2 царстваў 23 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А гэта апошнія словы Давіда: «Сказаў Давід, сын Ясэя, сказаў чалавек, высока пастаўлены, намашчэнец Бога Якубава, прыемны спявак псальмаў Ізраэля:
 
Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага:

“Дух Госпадаў гаворыць праз мяне, і слова Яго — у вуснах маіх.
 
Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне.

Сказаў Бог Ізраэля, гаварыў мне Скала Ізраэля: “Валадар справядлівы над людзьмі, які пануе ў страху Божым, —
 
Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым.

як свет заранкі пры ўзыходзе сонца, як раніца без хмурынак; як трава расце з зямлі ў бляску пасля дажджу”.
 
І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі,

Ці не так і дом мой перад Богам? Бо заключыў Ён са мною запавет вечны, устаноўлены ва ўсім і пэўны. Бо ўсё збаўленне маё і ўсё, што я жадаю, ці не Ён нараджае на свет?
 
ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё?

А ўсе крывадушнікі будуць выкінуты, як церні, якія не бяруць рукамі;
 
А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою;

і, калі хто хоча да іх дакрануцца, хай узброіцца жалезам або цаўём з наканечнікам дзіды, і хай гараць яны, агнём падпаленыя».
 
а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы.

Вось імёны слаўных ваяроў Давіда: Есбаал Гахаманіт, кіраўнік між трох, ён падняў дзіду сваю на восемсот чалавек, якіх забіў адным разам.
 
Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз.

Па ім Элеязэр, сын Дадо, сына Агога, між трох адважных. Быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі сабраліся там дзеля бою філістынцы. І, калі ізраэльцы пабеглі,
 
Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны прадказаньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну;

ён адзін стаяў і біў філістынцаў, пакуль не самлела яго рука і не прыліпла да меча; і Госпад даў вялікае збаўленне ў той дзень, і народ вярнуўся, толькі каб вынесці здабычу.
 
Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да меча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых.

І па ім Сэма, сын Агэ з Арара. І сабраліся філістынцы ў Леху; а быў там палетак, поўны сачавіцы. І, калі людзі ўцяклі перад філістынцамі,
 
За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філістымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў,

ён стаў адзін сярод поля, і выратаваў іх, і філістынцаў пабіў, і Госпад даў вялікае збаўленне.
 
дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І даў тады Гасподзь вялікую перамогу.

І гэтыя трое з трыццаці прыйшлі ў час жніва і прыбылі да Давіда ў пячору Адалам; а лагер філістынцаў размясціўся ў лагчыне Рэфаім.
 
Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў.

І Давід быў тады ў крэпасці, а войска філістынцаў тады было ў Бэтлехэме.
 
Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў — у Віфляеме.

І захацеў Давід піць, і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»
 
І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?

Дык трое гэтых адважных напалі на лагер філістынцаў, і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што была каля брамы, і прынеслі Давіду. А ён не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,
 
Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада,

кажучы: «Хай ласкавы да мяне будзе Госпад, каб не зрабіць гэта. Ці ж буду я піць кроў гэтых людзей, якія пайшлі, разыкуючы жыццём?» І адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.
 
і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэта людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных!

А Абісай, брат Ёаба, сын Сэруі, быў кіраўніком трыццаці. Ён вось падняў на дзіду сваю трыста, якіх забіў. Быў ён слаўным сярод тых трыццаці,
 
І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох.

і быў ён даволі вядомы паміж трыццаці, і быў іх кіраўніком; але не зраўняўся з трыма папярэднімі.
 
З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся.

І Бэная, сын Ёяды з Кабсээля, быў ваяром наймужнейшым у вялікіх справах. Ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, і ён сам пайшоў і забіў льва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.
 
Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час;

Забіў ён таксама егіпцяніна, чалавека высокага росту, які трымаў у руцэ дзіду; а ён пайшоў на яго з кіем, сілай вырваў з рукі егіпцяніна дзіду і забіў яго ўласнаю дзідаю яго.
 
ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай:

Гэта выканаў Баная, сын Ёяды, і быў ён у славе між трыццаццю наймужнейшымі.
 
вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных;

А быў ён даволі вядомы з тых трыццаці; але з тымі трыма не зраўняўся. І Давід паставіў яго ў сябе на чале світы сваёй.
 
ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.

Сярод тых трыццаці быў Асаэль, брат Ёаба, Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма,
 
Асаіл, брат Ёава — у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема,

Сама з Харода і Эліка з Харода,
 
Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін,

Гэлес з Палці і Хіра, сын Акеса, з Тэкуа,
 
Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін,

Абіязэр з Анатота, і Сабахай з Гусы,
 
Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін,

Сэлмон з Агога, Магарай Нэтафатыт,
 
Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін,

Хэлед, сын Бааны, Нэтафатыт, і Ітай, сын Рэбая, з Габы сыноў Бэньяміна.
 
Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Веньямінавых,

Баная з Паратона, Гэдай з Нагале-Гааса,
 
Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша,

Абібаал Арбатыт, Азмавэт з Бахурыма,
 
Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін,

Эліяба з Саалбона, Ясэн з Гуна,
 
Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан,

Ёнатан, сын Самы, з Арара, Агіям, сын Сарара, з Арара,
 
Шама Гарарыцянін; Ахіям, сын Шарара, Арарыцянін,

Эліпалет, сын Аасбая, Маахатыта, Эліям, сын Ахітатэла, з Гіло,
 
Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін,

Гэсра з Кармэля, Парай з Араба,
 
Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін,

Ігал, сын Натана, з Собы, Бані з Гада,
 
Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін,

Сэлек з Амона, Нагарай з Бэрота, збраяносец Ёаба, сына Сэруі,
 
Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі,

Хіра Ятрэй, таксама Гарэб Ятрэй,
 
Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін,

Урыя Хетэй. Усіх трыццаць сем.
 
Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем.