2 царстваў 9 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І запытаўся Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я аказаў міласэрнасць яму дзеля Ёнатана?»
 
І сказаў Давід: ці не застаўся яшчэ хто-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнатана.

А з дому Саўла застаўся адзін паслугач на імя Сіба; калі паклікаў яго цар да сябе, то спытаўся ў яго: «Ці ты Сіба?» І ён адказаў: «Я — паслугач твой».
 
У доме Саўла быў раб, якога звалі Сіва; і паклікалі яго да Давіда, і сказаў яму цар: ці ты Сіва? І той сказаў: я раб твой.

Дык спытаўся цар: «Ці застаўся хто з сям’і Саўла, каб я аказаў яму міласэрнасць Божую?» І Сіба адказаў цару: «Застаўся сын Ёнатана, хворы на ногі».
 
І сказаў цар: ці няма яшчэ каго-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую. І сказаў Сіва цару: ёсьць сын Ёнатана, кульгавы.

Спытаў ён: «Дзе ён?» І Сіба кажа цару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, ў Ладабары».
 
І сказаў яму цар: дзе ён? І сказаў Сіва цару: вось, ён у доме Махіра, сына Аміэлавага, у Лодэвары.

Такім чынам, цар Давід паслаў па яго і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Ладабара.
 
І паслаў цар Давід, і ўзялі яго з дома Махіра, сына Аміэлавага, з Ладэвара.

А калі прыбыў Мэрыбаал, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, упаў ён на твар свой і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэрыбаал». Ён адказаў: «Тут я, паслугач твой».
 
І прыйшоў Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: Мэмфівастэй! І сказаў той: вось раб твой.

І кажа яму Давід: «Не бойся, бо хачу аказаць табе міласэрнасць дзеля Ёнатана, бацькі твайго; і я вярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есці хлеб за сталом маім заўсёды».
 
І сказаў яму Давід: ня бойся: я зраблю табе ласку дзеля бацькі твайго Ёнатана і вярну табе ўсе палеткі Саўлавыя, бацькі твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за маім сталом.

Ён, пакланіўшыся яму, сказаў: «Хто я ёсць, паслугач твой, што ты звярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я?»
 
І пакланіўся Мэмфівастэй і сказаў: што такое раб твой, што ты прыхінуўся да такога мёртвага сабакі, як я?

І паклікаў цар Сібу, паслугача Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсёй яго сям’і, я перадаю сыну гаспадара твайго.
 
І паклікаў цар Сіву, слугу Саўлавага, і сказаў яму: усё, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я аддаю сыну гаспадара твайго;

Дык абрабляй яму зямлю ты, і сыны твае, і нявольнікі твае, і тое, што здабудзеш, хай будзе ежаю сям’і гаспадара твайго, якою яна будзе харчавацца; а Мэрыбаал, сын гаспадара твайго, будзе есці заўсёды хлеб з майго стала». А Сіба меў пятнаццаць сыноў і дваццаць нявольнікаў.
 
дык вось, апрацоўвай яму зямлю ты і сыны твае і рабы твае, і дастаўляй плады яе, каб у сына гаспадара твайго быў хлеб для ежы; а Мэмфівастэй, сын гаспадара свайго, заўсёды будзе есьці за маім сталом. У Сівы было пятнаццаць сыноў і дваццаць рабоў,

І сказаў Сіба цару: «Як загадаў, гаспадар мой, цар, паслугачу твайму, так і зробіць паслугач твой». А Мэрыбаал еў са стала яго, як адзін з сыноў цара.
 
і сказаў Сіва цару: усё, што загадвае гаспадар мой цар рабу свайму, выканае раб твой. Мэмфівастэй еў за сталом Давіда, як адзін з сыноў цара.

Мэрыбаал меў сына малога на імя Міха; а ўсе, хто жыў у доме Сібы, былі нявольнікамі Мэрыбаала.
 
У Мэмфівастэя быў маленькі сын, імем Міха. Усе, хто жыў у доме ў Сівы, былі рабамі Мэмфівастэя.

І жыў Мэрыбаал у Ерузаліме, бо ён заўсёды еў з царскага стала; і быў ён кульгавы на абедзве нагі.
 
І жыў Мэмфівастэй у Ерусаліме, бо ён еў заўсёды за царскім сталом. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.