3 царстваў 14 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У той час захварэў Абія, сын Ерабаама.
 
Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў.

І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Устань і зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Вось, там Ахія прарок, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым.
 
І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу,

І вазьмі ў руку тваю дзесяць хлябоў, печыва і збан мёду, і ідзі да яго. Ён паведаміць табе, што станецца з хлопцам».
 
і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам.

І зрабіла так жонка Ерабаама. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці.
 
Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці.

І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб шукаць слова адносна сына свайго, які хварэе. Гэта і гэта прамовіш да яе. Калі яна прыйдзе, яна будзе пераапранутая».
 
І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая.

І сталася, што Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, і сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суворы пасланьнік для цябе.
 
Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе.

Ідзі і скажы Ерабааму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем,
 
Ідзі, скажы Еравааму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля,

і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў такі, як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі слушнае ў вачах Маіх,
 
і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі;

і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і зрабіў сабе багоў чужых і [ідалаў] літых, каб гнявіць Мяне, а Мяне адкінуў за плечы свае,
 
ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балваноў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў;

дзеля гэтага, вось, Я навяду на дом Ерабаама ліха, і выб’ю з [роду] Ерабаама ўсіх, хто мочыцца на сьцяну, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілі, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж да канца.
 
за гэта Я навяду бедства на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста;

Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя, бо гэта прамовіў ГОСПАД”.
 
хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў.

А ты ўстань і вяртайся ў дом твой, і калі ногі твае ўвойдуць у горад, памрэ дзіцятка,
 
Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця;

і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахаваюць яго, бо толькі ён з [роду] Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо ў доме Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта добрае перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
 
і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае прад Госпадам Богам Ізраілевым.

І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама ў той дзень. І ўжо цяпер [паставіў].
 
І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер.

І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што ён захістаецца як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і расьцярушыць іх за ракою за тое, што яны зрабілі Астартаў сваіх, каб гнявіць ГОСПАДА.
 
І паб’е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балваноў, раздражняючы Госпада;

І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля».
 
і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля.

І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец.
 
І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла.

І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ахію прарока.
 
І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока.

А іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
 
Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.

А дзён, калі валадарыў Ерабаам, [было] дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і заваладарыў Надаў, сын ягоны, пасьля яго.
 
Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго.

А Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама Аманянка.
 
Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка.

І рабіў Юда ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі яны Яго больш, чым бацькі іхнія, у грахах сваіх, якімі грашылі.
 
І рабіў Юда неспадобнае прад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі.

І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.
 
І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам.

І была таксама распуста ў зямлі, і чынілі яны ўсякую брыдоту народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
 
І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.

І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, пайшоў супраць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту.
 
На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма

Ён зрабаваў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ўсё забраў, і забраў усе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.
 
і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага, — усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.

Замест іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх у рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у дом валадара.
 
І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара.

І сталася, што кожны раз, калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, уносіла іх варта, а [потым] адносіла іх у збраёўню варты.
 
Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў.

Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
 
Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні.
 
Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга.

І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. А пасьля яго валадаром стаў Абіям, сын ягоны.
 
І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.