Біблія / Бокун 19

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Работнік п’яніца не ўзбагацее; і хто грэбуе малымі рэчамі, памалу ўпадзе.
 

Віно і жанчыны сапсуюць і разумных; і хто звяжацца з распусніцамі, прападзе: стане здабычай гнілля і чарвякоў.
 

Нахабная душа згубіць Госпада свайго; і будзе знята з ліку душа яго, і будзе пададзена ў вялікі прыклад.
 

Хто скора давярае — той легкадумны і будзе паніжаны; і хто грашыць супраць душы сваёй, хто яго апраўдае?
 

Хто цешыцца са злачыннасці — абняславіцца, а хто ненавідзіць напамін — будзе мець разбітае жыццё,
 

[Хто ацугляе язык свой — будзе жыць у супакоі, а хто ненавідзіць мнагаслоўе — усцеражэцца няшчасця.]
 

Ніколі не паўтарай слова ліхое і грубае, тады нічога не страціш.
 

Не кажы іх ані прыяцелю, ані ворагу, і калі ты даведаўся пра злачынства, не выкрывай,
 

бо пачуе ад цябе і будзе высцерагацца цябе і, як выкрывальніка граху, — будзе ненавідзець цябе.
 

Пачуў слова супраць блізкага свайго? Хай памрэ яно ў табе пры спадзяванні, што не разарве яно цябе.
 

Неразумны будзе цярпець ад слова такую муку, як парадзіха — ад дзіцяці;
 

Як страла, што ўваткнулася ў клуб цела, так слова ў сэрцы неразумнага.
 

Напамінай прыяцелю, каб часам не дапусціўся зла і не сказаў: «Не я зрабіў»; або калі зрабіў, каб зноў не паўтараў.
 

Напамінай блізкаму, каб часам не сказаў, і калі сказаў, каб часам не паўтарыў.
 

Напамінай прыяцелю, бо часта бывае паклёп,
 

ды не вер кожнаму слову. Ёсць той, хто грашыць языком, але не ад душы;
 

бо ці ёсць хто такі, каб не зграшыў сваім языком? Напамінай блізкаму перш, чым пагражаць яму будзеш,
 

ды дай месца закону Узвышняга. Усякая бо мудрасць — страх Божы, і ў ёй баяцца Бога, і ва ўсякай мудрасці — размяшчэнне Закону.
 

І не ёсць мудрасцю — веданне ліхоты, і няма парады ў разважнасці грэшнікаў.
 

Ёсць хітрасць, і гэта праклён, і бывае неразумны, які не разбіраецца ў мудрасці.
 

Лепшы чалавек, не маючы мудрасці і ў якога не хапае розуму, але богабаязны, чым вялікага розуму, і такі, які пераступае праз закон Узвышняга.
 

Ёсць хітрасць вялікая, але ліхая.
 

І ёсць такі, што адкідае ўдзячнасць, каб вынесці прысуд; ёсць такі, што выглядае прыгнечаным і зламаным душою, і нутро яго поўнае крывадушнасці.
 

І ёсць такі, што прыкідваецца вельмі пакорным; і ёсць такі, хто апускае свой твар ды прыкідваецца, што не чуе: дзе яго не ведаюць, возьме верх над табой.
 

Ды калі нястача сіл устрымае яго ад граху, дык, калі знойдзе магчымасць ліха рабіць, то зробіць злое.
 

З выгляду пазнаецца чалавек, і са знешнасці аблічча пазнаецца разумны чалавек:
 

склад цела, і адкрыццё зубоў пры ўсмешцы, і хада чалавека кажуць аб ім.
 

Бывае напамін несвоечасовы, і асуджэнне, што аказваецца нядобрым; і бывае, што маўчыць, але ён разумны.