Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Анёлу царквы, што ў Эфесе, напішы: Вось што кажа Той, Які трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Які ходзіць пасярод сямі залатых светачаў:
 
Анёлу Эфэскае царквы напішы: “Гэта кажа Той, Які трымае сем зорак у правіцы Сваёй і Які ходзіць сярод сямі залатых сьвечнікаў:

Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасць тваю, і што не можаш пераносіць ліхіх, і што выпрабаваў ты тых, якія называюць сябе Апосталамі, а імі не ёсць, і знайшоў іх ашуканцамі.
 
'Ведаю справы твае, і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і што ня можаш пераносіць ліхіх, і дасьведчыў тых, якія называюць сябе апосталамі і ня ёсьць [імі], і знайшоў, што яны хлусы,

І маеш ты цярплівасць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знямогся.
 
і ты перанёс, і маеш цярплівасьць, і дзеля імя Майго працаваў і не зьнямогся.

Але маю Я супраць цябе тое, што пакінуў ты тваю першую любоў.
 
Але маю супраць цябе, што ты пакінуў першую любоў тваю.

Памятай тады, адкуль ты ўпаў, і навярніся, і выконвай першыя ўчынкі. Інакш бо прыйду да цябе хутка і зрушу твой светач са свайго месца, калі не навернешся.
 
Дык памятай, адкуль выпаў, і навярніся, і рабі першыя справы твае; а калі не, хутка прыйду да цябе і зрушу сьвечнік твой з месца ягонага, калі не навернешся.

Але маеш тое, што ненавідзіш справы мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.
 
Але тое ты маеш, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу'.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я спажываць з дрэва жыцця, якое пасярод Божага раю.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад дрэва жыцьця, што пасярод раю Божага”.

І анёлу царквы, што ў Смірне, напішы: вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:
 
І анёлу Сьмірнскае царквы напішы: “Гэта кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:

Ведаю твае ўчынкі і прыгнёт твой, і ўбоства твае, але ты багаты; і зневажанні тых, якія называюць сябе юдэямі, а імі не ёсць, бо яны — сінагога шатана.
 
'Ведаю справы твае, і прыгнёт, і ўбоства, хоць ты багаты, і блюзьнерствы ад тых, якія называюць сябе Юдэямі і ня ёсьць, але ёсьць сынагога шатана.

Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці. Вось жа, мае намер укінуць некаторых з вас д’ябал у вязніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора на працягу дзесяці дзён. Будзь верны аж да смерці, і дам табе вянец жыцця.
 
Не палохайся нічога, што маеш выцярпець. Вось, д’ябал мае кідаць [некаторых] з вас у вязьніцу, каб спакусіць вас; і будзеце мець прыгнёт дзесяць дзён. Будзь верны да сьмерці, і Я дам табе вянок жыцьця'.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, не будзе пашкоджаны другой смерцю.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Той, хто пераможа, не дазнае крыўды ад сьмерці другое”.

І анёлу царквы, што ў Пергаме, напішы: гэта кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:
 
І анёлу царквы, што ў Пэргаме, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае меч двусечны востры:

Ведаю ўчынкі твае і што жывеш, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сведка Антыпа.
 
'Ведаю справы твае, і што жывеш там, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не адрокся веры Маёй у тыя дні, калі ў вас, дзе пасяліўся шатан, быў забіты Антыпа, сьведка Мой верны.

Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых, каб елі ахвяраванае балванам і займаліся распустай.
 
Але маю супраць цябе крыху, бо маеш там тых, якія трымаюцца вучэньня Білеама, які навучыў Балака кінуць згаршэньне перад сынамі Ізраіля, каб яны елі ахвяры ідалам і жылі распусна.

І ты маеш таксама такіх, што трымаюцца навукі мікалаітаў, якую Я ненавіджу.
 
Таксама маеш і ты тых, якія трымаюцца вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.

Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мечам вуснаў Маіх.
 
Навярніся, а калі не, хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх'.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам з’есці Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто атрымлівае.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.

І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: гэта, вось, кажа Сын Божы, Які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.
 
І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: “Гэта кажа Сын Божы, Які мае вочы Свае, як полымя агню, і ногі Свае, падобныя да сьпіжу:

Ведаю ўчынкі твае, і любоў, і веру тваю, і служэнне, і цярплівасць тваю, і ўчынкі твае апошнія большыя, чым раней.
 
'Ведаю справы твае і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і ўчынкі твае, і што апошнія большыя, чым першыя.

Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць паслугачоў Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяраванае балванам.
 
Але маю супраць цябе крыху, бо ты дазваляеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і падманваць слугаў Маіх, [каб яны] жылі распусна і елі ахвяры ідалам.

І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакаяцца.
 
І Я даў ёй час, каб навярнулася ад распусты сваёй, і яна не навярнулася.

Вось жа, Я кіну яе на ложак, і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за правіны свае.
 
Вось, Я кідаю на ложак яе і тых, якія чужаложаць з ёю, — у вялікі прыгнёт, калі не навернуцца ад справаў сваіх,

І дзяцей яе пакараю смерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я — Той, Які даследуе патаемнае і сэрцы, і дам кожнаму паводле ўчынкаў яго.
 
і дзяцей ейных сьмерцю заб’ю, і даведаюцца ўсе цэрквы, што Я — Той, Які дасьледуе ныркі і сэрца, і Я дам вам кожнаму паводле справаў вашых.

Вам жа кажу ды іншым, што ёсць у Тыятыры, якія не маюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздонняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасці;
 
Вам жа кажу і рэшце, што ў Тыятыры, усім, якія ня маюць гэтага вучэньня і якія не даведаліся так званых глыбіняў шатана: “Ня ўскіну на вас іншага цяжару.

толькі тое, што маеце, утрымайце, пакуль да вас прыйду.
 
Толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль не прыйду”.

А хто перамагае і выконвае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,
 
І таму, хто пераможа і захавае справы Мае да канца, Я дам уладу над паганамі,

і пасвіць будзе іх кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд гліняны,
 
і ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным; як начыньне глінянае, яны будуць скрышаныя, як і Я атрымаў ад Айца Майго,

як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раннюю зорку.
 
і дам яму зорку ранішнюю'.

Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.