Біблія / Бокун 40
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Вялікая справа створана ўсім людзям ды цяжкае ярмо для сыноў Адама; ад дня выхаду з улонняў іх маці аж да дня вяртання да маці ўсіх.
Думкі іх і страхі сэрца — выдумка чаканага дня смерці.
Пачынаючы ад таго, хто сядзіць на слаўным пасадзе, аж да таго, хто сядзіць, упакораны, на зямлі і ў попеле;
ад таго, хто носіць гіяцынт і вянец, аж да таго, хто адзяецца ў зрэбніцу, — для іх: абурэнне, зайздрасць, перапалох, непакой, і страх смерці, і нянавісць, і звадка.
І ў час адпачынку ў ложку начны сон змяняе розум яго,
Крыху, амаль зусім не мае адпачынку, вось таму ўва сне, як удзень, працуе,
напалоханы бачаннем сэрца свайго, як быццам той, хто ўцякаў з поля бою; абудзіўся ў час патрэбнага сну і дзівіцца, што няма ніякага страху.
Як бывае з кожным жывым — ад чалавека аж да жывёлы; і на грэшнікаў — у сем разоў болей:
да гэтага: смерць, кроў, звадка і меч двухбаковавостры, паражэнні, голад і прыгнёт і ўдары.
На ліхотнікаў створана ўсё гэта, ды праз іх прыйшло знішчэнне.
Усё, што з зямлі ўзята, — у зямлю вернецца, і ўсё, што з вады, — у мора вернецца.
Усякі дар сапсаванасці і несправядлівасці будзе знішчаны, а вернасць застанецца вечна.
Маёмасць несправядлівых, як ручай, высахне і, як грымоты вялікія, у ліўні прагрыміць.
Як той, хто адкрывае рукі свае, пацешыцца, так крывадушнікі загінуць да знішчэння.
Нашчадкі бязбожных не павялічаць парасткаў, і нячыстае карэнне — на вяршыні скалы.
Асака пры кожнай вадзе і на беразе ручая будзе касіцца хутчэй за ўсякую другую траву.
Ласка — як рай у дабраславенствах, і міласціна трывае вечна.
Хто жыве ў дастатку і ў працы — будзе жыць прыемна, і лепш за абаіх таму, хто знойдзе скарб.
Дзеці і збудаванне горада ўмацоўваюць імя, і вышэй за гэта будзе лічыцца чыстая жанчына.
Віно і музыка цешаць сэрца, і вышэй за гэтых абаіх — любоў да мудрасці,
флейта і псалтэрыён ствараюць мілую мелодыю, і вышэй абаіх — прыемная мова.
Красы і прыгажосці прагне вока, і вышэй іх абаіх зелень пасеваў.
Прыяцель і сябар сустракаюцца часам, і бліжэй іх абаіх — муж і жонка.
Браты і апекуны — у час бяды, і болей за іх абаіх выбаўляе міласціна.
Золата і срэбра ўмацоўваюць ногі, і вышэй іх цэніцца атрыманая парада.
Багацце і сіла падымаюць сэрца, і вышэй гэтага — страх Госпадаў.
У страху Госпадавым няма недахопаў, і няма патрэбы шукаць па-за ім дапамогі.
Страх Госпадаў як рай дабраславёны, і захаванне яго — вышэй усякай славы.
Сыне, у час жыцця твайго не жабруй; бо лепш памерці, чым жабраваць.
Чалавек, які глядзіць на чужы стол, — таго жыццё не лічыцца жыццём. Бо паганіць душу сваю чужой ежай;
а чалавек выхаваны і адукаваны гэтага ўсцеражэцца.
У вуснах бессаромнага чалавека салодкім пакажацца жабраванне, але ў нутры яго загарыцца агонь.