2 царстваў 15 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пасля таго Абсалом справіў сабе калясніцы, і коней, і пяцьдзесят мужчын, якія хадзілі перад ім.
 
Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзясят скараходаў.

І, устаўшы рана, Абсалом станавіўся каля дарогі, што вяла да брамы; і кожнага чалавека, хто з якой справай звяртаўся да цара на суд, клікаў Абсалом да сябе і пытаў: «З якога ты горада?» Той, адказваючы, гаварыў: «Паслугач твой з такога і такога пакалення Ізраэля».
 
І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,

І Абсалом казаў яму: «Глядзі, размовы твае добрыя і справядлівыя, але ў цара ты не знойдзеш нікога, хто б цябе выслухаў».
 
тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.

І казаў Абсалом: «Калі б хто мяне паставіў суддзёю зямлі, каб прыходзілі да мяне ўсе, што маюць вырашаць справы, і каб я судзіў іх па справядлівасці?»
 
І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.

Але і калі падыходзіў да яго чалавек, каб пакланіцца яму, ён працягваў сваю руку і, беручы яго, цалаваў яго.
 
І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.

І рабіў ён так з кожным ізраэльцам, які прыходзіў на суд, каб выслухаў яго цар, і здабываў сэрцы ізраэльцаў.
 
Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.

Па чатырох гадах сказаў Абсалом цару: «Пайду, прашу цябе, я ў Геброн і споўню мае абяцанні, што я абяцаў Госпаду.
 
Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда, Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду ў Хэўроне;

Бо калі паслугач твой быў у Гэсуры Сірыйскім, ён даў абяцанне, кажучы: “Калі верне мяне Госпад назад у Ерузалім, складу Госпаду ахвяру”».
 
бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.

І сказаў яму цар: «Ідзі ў супакоі». І той устаў, і пайшоў у Геброн.
 
І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.

І паслаў Абсалом тайных вестуноў ва ўсе пакаленні Ізраэля, кажучы: «Адразу ж, як пачуеце гук трубы, гаманіце: “Абсалом абраны царом у Геброне”».
 
І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.

А з Абсаломам выбралася з Ерузаліма дзвесце прызваных чалавек, што ішлі з чыстым сэрцам і зусім не ведалі справы.
 
З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесьце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.

У час ускладання ахвяр Абсалом таксама паклікаў Ахітатэла з Гіло, дарадчыка Давіда, з горада яго Гіло. І адбылася змова моцная, і народ сыходзіўся і павялічваўся вакол Абсалома.
 
У час ахвяраваньня Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітафэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага роду Гіло. І склалася моцная змова, і народ сьцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.

І прыбыў вястун да Давіда, паведамляючы: «Сэрца ўсяго Ізраэля прыстала да Абсалома».
 
І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.

І сказаў Давід сваім паслугачам, што былі разам з ім у Ерузаліме: «Збірайцеся, уцякайма; бо не будзе нам ратунку ад Абсалома. Спяшайцеся ўцячы, каб ён, спяшаючыся, не дагнаў нас раптам, і каб не загубіў нас, і каб вастрыём меча не знішчыў горад».
 
І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мечам.

І паслугачы цара сказалі яму: «Ва ўсім, што загадае гаспадар наш, цар, вось, мы, паслугачы твае».
 
І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару мы — рабы твае.

І выйшаў цар, і за ім увесь дом яго, і пакінуў цар дзесяць жанчын наложніц сцерагчы дом.
 
І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.

І, выйшаўшы, цар і ўвесь народ з ім затрымаліся пры апошнім доме.
 
І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.

І праходзілі перад ім усе паслугачы яго; усе херэты, і фелеты і ўсе хетэі, шэсцьсот чалавек, якія пайшлі за ім з Гета, прайшлі перад царом.
 
І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.

І спытаўся цар у Этая з Гета: «Чаму і ты ідзеш разам з намі? Вярніся і застанься з царом, бо ты чужынец і нават выгнаннік са сваёй бацькаўшчыны.
 
І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;

Учора прыбыў ты, і сёння я змушаю цябе ісці блукаць разам з намі, бо я сам не ведаю, куды іду. Вярніся і забяры з сабой братоў сваіх, і хай Госпад акажа табе міласэрнасць і праўду».
 
учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою!

І ў адказ сказаў Этай цару: «Жыве Госпад, і жыве гаспадар мой, цар; у любым месцы, дзе будзе гаспадар мой, цар, ці на смерць, ці на жыццё, там будзе і паслугач твой».
 
І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.

І сказаў Давід Этаю: «Ідзі і праходзь!» І прайшоў Этай з Гета, і ўсе яго людзі, і ўсе дзеці, якія былі з ім.
 
І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.

І ўся ваколіца ва ўвесь голас плакала, і ўвесь народ праходзіў. Цар таксама перайшоў ручай Цэдрон, і ўвесь народ накіраваўся па дарозе ў пустыню.
 
І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.

І прыйшоў Садок, і з ім усе левіты, якія неслі каўчэг запавету Божага, і паставілі яны каўчэг Божы. І Абіятар склаў ахвяру, пакуль увесь народ не выйшаў з горада.
 
Вось, і Садок сьвятар, і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.

І сказаў цар Садоку: «Занясі каўчэг Божы ў горад. Калі я знайду ласку ў вачах Госпада, то Ён верне мяне і пакажа мне Яго і жыллё Яго.
 
І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць прад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.

А калі Ён скажа: “Не падабаешся ты Мне”, я тут: хай Ён робіць, што падабаецца Яму».
 
А калі Ён скажа так: «няма Маёй добрай волі да цябе», дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.

І сказаў цар Садоку святару: «Ці бачыш ты? Вяртайся ў горад у супакоі; і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Абіятара, абодва сыны вашы хай застануцца з вамі.
 
І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш, — вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;

Вось, я буду вандраваць на раўнінах пустыні, пакуль не прыйдзе да мяне паведамленне ад вас».
 
бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.

І вярнулі Садок і Абіятар каўчэг Божы ў Ерузалім, і засталіся там.
 
І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.

А Давід узыходзіў на гару Аліўную, ішоў і плакаў, ішоў ён з пакрытай галавой і босымі нагамі; але і ўсе людзі, што былі з ім, ішлі з пакрытымі галовамі і плакалі.
 
І Давід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.

І паведамілі Давіду, што і Ахітатэл быў у змове з Абсаломам; і сказаў Давід: «Госпадзе, прашу, пазбаў сілы параду Ахітатэла».
 
Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітафэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітафэлаву.

І калі Давід узышоў на вяршыню гары, дзе пакланяліся Богу, тады падбег да яго Хусай арахеец у раздзёртым адзенні і з пасыпанай зямлёй галавой.
 
Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.

І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш са мною, будзеш мне цяжарам;
 
І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;

А калі вернешся ў горад і скажаш Абсалому: “Я, цар, буду паслугачом тваім; раней я быў паслугачом бацькі твайго, дык цяпер буду тваім паслугачом!”, — то ты пазбавіш сілы параду Ахітатэла адносна мяне.
 
але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: «цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым, дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб», дык ты разладзіш мне раду Ахітафэлаву.

А будзеш мець пры сабе Садока і Абіятара, святароў; і ўсё, што пачуеш у доме цара, перакажаш Садоку і Абіятару, святарам.
 
Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.

А з імі засталіся два сыны іх: Ахімаас у Садока і Ёнатан у Абіятара; і праз іх мне перакажаш усё, што пачуеш».
 
Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.

І ўвайшоў Хусай, сябар Давіда, у горад, і Абсалом таксама ўвайшоў у Ерузалім.
 
І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.