Біблія / Бокун 44

Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Хвала бацькоў. Выхваляйма мужоў слаўных ды бацькоў нашых па іх паходжанні.
 

Вялікую славу выявіў Госпад, веліч Сваю спрадвечную.
 

Гэта пануючыя па валадарствах сваіх, людзі вялікай улады і выдатныя сваёю разважнасцю, вешчуны прароцтваў,
 

якія кіруюць народам праз парады і вопыт запісу народаў; словы мудрасці ў іх навучэнні,
 

вынаходцы музычных мелодый і расказчыкі напісаных вершаў;
 

людзі багатыя і надзеленыя ўладаю, маючыя імкненне да мастацтваў, спакойна пражываючыя ў сваіх дамах.
 

Яны ўсе набылі славу ў родах народа свайго і ў днях сваіх цешацца пахваламі.
 

Некаторыя з іх, народжаныя, пакінулі імя для апавядання іх хвалы.
 

Ёсць і такія, што засталіся без памяці, загінулі, як быццам не жылі, і нарадзіліся, быццам не былі народжаны, так і сыны іх па іх.
 

Але ёсць і людзі міласэрныя, пабожнасць якіх не забыта.
 

Трывае яна ў нашчадках іх, добрая спадчына — іх патомкі,
 

і ў завяшчаннях засталося іх патомства;
 

і дзеці іх праз іх. Павек трывае патомства іх, і слава іх не спыніцца.
 

Целы іх у супакоі пахаваны, ды імя іх жыве з пакалення ў пакаленне;
 

пра мудрасць іх будуць апавядаць народы, і пра славу іх будзе гаварыць сход.
 

Гэнох быў мілы Богу і быў забраны ў рай, каб даць узор навяртання для народаў.
 

Ной аказаўся дасканалым і справядлівым, і ў час гневу стаў ён пагадненнем;
 

дзеля яго засталася рэшта на зямлі, калі наступіў патоп:
 

з ім заключаны былі вечныя прымірэнні, каб не магло быць знішчана патопам аніводнае цела.
 

Абрагам — вялікі бацька многіх народаў, і ў яго славе не была знойдзена ніводная загана; ён захаваў закон Узвышняга, ды з ім заключыў Ён прымірэнне.
 

На целе яго заключыў прымірэнне, і ў выпрабаванні аказаўся ён верны.
 

Таму прысягай заручыўся яму, што ў яго патомстве будуць дабраславёныя народы, што размножаць яго, як пясок зямлі,
 

і, як зоркі, узвысіць патомства яго, ды дасць ім спадчыну ад мора аж да мора і ад ракі аж да межаў зямлі.
 

І дзеля бацькі яго Абрагама з Ізаакам учыніў тое ж самае.
 

Дабраславенства ўсіх народаў даў яму Госпад і зацвердзіў прымірэнне з галавою Якубам.
 

Прызнаў яго ў сваіх дабраславенствах, ды даў яму спадчыну і выдзеліў яму ўдзел у дванаццаці пакаленнях.
 

І вывеў з яго чалавека міласэрнага, які знайшоў ласку на вачах усякага цела, —