Біблія / Бокун 5
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Тады справядлівы стане з вялікай адвагай перад тымі, што яго крыўдзілі ды пагарджалі яго трудамі,
бачачы, як затрывожацца жудасным страхам і аслупянеюць на віду неспадзяванага збаўлення,
каючыся і ўздыхаючы ў турбоце духу, будуць казаць самі да сябе:
«Гэта той самы, з каго мы калісьці кпілі і падобна ганьбілі. Мы, неразумныя, лічылі жыццё яго за дурное і смерць яго — за ганьбу.
Як яго залічылі ў сыны Божыя і долю яго — сярод святых?
Дык мы сышлі з дарогі праўды, і не свяціла нам святло справядлівасці, і сонца не ўзышло нам;
заблыталіся ў путах беззаконня і загубы і хадзілі па непраходных пустынях, а дарогі Госпадавай не пазналі.
Чым нам дапамагла пыхлівасць? Або чым нам дапамагло багацце і пустая слава?
Усё гэта прайшло, як цень, і як вяшчун хуткабежны,
і быццам карабель, што плыве праз успененае мора, следу якога не знойдзеш, калі праплыве, ані баразны кіля яго сярод хваляў,
або як птушка, што лётае ў прасторы, ніякага не пакідае следу шляху, толькі лёгкі вецер, удараны шумам крылаў і рассечаны сілаю свіста, працінаецца ўзварушанымі крыламі, і па гэтым ніякага следу шляху не знаходзіцца;
або як выпушчаныя ў намечаную мэту стрэлы:
Так і мы, нарадзіўшыся і пастаянна знікаючы, не змаглі ніякім знакам паказаць цноты; але прапалі мы ў сваім беззаконні».
Бо надзея бязбожнага, як мякіна, ветрам раскіданая, ды як лёгкая пена, бурай паразбіваная, і як дым, ветрам разагнаны, і як памяць пра госця, што прыйшоў на адзін дзень.
А справядлівыя жывуць вечна; і ўзнагарода іх — у Госпадзе, і думка аб іх — ва Узвышняга.
Дзеля таго атрымаюць яны вянец аздаблення і гожую дыядэму з рукі Госпада. Бо ён правіцаю Сваёю зберажэ іх і плячом Сваім абароніць іх.
Ён возьме за зброю Сваю апякуючую руплівасць і ўзброіць стварэнне на помсту ворагам,
як панцырам, узброіцца ў справядлівасць і, як шлем, прыме справядлівы суд;
як шчыт непераможны, возьме святасць.
Як меч жа, навострыць гнеў Свой няўмольны, і з Ім разам будзе ваяваць свет супраць неразумных.
Панясуцца меткія стрэлы маланак, і паляцяць у цэль з хмараў, як з добра нацягнутага лука,
і ярасны град будзе выкінуты з гневам, які кідае камяні; узбурацца супраць іх воды марскія, і рэкі няўмольна нахлынуць.
Падымецца супраць іх дух сілы і, як буралом, змяце іх. І злачыннасць спустошыць усю зямлю, і ліхота перавярне пасады магутных.