Біблія / Бокун 29
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Хто міласэрны, пазычае сваіму блізкаму, і хто дапамагае яму сваёй рукой, спаўняе прыказанні.
Пазыч твайму блізкаму ў яго патрэбе, і зноў жа аддай блізкаму свайму ў свой час.
Стрымай слова ды будзь верны яму, і ў кожны час знойдзеш тое, што табе патрэбнае.
Многія лічаць пазыку за знаходку і спрычыняюць прыкрасць тым, што ім пазычаюць.
Пакуль атрымае, цалуе рукі таму, хто пазычае, і аб маёмасці блізкага гаворыць ціхім голасам;
а калі патрэбна аддаваць, будзе патрабаваць часу, і аддасць са словамі незадавальнення і мармытаннем, і будзе жаліцца на час.
Калі ж зможа аддаць, працівіцца; ледзь палову соліда аддасць і будзе гэта лічыць як бы знаходкай для таго.
А калі не зможа, падмане яго з грашамі яго і стане яму без прычыны ворагам.
Аддасць узамен яму праклёны і нараканні, ды замест пашаны і падзякі заплаціць яму знявагай.
Многія не пазычаюць не дзеля скупасці, але з боязні быць ашуканымі.
Усё ж такі будзь спагадным да беднага і не марудзь даць яму міласціну.
Дзеля прыказання дапамажы беднаму і з прычыны яго беднасці не адпусці яго з пустымі рукамі.
Выдавай грошы на брата і сябра свайго, і не хавай іх пад каменем на загубу.
Усталюй скарб свой на прыказаннях Найвышэйшага, і карыснейшы табе будзе, чым золата.
Схавай міласціну для сэрца беднага, і гэта цябе выбавіць ад усякага няшчасця.
[Лепш за моцны шчыт ды цвёрдую дзіду супраць ворага твайго будзе ваяваць за цябе міласціна.]
[Добры чалавек паручыцца за свайго блізкага; а той, хто страціў сорам, адпіхнуў бы яго.]
Не забывай быць удзячным паручыцелю, бо даў ён за цябе сваю душу.
Грэшнік спустошыць маёмасць паручыцеля, а няўдзячны ў душы пакіне свайго збаўцу.
Паручальніцтва згубіла многіх сумленных людзей і пахіснула іх, як марская хваля;
[мужоў наймагутнейшых павыганяла з дамоў, і яны блукалі сярод чужынскіх народаў.]
Грэшнік за нішто мае дабрадзейнасці паручыцеля і дзеля карыслівасці без удзячнасці адпіхне свайго выбавіцеля.
[Дапамагай блізкаму па магчымасці сваёй, але глядзі на сябе, каб не папасціся ў тое ж.]
Галоўнае для чалавечага жыцця: вада, і хлеб, і адзенне, ды дом, каб схаваць сорам.
Лепшае жыццё беднага пад дахам з дошак, чым балі багатыя на чужыне без уласнага жытла.
Будзь задаволены малым, як і многім, і не пачуеш дакораў, што ты чужынец.
Што за жыццё хадзіць з дома ў дом, і там, дзе жывеш, як чужы, адчуваеш сябе няўпэўнена і вуснаў не адкрыеш.
Будзеш прыняты, і будзеш падаваць ежу і піццё без удзячнасці, пры тым пачуеш прыкрыя словы:
«Падыдзі, прыбылец, і прыгатуй стол, і, калі што маеш пад рукой, накармі мяне!»
«Уступі месца важнейшаму! Брат прыйшоў у госці да мяне, бо патрэбны яму дом мой».
Цяжка гэта чалавеку разумнаму: упіканне за бяздомнасць і дакаранне пазыкадаўцы.