Марка 6 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І, выйшаўшы адтуль, Ісус прышоў у Сваю бацькаўшчыну; вучні Яго ішлі за Ім.
І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім.
І, калі прыйшла субота, пачаў вучыць у сінагозе. І многія, слухаючы, здзіўляліся, кажучы: «Скуль жа гэта ўсё ў Яго? І што гэта за мудрасць, дадзеная Яму, ды цуды такія, што дзейнічаюць праз Яго рукі?
І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго?
Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, ці не брат Якуба і Язэта, Юды і Сімона? Ці ж і Яго сёстры не тут з намі?» І горшыліся з Яго.
Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся праз Яго.
І гаварыў ім Ісус: «Няма прарока без пашаны, акрамя як у сваёй бацькаўшчыне, ды ў сваіх родных, ды ў доме сваім».
А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім».
І не мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькі хворых аздаравіў, усклаўшы рукі на іх.
І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў.
І дзівіўся з іх недаверства. І хадзіў па ваколічных вёсках, навучаючы.
І зьдзіўляўся з недаве́рства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы.
І паклікаў дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даваў ім уладу над нячыстымі духамі,
І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
і загадаў ім, каб не бралі нічога ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у капшуку,
І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе,
каб толькі ў пасталы абуваліся і не апраналі дзвюх вопратак.
але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі.
Ды казаў ім: «Дзе зойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль не сыдзеце адтуль.
І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль.
А калі ў якім месцы вас не прымуць і не будуць слухаць, выходзячы, абтрасіце пыл з вашых ног на сведчанне ім. Сапраўды, кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суда, чым гораду гэтаму.»
І калі хто ня прыйме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму».
І яны, выйшаўшы, прапаведавалі і заклікалі да навяртання,
І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся,
ды многа дэманаў выганялі, і многіх нямоглых намашчалі алеем і аздараўлялі.
і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі.
І дачуўся цар Ірад, бо імя Яго сталася вядомым. І сказаў: «Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму многа цудаў ён творыць».
І пачуў валадар Ірад [пра Яго], бо імя Ягонае сталася ведамым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго».
Другія ж казалі: «Гэта Ілля». Яшчэ іншыя казалі: «Гэта прарок або як адзін з прарокаў».
Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў».
Пачуўшы гэта, Ірад гаварыў: «Гэта Ян, якому я адсёк галаву, ён уваскрос з мёртвых».
Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых».
Бо сам Ірад паслаў і схапіў Яна, і звязаў яго ў вязніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго, бо ўзяў яе за жонку.
Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвя́зьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку.
Бо Ян казаў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго».
А Ірадыяда злавалася на яго і хацела яго забіць, але не магла,
А сама Ірадыяда злавала на яго і хацела яго зьнішчыць, але не магла,
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і вартаваў яго ды шмат дзівіўся, слухаючы яго, і ахвотна яго слухаў.
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў.
І надышоў зручны дзень, і калі з нагоды свайго нараджэння Ірад справіў баль для князёў сваіх, трыбунаў і старэйшын галілейскіх,
І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды сваіх урадзін справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх,
і калі дачка самой Ірадыяды з’явілася і скакала, то спадабалася Іраду і тым, што разам узлягалі. І гаворыць цар дзяўчыне: «Прасі мяне, што хочаш, і я дам табе».
дачка Ірадыяды ўвайшла і таньчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе».
І прысягнуў ёй моцна: «Пра што будзеш прасіць, дам табе, хоць бы да паловы царства майго».
І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго».
Яна ж, як выйшла, сказала маці сваёй: «Чаго мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысціцеля».
Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля».
І калі яна адразу таропка ўвайшла да цара, то папрасіла, кажучы: «Хачу, каб зараз даў ты мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля».
І засмуткаваў цар, але дзеля прысягі ды дзеля ўзлягаўшых з ім не захацеў ёй адмаўляць,
І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць.
і, адразу паслаўшы ката, цар загадаў прынесці галаву яго. І кат пайшоў, і адсёк галаву яму ў вязніцы,
І адразу, паслаўшы ка́та, валадар загадаў прынесьці галаву яго.
і прынёс галаву яго на блюдзе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе сваёй маці.
Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьні́цы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй.
Пачуўшы пра гэта, вучні яго прыйшлі, і забралі цела яго, і паклалі яго ў магіле.
І, пачуўшы [пра гэта], вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу.
І, сышоўшыся да Ісуса, Апосталы паведамілі Яму пра ўсё, што рабілі і чаму вучылі.
І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі.
І Ён гаворыць ім: «Ідзіце вы адны ў пустыннае месца ды адпачніце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесці не мелі часу.
І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу.
І яны ў лодцы адплылі на бязлюднае месца адны.
І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны.
Але многія бачылі іх, як адплывалі, і пазналі куды, і збегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зышліся да Яго.
І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго.
І, выйшаўшы на бераг, Ісус убачыў вялікі натоўп людзей, і пашкадаваў іх, бо былі, як авечкі, што не маюць пастыра, і пачаў іх вучыць многа.
І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат.
І, калі мінула шмат часу, прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Тут пустыннае месца, а час ужо позні,
І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя.
адпусці іх, каб пайшлі да бліжэйшых сёлаў і вёсак ды купілі хлеба, бо не маюць чаго есці».
Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці».
Адказваючы, гаворыць ім Ісус: «Вы дайце ім есці». Яны кажуць: «Няўжо маем ісці, і купіць за дзвесце дынараў хлеба, і даць ім есці?»
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?»
І кажа Ён ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» І, калі праверылі, кажуць: «Пяць і дзве рыбы».
Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы».
Дык загадаў ім, каб пасадзілі ўсіх на зялёнай траве гуртамі.
І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве.
І паселі, гурт за гуртам, па сто і па пяцьдзясят.
І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят.
І Ісус, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў у неба, дабраславіў, і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб падавалі людзям. І дзве рыбы раздзяліў на ўсіх.
І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх.
І ўсе елі, і насыціліся,
І елі ўсе, і наеліся.
і з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў і рэшткі рыбы.
І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы.
А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў.
І зараз змусіў Ён вучняў Сваіх сесці ў лодку, каб яны выправіліся ўперад на другі бок ў Бэтсайду, пакуль Ён адпусціць людзей.
І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп.
І, адпусціўшы іх, Сам пайшоў на гару маліцца.
І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца.
І, калі звечарэла, лодка была на сярэдзіне мора, Ён жа адзін на зямлі.
І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі.
І, бачачы іх, як страцілі сілы, бо дзьмуў супраціўны ім вецер, каля чацвёртай начной варты прыйшоў да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх.
І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абміну́ць іх.
Але яны, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Яны, убачыўшы Яго, як ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. Ён зараз жа загаварыў з імі ды кажа ім: «Супакойцеся, гэта Я, не бойцеся!»
Усе бо бачылі Яго, і стрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!»
І ўвайшоў у лодку да іх, і вецер сціх. Ды тым болей яны дзівіліся ў сабе,
І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся,
бо нічога не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іх зачарсцвела.
бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае.
І, калі даплылі да зямлі, дасягнулі Генезарэта, і прысталі да берага.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу.
І, ледзь выйшлі яны з лодкі, адразу пазналі Яго людзі,
І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго,
і, разбегшыся па ўсёй той ваколіцы, пачалі на лежаках зносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.
абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён.
І, калі ўваходзіў у селішча, або горад, або вёску, клалі перад Ім хворых на вуліцах і прасілі Яго, каб хоць да краю Яго адзення дакрануцца, і, колькі з іх дакраналіся да Яго, аздараўляліся.
І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены.