Яна 6 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Цяпінскага

 
 

Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.
 

І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.
 

Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
 

І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі.
 

Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»
 

А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць яго, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.
 

Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».
 

Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:
 

«Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»
 

Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.
 

Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў вучням, вучні ж — узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.
 

А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».
 

Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.
 

Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ісус знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў свет».
 

А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў ізноў Сам адзін на гару.
 

А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора
 

і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.
 

А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер.
 

Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.
 

Але Ён кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».
 

І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.
 

Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна тая, у якую ўвайшлі вучні Яго, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;
 

іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.
 

Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.
 

І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?»
 

Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.
 

Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая застаецца ў жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».
 

Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».
 

Тады сказалі Яму: «Дык што за знак Ты учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты зробіш?
 

Бацькі нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім есці”».
 

Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.
 

Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».
 

Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».
 

Сказаў ім Ісус: «Я — хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.
 

Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.
 

Усе, каго дае Мне Айцец, да Мяне прыйдуць, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.
 

Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.
 

А воля Айца, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нікога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў яго ў апошні дзень.
 

Гэта воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».
 

Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба»,
 

ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Я сышоў з неба”»?
 

Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.
 

Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
 

Напісана ў прарокаў: “Будуць усе навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
 

І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён бачыў Айца.
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.
 

Я — хлеб жыцця.
 

Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі.
 

А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб, калі хто з вас есці будзе, не памёр.
 

Я — хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць Цела Маё якое Я аддам за жыццё свету».
 

Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»
 

Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.
 

Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.
 

Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.
 

Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.
 

Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.
 

Гэты хлеб, які з неба сышоў, не так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».
 

Гэта Ён сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.
 

Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»
 

А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?
 

А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?
 

Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.
 

Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.
 

І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».
 

Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.
 

І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся адысці ад Мяне?»
 

Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;
 

мы ж уверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога».
 

Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».
 

А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.