Біблія / Бокун 46
Біблія ў перакладзе Антонія Бокуна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Мужны ў баю Ешуа, сын Нуна, пераемнік Майсея ў прароцтвах, які быў адпаведны імю свайму,
найвялікшы ў збаўленні выбраннікаў Божых, які помсціў нападаўшым ворагам, каб увесці Ізраэль у яго спадчыну.
Як уславіўся ён, падымаючы рукі свае і накіроўваючы меч свой на горад!
Хто перад ім так адзначыўся? Ён бо вёў войны Госпадавы.
Ці не яго рукою было стрымана сонца ды адзін дзень стаў, быццам два?
Прызваў Ён Узвышняга Валадара, калі напалі на яго зусюль ворагі; і выслухаў яго вялікі Госпад, бо спаслаў камяністы град надта вялікай сілы.
Кінуўся ён на варожы народ і, сышоўшы, разграміў праціўнікаў;
так што пазналі народы сілу зброі Яго, бо вайна іх — супраць Бога, бо наступаў ён за плячамі Магутнага.
І ў дні Майсея аказаў ён міласэрнасць, ён і Калеб, сын Ефоны, тым, што сталі супраць сходу, паўстрымалі народ ад грахоў ды супакоілі злую лаянку.
Таму яны ўдвух былі вызвалены з ліку шасцісот тысяч пешакоў, і былі ўведзены ў спадчыну, у зямлю, што абцякае малаком і мёдам.
І даў Госпад самому Калебу сілу, якая да старасці ў ім ператрывала, каб узышоў на высокае месца зямлі ды каб там патомства яго атрымала спадчыну;
каб пераканаліся ўсе сыны Ізраэля, што добрым ёсць — слухаць Госпада.
Далей аб суддзях, аб кожным па імю, аб тых, у каго сэрца не было сапсавана і якія не адвярнуліся ад Госпада:
хай памяць аб іх будзе дабраславёна, і хай косці іх дадуць атожылкі з месца свайго,
і хай імя іх будзе ўзноўлена сынамі гэтых мужоў святых.
Умілаваны Госпадам сваім Самуэль, прарок Госпадаў, паставіў царства, ды намасціў валадароў у народзе сваім.
Па законе Госпадавым судзіў сход, і наведаў Бог Якуба, і праз вернасць сваю быў ён праўдзівым прарокам;
і праўдзівасць бачання пазнана была па яго словах.
І ён прызваў усемагутнага Госпада, калі ворагі дзеля аблогі абкружылі зусюль, ахвяруючы малочнае ягня.
І загрымеў з неба Госпад, і ў магутным гуку даў пачуць Свой голас,
і сцёр кіраўнікоў тырскіх ды ўсіх князёў філістынскіх.
І перад часам супачынку вечнага Ён сведчыў на віду Госпада і Яго Намашчэнца: «Грошай ані нават сандаляў ні ад каго не ўзяў»; і ніхто не змог яго абвінаваціць.
І ён прарочыў і па сваёй смерці, і прадказаў цару і паказаў яму смерць яго, і падняў голас свой з зямлі, каб ухіліць народ ад ліхоцця.