Біблія / Бокун 6
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Дык слухайце, цары, і разумейце; навучыцеся, суддзі канцоў зямлі!
Нахініце вушы, вы, што валадарыце над многімі і ганарыцеся мноствам народаў.
Бо Госпадам дадзена вам улада, і ад Узвышняга — валадаранне, Ён прасочыць вашыя ўчынкі і рассудзіць намеры,
бо калі вы былі служыцелямі Валадарства Яго, не судзілі справядліва, і не бераглі законнасці, ды не жылі паводле волі Божай.
Страшна і хутка з’явіцца Ён перад вамі, бо самы жорсткі суд будзе тым, якія панавалі;
бо найменшаму аказваецца міласэрнасць, а магутныя будуць моцна пакараныя.
Госпад бо не будзе зважаць на ніводную асобу і не забаіцца ніякай велічы, бо Ён учыніў малога і вялікага і роўна клапоціцца Ён пра ўсіх;
а над тымі, якія валадараць, адбываецца строгае даследаванне.
Дык да вас, цары, гэтыя мае словы, каб навучыліся вы мудрасці і не ўпалі.
Бо хто будзе берагчы справядлівае справядліва — будзе апраўданы; і хто навучыцца гэтаму — знойдзе абарону.
Дык прыміце словы мае, любіце іх і будзеце мець настаўленне.
Мудрасць ясная і ніколі не вяне: і лёгка яе бачаць тыя, хто яе любіць, і тыя знаходзяць яе, хто шукае яе.
Апярэджвае яна тых, якія яе жадаюць, каб ім першай паказацца.
Хто дзеля яе ўстае на світанні — не замучыцца, бо знойдзе яе, якая сядзіць пры дзвярах сваіх.
Дык аб ёй разважаць — вяршыня розуму, і хто дзеля яе не спіць — хутка вызваліцца ад бед.
Бо яна сама ходзіць кругом, шукаючы годных сябе, і радасна з’яўляецца ім на дарогах, ды выходзіць ім насустрач з усёй клапатлівасцю.
Пачатак бо яе найпраўдзівейшы — хацець вучыцца, а руплівасць пра навуку — гэта міласць,
і міласць — гэта пільнаванне законаў, а пільнаванне законаў — гэта зарука несмяротнасці,
а несмяротнасць набліжае да Бога;
такім чынам, пажаданне мудрасці вядзе да валадарства.
Дык калі вам мілыя пасады і скіпетры, о валадары народаў, шануйце мудрасць, каб валадарыць у векі вечныя.
А я паведамлю, што гэта за мудрасць і як паўстала, і не схаваю ад вас таямніц Божых, але ад пачатку нараджэння прасачу яе, і пазнанне яе выведу на святло, і не размінуся з праўдаю.
Ды не пайду шляхам знішчаючай зайздрасці, бо яна не будзе ўдзельніцай мудрасці.
Мноства ж мудрых — гэта збаўленне свету, і цар мудры — гэта апора народа.
Дык прыміце настаўленне ў словах маіх, і паможа вам.