Біблія / Бокун 31

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Клопат пра багацце зжывае цела, і думкі пра яго спыняюць сон;
 

клопат пра ежу адганяе сон, і цяжкая хвароба абуджае ад сну.
 

Папрацаваў багач, збіраючы багацце, і, калі спыняецца, напаўняецца яго асалодаю;
 

мучаецца бедны ад недахопу на пражыццё, і калі спыняецца — становіцца бедным.
 

Хто любіць золата, не будзе апраўданы, і хто гоніцца за набыткамі, будзе падмануты.
 

Многія дзеля золата трапілі ў бяду, і гібель іх выявілася перад абліччам іх.
 

Дрэвам спатыкнення бывае золата для тых, што яго ахвяроўваюць; гора тым, што за ім ганяюцца; ды кожны неразумны будзе захоплены ім.
 

Шчасны багацей, які аказаўся без віны ды які не пагнаўся за золатам, і не паклаў надзеі ў грошах і багаццях.
 

Хто ён такі, і будзем яго хваліць? Бо даканаў цуды ў сваім народзе.
 

Хто выпрабаваны ў гэтым і стаў дасканалым? Будзе яму вечная слава! Хто мог прайсці міма і не прайшоў, хто мог чыніць зло, і не зрабіў?
 

Таму дабрыня яго вырашана ў Госпада, і пра яго міласціны раскажа кожны сход святых.
 

Аб стрыманасці: засеў ты за багатым сталом? Не разяўляй над ім глоткі сваёй першы.
 

Не кажы: «О, як многа на ім!»
 

Памятай, што вока хцівае ліхое; Бог ненавідзіць вока хцівае.
 

Што створана горшага за сквапнае вока? Таму яно плача на віду ўсяго.
 

Куды б яно ні глянула, не выцягвай ты першы рукі сваёй, бо, сквапнасцю апаганены, — засаромішся;
 

не пхніся з ім у міску.
 

Судзі аб сваіх блізкіх па самому сабе, ды пры кожным слове — падумай!
 

Карыстайся, як чалавек, з таго, што перад табой пакладзена, бо, калі будзеш есці шмат, — выклікаеш абрыду.
 

Дзеля выхаванасці першы перастань есці, ды не еш лішняга, каб каго не згоршыць.
 

І калі сядзіш паміж многіх, перш за іх не выцягвай рукі сваёй і першы не патрабуй піць.
 

Чалавеку выхаванаму хапае крыху віна! Тады ў час сну не будзеш мучыцца ад яго і не будзеш адчуваць болю.
 

Бяссонніца, халера і рэзь у жываце ў чалавека, які пераеў.
 

Здаровы сон у чалавека стрыманага: будзе спаць аж да раніцы, і душа яго будзе з ім захапляцца.
 

І калі будзеш змушаны многа есці, устань з асяроддзя, вырыгай; і стане табе лягчэй, і не давядзеш цела свайго да хваробы.
 

Слухай мяне, сыне, і не грэбуй мною, і ў далейшым прызнаеш напаміны мае.
 

Ва ўсёй дзейнасці сваёй будзь стрыманы, і ніякая хвароба не спаткае цябе.
 

Шчодрага на балях дабраславяць многіх вусны, і сведчанне пра яго дабрыню — праўдзівае;
 

супраць скнары на балі будзе шушукацца горад, ды пасведчанне пра яго скупасць будзе праўдзівае.
 

У піцці віна не рызыкуй; бо многіх згубіла віно.
 

Як у печы выпрабоўваецца цвёрдасць сталі закалкаю, так віно выпрабоўвае ў звадцы сэрцы пыхліўцаў.
 

Віно людзям, як жыццё, калі будзеш піць яго ў меру.
 

Якое жыццё таго, хто не п’е віна?
 

Хто падманвае жыццё? Смерць.
 

Віно створана на развесяленне людзей, і не на п’янства — ад пачатку.
 

На падняцце душы, і на радасць і асалоду сэрца — віно, выпітае ў меру, у свой час;
 

здароўе для душы і цела — здаровы напітак.
 

Віно, зашмат выпітае, выклікае шаленства, і гнеў, і загубу вялікую.
 

Горыч для душы — віно, калі п’юць яго многа, у злосці і звадцы.
 

П’янства павялічвае шалёнасць неразумнага на яго загубу, аслабляючы яго моц ды калечачы.
 

На балі пры піцці віна не ўпікай блізкага, ды не выказвай яму пагарды ў яго весялосці;
 

не кажы яму слоў знявагі і не дражні яго, чагосьці дамагаючыся.