2 царстваў 16 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна.
 
Калі Давід крыху сышоў зь вяршыні гары, вось, сустракаецца яму Сіва, слуга Мэмфівастэя, з параю наўючаных аслоў, і на іх дзьвесьце хлябоў, сто вязанак разынак, сто вязанак смокваў і мех зь віном.

І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!»
 
І сказаў цар Сіву: навошта гэта ў цябе? І адказваў Сіва: аслы для дома царскага, для язды, а хлеб і плады ў ежу хлопчыкам, а віно на піцьцё аслабелым у пустыні.

І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”».
 
І сказаў цар: дзе сын гаспадара твайго? І адказваў Сіва цару: вось, ён застаўся ў Ерусаліме і кажа: вось цяпер дом Ізраілеў верне мне царства бацькі майго.

І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар».
 
І сказаў Сіву: вось табе ўсё, што ў Мэмфівастэя. І адказваў Сіва пакланіўшыся: хай здабуду літасьць у вачах гаспадара майго цара!

І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго,
 
Калі дайшоў цар Давід да Бахурыма, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду Саўлавага, імем Сэмэй, сын Геры; ён ішоў і ліхасловіў,

і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку.
 
і кідаў камянямі ў Давіда і па ўсіх рабах цара Давіда; а ўсе людзі і ўсе адважнікі былі па правы і па левы бок.

А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла!
 
Так гаварыў Сэмэй, ліхасловячы яго: ідзі, ідзі, забойца і беззаконьнік!

Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек».
 
Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дома Саўлавага, замест якога ты зрабіў сябе царом, і аддаў Гасподзь царства ў рукі Авэсалому, сыну твайму; і вось, ты ў бядзе, бо ты крывасмок.

І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву».
 
І сказаў Авэса, сын Саруін, цару: навошта ліхасловіць гэты мёртвы сабака гаспадара майго цара? пайду я і здыму зь яго галаву.

І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”»
 
І сказаў цар: што мне і вам, сыны Саруіны? хай ён ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму ліхасловіць Давіда. Хто ж можа сказаць: навошта ты так робіш?

І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым.
 
І сказаў Давід Авэсу і ўсім слугам сваім: вось, калі мой сын, які выйшаў са сьцёгнаў маіх, шукае душы маёй, тым болей сын Веньямініцяніна; пакіньце яго, хай ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму;

Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён».
 
можа, Гасподзь прыхіліцца і на прыніжэньне маё, і дасьць мне Гасподзь даброцьцю за цяперашняе ягонае ліхаслоўе.

І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй.
 
І ішоў Давід і людзі ягоныя сваёй дарогаю, а Сэмэй ішоў па ўскраіне гары, і кідаў камянямі і пылам на бок ягоны.

І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі.
 
І прыйшоў цар і ўвесь народ, які быў зь ім, стомлены, і адпачываў там.

А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім.
 
А Авэсалом і ўвесь народ Ізраільскі прыйшоў у Ерусалім, і Ахітафэл зь ім.

А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!»
 
Калі Хусій Архіцянін, сябар Давідаў, прыйшоў да Авэсалома, дык сказаў Хусій Авэсалому: хай жыве цар, хай жыве цар!

Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
 
І сказаў Авэсалом Хусію: дык вось якая рупнасьць твая да твайго сябра! чаму ты не пайшоў зь сябрам тваім?

Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся.
 
І сказаў Хусій Авэсалому: не, каго выбраў Гасподзь і гэты народ і ўвесь Ізраіль, з тым і я, і зь ім застануся.

А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе».
 
І прытым каму я буду служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду служыць і табе.

І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?»
 
І сказаў Авэсалом Ахітафэлу: дайце параду, што нам рабіць.

І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх».
 
І сказаў Ахітафэл Авэсалому: увайдзі да наложніц бацькі твайго, якіх ён пакінуў ахоўваць дом свой; і пачуюць усе Ізраільцяне, што ты зрабіўся ненавісным бацьку твайму, і ўмацуюцца рукі ўва ўсіх, хто з табою.

І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго.
 
І паставілі Авэсалому намёт на даху, і ўвайшоў Авэсалом да наложніц бацькі свайго на вачах усяго Ізраіля.

А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам.
 
А парады Ахітафэла, якія ён даваў, у той час лічыліся, як бы калі б хто пытаўся навукі ў Бога. Такая была кожная парада Ахітафэла як Давіду, так і Авэсалому.