Навума 2 разьдзел
Кніга прарока Навума
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Падымаецца на цябе разбуральнік. Беражы ўмацаванні, сцеражы дарогі, умацуй паясніцы, набярыся сілы.
Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, [Нініва]! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае,
Бо адновіць Госпад веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо рабаўнікі абрабавалі іх і паламалі іх парасткі.
бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія.
Шчыт герояў яго — чырвоны: ваяры войска адзеты ў пурпур; агнём блішчаць калясніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і варушацца вершнікі.
Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры [апрануты] ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца [дзіды].
Па дарогах нясуцца калясніцы, стукаюцца адна аб адну на плошчах; выглядаюць яны, як паходні, як маланкі, што разбягаюцца ў розныя бакі.
Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — [полымя] паходні, ляцяць яны як бліскавіцы.
Ён кліча ваяроў сваіх, яны спатыкаюцца на дарогах сваіх; ірвуцца на мур, і рыхтуецца аблога.
[Нініва] ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога.
Запоры рачныя адкрываюцца, палац разбураецца.
Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца.
І прыгажуня агаляецца, яе бяруць у палон, і нявольніцы яе галосяць, як галубкі, і б’юць у сэрцы свае.
І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная [ў палон], і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
І Нініва — як вадаём, поўны вады, воды якога выцякаюць. «Стойце, стойце!» — але ніхто не зважае.
І Нініва — як сажалка водаў ад [пачатку] дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае.
«Хапайце срэбра, хапайце золата!» І няма канца багаццям; скарбоўня з усіх жаданых пасудзін.
Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных.
Абрабавана, і спустошана, і разбурана яна, і млее сэрца, і дрыжаць калені; і боль ва ўсёй паясніцы, і збялелыя твары ва ўсіх іх.
[Нініва] апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі.
Дзе лежбішча львоў і пячора львянят, да якой хадзіў леў, каб прывесці туды львяня, і ніхто іх не палохаў?
Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў [яго].
Леў шмат паразрываў для сваіх ільвянят і пазадушваў для львіц сваіх; ён запоўніў здабычаю пячоры свае і лежбішча сваё — нарабаваным.
Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым.
«Вось, Я супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і спалю агнём аж у дым калясніцы твае; і меч звядзе львянят тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і не пачуецца болей голас паслоў тваіх».
Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх.