2 царстваў 7 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Сталася ж, калі цар абжыўся ў доме сваім і Госпад даў яму супакой ад усіх ворагаў яго навокал,
Калі цар жыў у доме сваім, і Гасподзь асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных,
сказаў цар прароку Натану: «Ці не бачыш, што я жыву ў кедравым палацы, а каўчэг Божы знаходзіцца ў сярэдзіне палаткі?»
тады сказаў цар прароку Натану: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам.
І Натан сказаў цару: «Ідзі, зрабі ўсё, што маеш у сэрцы сваім, бо Госпад з табою».
І казаў Натан цару: усё, што ў цябе на сэрцы, ідзі, рабі, бо Гасподзь з табою.
І сталася, што ў тую самую ноч Госпад прамовіў да Натана гэтыя словы, кажучы:
Але тае самае ночы было слова Госпада Натану:
«Ідзі і скажы паслугачу Майму Давіду: вось што кажа Госпад: “Ці ты збудуеш Мне дом на пражыванне?
ідзі, скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ці ты пабудуеш Мне дом для Майго пражываньня,
Бо ніколі не жыў Я ў доме з дня, у які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай, аж да гэтага дня, але прабываў Я ў свяцілішчы або ў палатцы.
калі Я ня жыў у доме з таго часу, як вывеў сыноў Ізраілевых зь Егіпта, і да сёньня, а пераходзіў у намёце і ў скініі?
Ці ў час вандроўкі па тых мясцінах, якія прайшоў Я з усімі сынамі Ізраэля, казаў Я, кажучы хоць аднаму з суддзяў Ізраэля, якому даручыў Я пасвіць народ Мой, Ізраэль, кажучы: “Чаму не пабудавалі вы Мне кедравага дома?”
Дзе Я ні хадзіў з усімі сынамі Ізраіля, ці казаў Я хоць слова каму-небудзь з плямёнаў, якому Я назначыў пасьвіць народ Мой Ізраіля: чаму ня збудуеце Мне кедровага дома?
І цяпер вось што скажаш слузе Майму Давіду: “Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Я ўзяў цябе з пашаў, калі ты пасвіў статкі, каб быў ты кіраўніком народа Майго, Ізраэля,
І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыром народу Майго Ізраіля;
і Я быў усюды з табою, дзе ты хадзіў, і Я забіваў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім; і ўславіў імя тваё, як аднаго з вялікіх, што жывуць на зямлі.
і быў з табою ўсюды, куды ні хадзіў ты, і зьнішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі.
І Я вызначу месца народу Майму, Ізраэлю, і пасаджу яго, і будзе ён жыць там, і не будзе ён болей трывожыцца; і Я не аддам яго на здзек людзям нягодным, як раней
І Я зладжу месца народу Майму, Ізраілю, і ўкараню яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім і ня будзе трывожыцца болей, і людзі грэшныя ня будуць болей уціскаць яго, як раней,
і ад дня, калі Я паставіў суддзяў для народа Майго ізраэльскага, Я дам табе супакой ад усіх ворагаў тваіх. І Госпад табе аб’яўляе, што Госпад пабудуе табе дом.
з таго часу, як Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем; і Я асланю цябе ад усіх ворагаў тваіх. І Гасподзь абвяшчае табе, што Ён зладзіць табе дом.
І калі споўняцца дні твае і ты супакоішся з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу семя тваё па табе, што выйдзе з нутра твайго; і ўмацую царства яго.
Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае.
Ён пабудуе дом імю Майму, і Я ўмацую пасад валадарства яго навек.
Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек.
Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; калі ён зробіць што-небудзь злачыннае, Я буду караць яго дубцом людзей і карамі сыноў чалавечых.
Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; і калі ён згрэшыць, Я пакараю яго жазлом мужоў і ўдарамі сыноў чалавечых;
А міласэрнасці Сваёй не спыню да яго, як спыніў адносна Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім;
але ласкі Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.
і трывалым будзе дом твой, і царства тваё будзе перад абліччам маім вечна, і пасад твой будзе моцным заўсёды”».
І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек прад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна.
Згодна з усімі гэтымі словамі і паводле ўсяго гэтага бачання прамаўляў Натан да Давіда.
Усе гэтыя словы і ўсю гэтую ўяву Натан пераказаў Давіду.
А цар Давід пайшоў і сеў перад абліччам Госпада, і сказаў: «Хто я ёсць, Госпадзе Божа, і што ёсць мой дом, што Ты прывёў мяне аж сюды?
І пайшоў цар Давід, і стаў прад абліччам Госпада, і сказаў: хто я, Госпадзе, Госпадзе, і што такое дом мой, што Ты мяне так узьвялічыў!
Але і гэта здалося малым у вачах Тваіх, Госпадзе, Божа; і Ты казаў таксама пра род паслугача Твайго на будучыню, і гэта — закон чалавечы, Госпадзе Божа!
І гэтага яшчэ мала здалося ў вачах Тваіх, Госпадзе мой, Госпадзе; а Ты абвясьціў яшчэ пра дом раба Твайго наперад. Гэта ўжо па-чалавечы, Госпадзе мой, Госпадзе!
Дык што яшчэ можа дадаць Давід, каб сказаць Табе? Ты ведаеш паслугача Свайго, Госпадзе Божа.
Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш раба Твайго, Госпадзе мой, Госпадзе!
Дзеля слова Твайго і паводле сэрца Твайго выканаў Ты гэтыя вялікія рэчы, так што Ты зрабіў іх зразумелымі паслугачу Свайму.
Дзеля слова Твайго і па сэрцы Тваім Ты робіш гэта, адкрываючы ўсё гэта рабу Твайму.
Таму магутны Ты, Госпадзе Божа, бо нікога няма падобнага да Цябе; і няма Бога, апрача Цябе, паводле ўсяго таго, што чулі мы вушамі нашымі.
Па ўсім вялікі Ты, Госпадзе мой, Госпадзе! бо няма падобнага на Цябе і няма Бога, апрача Цябе, па ўсім, што чулі мы на свае вушы.
Ці ёсць хоць яшчэ адзін народ на зямлі, як народ Твой, Ізраэль, дзеля якога Бог прыйшоў, каб адкупіць яго Сабе за народ і праславіць імя Сваё, і выканаць для яго вялікія і страшныя рэчы так, каб выгнаць перад абліччам народа Твайго, які Ты адкупіў Сабе з Егіпта, народы і багоў іх?
І хто падобны на народ Твой Ізраіля, адзіны народ на зямлі, дзеля якога прыходзіў Бог, каб здабыць яго Сабе за народ і праславіць Сваё імя і зьдзейсьніць вялікае і страшнае перад народам Тваім, які Ты здабыў Сабе ў Егіпцян, прагнаўшы народы і божышчаў іхніх?
Ты ўмацаваў Сабе народ Твой, Ізраэль, як народ вечны; і Ты, Госпадзе, стаў яму Богам.
І Ты замацаваў за Сабою народ Твой Ізраіля, як уласны народ, навечна, і Ты, Госпадзе, зрабіўся ягоным Богам.
Дык цяпер, Госпадзе Божа, умацуй на векі слова, што сказаў Ты адносна паслугача Свайго і роду яго, і выканай тое, што прадказаў!
І сёньня, Госпадзе Божа, умацуй навечна слова, якое вымавіў Ты пра раба Твайго і пра дом Ягоны, і выканай тое, што Ты вымавіў.
І хай услаўлена будзе навек імя Тваё, і хай кажуць: “Госпад Магуццяў ёсць Бог над Ізраэлем”. І дом паслугача Твайго, Давіда, будзе моцна стаяць перад Табою,
І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: Гасподзь Саваоф — Бог над Ізраілем. І дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.
і Ты, Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, аб’явіў паслугачу Твайму, кажучы: “Я пабудую табе дом”. Таму раб Твой знайшоў у сабе мужнасць, каб прасіць Цябе ў гэтай малітве.
Бо Ты, Госпадзе Саваоф, Божа Ізраілеў, адкрыў рабу Твайму, кажучы: «зладжу табе дом», дык раб Твой падрыхтаваў сэрца сваё, каб маліцца Табе такою малітваю.
А цяпер, Госпадзе Божа, Ты — Бог, і Твае словы будуць праўдзівыя, і, такім чынам, калі Ты абяцаў паслугачу Твайму гэтае дабро,
Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясьціў рабу Твайму такое дабро!
значыць, будзь ласкавы і дабраславі дом паслугача Твайго, каб быў ён вечна перад Табою, бо Ты, Госпадзе Божа, абяцаў, і хай дабраславеннем Тваім будзе дабраславёны дом паслугача Твайго навечна».
І сёньня пачні і дабраславі дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе мой, Госпадзе, абвясьціў гэта, і дабраславеньнем Тваім зробіцца дом раба Твайго дабраславёным навечна.