Біблія / Бокун 26

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Шчасны чалавек, які мае добрую жонку, бо падвоіцца лік дзён яго.
 

Добрая жонка радуе свайго мужа, і ён пражыве ў супакоі гады жыцця свайго.
 

Добрая жонка — гэта доля добрая; будзе яна дадзена мужу за добрыя ўчынкі, як тым, што баяцца Бога.
 

А ў багатых або бедных сэрца будзе здаволенае; кожны час твар іх будзе вясёлы.
 

Трох рэчаў баіцца маё сэрца; і што да чацвёртай — палохаецца маё аблічча:
 

даносу ў горадзе і зборышча народу,
 

паклёпу лгуна — цяжэйшае за смерць усё гэта;
 

боль сэрца і боль: жанчына зайздросціць жанчыне;
 

ды бізун языка, што да ўсяго дакранаецца.
 

Як ярмо валовае, што рухаецца, так і ліхая жонка; хто бярэ яе — як быццам той, хто хапае скарпіёна.
 

Жанчына п’яніца — гэта вялікая знявага, і ганьба, і сорам яе не схаваецца.
 

Распуснасць жанчыны пазнаецца па пыхлівасці вачэй і па павеках яе.
 

Над дачкой бессаромнай пастаў варту, каб яна, знайшоўшы нагоду, не выкарыстала яе для сябе.
 

Сцеражыся ўсякай непачцівасці вачэй яе; не дзівіся, калі цябе занядбае.
 

Як засмягшы падарожнік адкрые вусны ля крыніцы, ды будзе піць усякую ваду, што побач, так і яна будзе сядзець каля кожнага слупа, і перад кожнай стралой адкрые калчан, дакуль хапае.
 

Прывабнасць жонкі будзе радаваць яе мужа, і ўтлушчыць яго косці — выхаванасць яе.
 

Дарам Божым з’яўляецца
 

разумная жанчына і маўклівая; нішто не заменіць выхаванае душы.
 

Ласка над ласкаю — жанчына святая і сціплая,
 

а ўсякае ўзважванне не вартае ўстрыманай душы.
 

Як сонца, узыходзячае на самых вышынях Бога, так прыгажосць добрай жанчыны — у прыбранні яе дома.
 

Як святло, што свеціць над святым каганцом, так прыгажосць аблічча — ва ўстойлівай постаці;
 

залатыя калоны на срэбраных падножжах — прыгожыя ногі на цвёрдых ступнях жанчыны.
 

Асновы вечныя на цвёрдай скале і прыказанні Божыя — у сэрцы святой жанчыны.
 

Дзве рэчы засмуцілі маё сэрца, і трэцяя — выклікае ўва мне гнеў:
 

калі ваяру не хапае сілы, і калі разумным чалавекам пагарджаюць,
 

і калі хто ад справядлівасці пераходзіць да граху; Бог падрыхтуе яго пад меч.
 

Дзве рэчы паказаліся для мяне цяжкімі і небяспечнымі: купцу цяжка ўсцерагчыся ад нядбайнасці, і гандляр не будзе апраўданы ад грахоў.