Біблія / Бокун 4
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Лепш бяздзетнасць з цнотаю; бо памяць аб ёй бессмяротная, бо мае прызнанне ў Бога і ў людзей.
Калі яна прысутнічае, то ёй наследуюць; і тужаць па ёй, калі адыдзе; і ў вечнасці ўвянчаная трыумфуе, перамогшы ў спаборніцтве беззаганным подзвігам.
Разнастайнае ж бязбожных мноства не будзе карысным, і з чужаложных атожылкаў парастак не запусціць глыбока карэнняў і не заложыць трывалага падмурка.
Калі хоць на час пазелянее галінамі, затрасе імі вецер, слаба ўрослымі, і ад моцных вятроў будзе вырваны.
Паламаюцца нямоцныя галіны — і плод іх бескарысны: і недаспелы для ежы, і ні да чаго не прыдатны.
Бо дзеці, народжаныя з незаконных начэй, ёсць сведкі нягоднасці супраць бацькоў у суджэнні сваім.
А справядлівы, хоць і памёр перад часам, знойдзе супачынак.
Старасць бо пачэсная не па даўгавечнасці і не па ліку гадоў вымяраецца:
сівізна ж — мудрасць людзей, і мерка старасці — жыццё беззаганнае.
Падабаючыся Богу, здабыў міласць Яго, а жывучы між грэшнікаў — перанесены быў;
забраны быў, каб ліхота не перавярнула розум яго або каб мара не падманула душы яго.
Бо чары пустаслоўя зацямняюць дабро і нясталасць пажадлівасці атупляе розум без вераломства.
Той, хто скора дасягнуў дасканаласці, перажыў многа часу;
душа бо яго спадабалася Богу, таму паспяшаўся вывесці яго спаміж злачыннасці. Людзі ж глядзелі і не разумелі, ані ўяўлялі ў сэрцы такое,
што ласкай і міласэрнасцю надзяляе Бог святых Сваіх і выпрабаванне — для выбраннікаў Яго.
Справядлівы памерлы асуджае жывых бязбожных, і хутчэй удасканалена маладосць, чым даўгавечная старасць ліхадзея.
Яны бо ўбачаць канец мудрага і не зразумеюць, што рашыў аб ім Бог і з якой мэтай абараніў яго Госпад.
Яны ўбачаць і пагардзяць, але Госпад высмяе іх.
І потым стануць яны, як труп без пашаны, і вечным пасмешышчам сярод памерлых, бо разарве іх, нястрыманых, без гуку, і ўзварухне іх ад асноў, і будуць знішчаны аж да самага астатку, і будуць у муках, ды памяць пра іх прападзе.
Са страхам прыйдуць разлічыцца з грахамі сваімі, і злачыннасці іх асудзяць у прысутнасці іх.