабраліся людзі і былі прыведзены ў зьдзіўленьне, бо чулі іх кожнага гаварыўшых на ягонай гаворцы.
Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?
І здумяваліся ўсе і дзіваваліся, кажучы адзін аднаму: усе гэтыя, што гавораць, ці ня галілейцы?
І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
Як жа мы чуем кожны сваю гаворку, у якой народжаны?
Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
Парты і мідзяне, і эляміты, і жыхары Мэзапатамы, Юдэі і Каппадокі, Понту і Азіі,
Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,
Прыгі і Памхвілі, Ягіпту і часьцяў Лібы, сумежных з Кірэнаю, ды прыходжыя рымляне, жыды і наверненыя,
Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»
крыцяне і арабы, чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра Веліч Бога!
Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
І здумяваліся ўсе і зьдзіўлена гаварылі адзін аднаму, кажучы: што ж гэта можа быць?
А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.
Іншыя ж, насьмяхаючыся, казалі: яны напіліся салодкага віна.
Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,
Але Пётра ўстаўшы з адзінаццацьма, узвысіў голас свой і прамовіў да іх: мужчыны жыдоўскія і ўсе жыхары Ярузаліму. Хай будзе гэта вам ведама, і выслухайце словы мае.
бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.
Яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэйцяя гадзіна дня.
Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:
Але гэта ёсьць сказанае цераз прарока Ёэля:
“І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
і будзе ў апошнія дні, кажа Бог: выльлю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і дзяцюкі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць абразумляемы снабачаньнямі.
І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.
І на рабоў Маіх, і на рабынь Маіх у дні гэныя выльлю ад Духа Майго, і будуць прарочыць.
І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.
І дам цуды на небе наверсе і знакі на зямлі ўнізе, кроў і вагонь і куродым.
Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў перш, чым настане дзень Госпада, вялікі і слаўны.
І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.
І будзе: усякі, хто прыкліча Імя Госпада, будзе ўратаваны.
Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,
Мужчыны ізраэльскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужчыну засьведчанага між вамі ад Бога сіламі і цудамі і зна́камі, што зрабіў празь Яго Бог сярод вас, як і самі ведаеце,
Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.
Яго, прадвызначанага воляй і прадбачаньням Бога (і) пераданага, вы, узяўшы рукамі бяззаконных, прыцьвікаваўшы, забілі,
Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.
Якога Бог ускрасіў, разарваўшы мукі сьмерці, бо нямагчыма было, каб яна Яго ўтрымала.
Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
Бо Давід пра Яго кажа: бачыў Я Госпада перада мною заўсёды, бо Ён ёсьць праваруч мяне, каб я ня пахіснуўся.
Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,
Таму ўзрадавалася сэрца маё, і ўзьвесяліўся язык мой, да таго ж, нават цела маё будзе жыць у надзеі,
бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
таму што Ты ня пакінеш душу́ маю ў пекле, і ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.
Ты даў пазнаць мне шляхі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцю перад Абліччам Тваім.
Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.
Мужчыны браты! Можна з адвагаю сказаць вам пра праба́цьку Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная знаходзіцца ў нас да гэтага дня.
А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,
А будучы прарокам і ведаючы, што Бог кляўся яму клятвай ад плоду паясьніцы ягонай па целу ўзьняць Хрыста і пасадзіць (Яго) на пасадзе Ягоным.
прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.
Прадбачучы ён сказаў пра ўваскрасе́ньне Хрыста, што ня пакінута Душа Ягоная ў пекле, і Цела Ягонае ня ўбачыла парахненьня.
Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.
Гэтага Ісуса ўскрасіў Бог, чаго ўсе мы сьведкі.
Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.
Вось, будучы ўзьнесены Правіцай Бога, і прыняўшы ад Бацькі абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што зараз вы бачыце і чуеце.
Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід ня ўзыйшоў на нябёсы, але ён кажа: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх.
Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».
Дык бяз сумніву хай ведае ўвесь дом Ізраэ́ляў, што і Госпадам і Хрыстом Ягоным Бог зрабіў Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»
Дык пачуўшы (гэта), яны сталіся (гэтымі словамі) прасякнутымі ў сэрцах (іхных) і прамовілі да Пятра і рэшты Апосталаў: што нам рабіць, мужчыны браты?
Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.
Пётра ж сказаў ім: пакайцеся, і хай будзе ахрышчаны кожны з вас у Імя Ісуса Хрыста для дараваньня грахоў, і (вы) атрымаеце дар Сьвятога Духа.
Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».
Бо вам ёсьць абяцаньне (гэтае) і дзецям вашым, і ўсім далёкім, каго б ні прыклікаў Госпад, Бог наш.
І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».
(І) многімі другімі словамі ён сьведчыў і ўмаўляў, кажучы: ратуйцеся ад роду гэтага распуснага.
Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.
Дык тыя, што прыхільна прыня́лі слова ягонае, былі ахрышчаны, і далучаны былі ў гэны дзень каля трох тысяч душ.
І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.
І трывалі (яны) увесь час у навуцы Апосталаў і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба ды ў малітвах.
Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.
Быў жа страх у кожнай душы. І многа цудаў і знакаў чынілася цераз Апосталаў.
А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.
І ўсе веручыя былі разам, і ўсё было ў (іх) супольнае.
І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.
Тады маёнткі і маёмасьці прадава́лі, і дзялілі яны ўсім, хто якую меў патрэбу.
І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,
І кожны дзень бываючы аднадушна ў Сьвятыні і ламаючы па дамох хлеб, прымалі страву ў радасьці і прастаце сэрца,
хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.
слаўлючы Бога і маючы прыхільнасьць усяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы ратуемых.