2 царстваў 20 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Сталася таксама, што быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Сэба, сын Бохры, бэньямінец; і ён затрубіў у трубу і крыкнуў: «Не маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Ізраэльцы, у палаткі свае!»
Там выпадкова быў адзін нягодны чалавек, імем Савэй, сын Біхры, Веньямініцянін; ён затрубіў у трубу і сказаў: няма нам часткі ў Давідзе, і няма нам долі ў сыне Есэевым; усе па намётах сваіх, Ізраільцяне!
Дык усе ізраэльцы аддзяліліся ад Давіда і пайшлі за Сэбам, сынам Бохры; а юдэі засталіся пры цару сваім, пачынаючы ад Ярдана аж да Ерузаліма.
І аддзяліліся ўсе Ізраільцяне ад Давіда і пайшлі за Савэем, сынам Біхры; а Юдэі засталіся на баку цара свайго, ад Ярдана да Ерусаліма.
І, калі вярнуўся цар у дом свой у Ерузаліме, узяў ён дзесяць жанчын наложніц, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясціў іх у дом пад вартай, даўшы ім харч. І больш да іх не прыходзіў, але былі яны замкнёныя аж да дня смерці сваёй, жывучы, быццам удовы.
І прыйшоў Давід у свой дом у Ерусаліме, і ўзяў цар дзесяць жанчын наложніц, якіх ён пакідаў сьцерагчы дом, і разьмясьціў іх у асобным доме пад нагляд, і ўтрымліваў іх, але не хадзіў да іх. І ўтрымліваліся яны там да дня сьмерці сваёй, жывучы як удовы.
А цар сказаў Амасе: «Збяры да мяне ўсіх мужчын Юды да трэцяга дня, і ты стань тут, прысутнічай».
І сказаў Давід Амэсаю: пакліч да мяне Юдэяў за тры дні і сам зьявіся сюды.
Дык пайшоў Амаса, каб склікаць юдэяў, і не паспеў да вызначанага часу, які быў яму прызначаны.
І пайшоў Амэсай клікаць Юдэяў, але прамарудзіў больш назначанага яму часу.
А Давід сказаў Абісаю: «Сэба, сын Бохры, зробіць нам большае зло, чым Абсалом; дык збяры паслугачоў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён умацаваных гарадоў і не ўцёк ад нас».
Тады Давід сказаў Авэсу: цяпер наробіць нам ліха Савэй, сын Біхры, больш, чым Авэсалом; вазьмі ты слуг гаспадара свайго і перасьледуй яго, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных гарадоў і ня зьнік з вачэй нашых.
І пайшлі з ім людзі Ёаба, херэты, таксама фелеты і ўсе людзі наймужнейшыя; і выйшлі яны з Ерузаліма даганяць Сэбу, сына Бохры.
І выйшлі за ім людзі Ёававы, і Хэлэтэі і Фэлэтэі, і ўсе адважныя пайшлі зь Ерусаліма перасьледаваць Савэя, сына Біхры.
І, калі яны былі каля вялікага каменя, які ў Габаоне, з’явіўся перад імі Амаса. А Ёаб быў узброены, і на клубах яго на поясе быў схаваны меч, які лёгкім рухам трапляў у яго руку з ножан.
І калі яны былі паблізу вялікага каменя, што каля Гаваона, дык сустрэўся зь імі Амэсай. Ёаў быў апрануты ў вайсковую вопратку сваю і аперазаны мечам, які вісеў каля сьцягна ў похвах і які лёгка выходзіў зь іх і ўваходзіў.
І сказаў Ёаб Амасе: «Як здароўе, братка мой?» І ўзяў Ёаб Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.
І сказаў Ёаў Амэсаю: ці здаровы ты, браце мой? І ўзяў Ёаў праваю рукою Амэсая за бараду, каб пацалаваць яго.
А Амаса не заўважыў меча ў руцэ Ёаба, які ўдарыў яго ў жывот і выпусціў нутро яго на зямлю, і не нанёс другую рану, і той памёр. А Ёаб і брат яго Абісай кінуліся ў пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
А Амэсай не ўпільнаваўся ад меча, які быў у руцэ ў Ёава, і той ударыў яго ім ў жывот, так што выпалі вантробы яго на зямлю, і не паўтарыў яму ўдару, і ён памёр. Ёаў і Авэса, брат ягоны, пагналіся за Савэем, сынам Біхры.
Між тым, адзін з паслугачоў Ёаба затрымаўся каля цела Амасы і закрычаў: «Хто прыхільны да Ёаба і хто стаіць за Давіда, хай ідзе за Ёабам!»
Адзін з хлопцаў Ёававых стаяў над Авэсам і казаў: той, хто адданы Ёаву і хто за Давіда, хай ідзе за Ёавам!
А Амаса ляжаў, скрываўлены, сярод дарогі. Заўважыў той чалавек, што ўсе людзі затрымліваюцца, каб паглядзець на яго, і перацягнуў Амасу з дарогі на поле, і накрыў яго вопраткаю, бо бачыў, што ўсе праходзячыя спыняюцца каля яго.
А Амэсай ляжаў у крыві сярод дарогі. І той чалавек, убачыўшы, што ўвесь народ спыняецца над ім, сьцягнуў Амэсая з дарогі ў поле і накінуў на яго вопратку, бо ён бачыў, што кожны прахожы спыняўся над ім.
І калі ён прыняў Амасу з дарогі, кожны чалавек пайшоў за Ёабам у пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
Але калі ён быў сьцягнуты з дарогі, дык увесь народ Ізраільскі пайшоў сьледам за Ёавам перасьледаваць Савэя, сына Біхры.
І прайшоў Ёаб праз усе пакаленні Ізраэля аж да Абэл-Бэт-Маахі; і сабраліся ўсе сыны Бохры, і пайшлі за ім таксама.
І ён прайшоў праз усе плямёны Ізраільскія да Авэла-Бэт-Мааха і праз увесь Бэрым; і жыхары гарадоў зьбіраліся і ішлі за ім.
І, вось, прыйшлі яны, і акружылі яго ў Абэл-Бэт-Маасе, і насыпалі вал насупраць горада, які стаў насупраць вонкавага крапаснога вала; і ўсе людзі, якія былі з Ёабам, стараліся разбурыць муры.
І прыйшлі і аблажылі яго ў Авэле-Бэт-Мааху; і насыпалі вал перад горадам і падступіліся да сьцяны, і ўсе людзі, якія былі зь Ёавам, стараліся разбурыць сьцяну.
Тады з горада закрычала нейкая разумная жанчына: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёабу: “Падыдзі сюды, і я пагавару з табою”».
Тады адна разумная жанчына закрычала са сьцяны горада: паслухайце, паслухайце, скажэце Ёаву, каб ён падышоў сюды, і я пагавару зь ім.
Калі ён падышоў да яе, яна сказала яму: «Ці ты Ёаб?» І ён адказаў ёй: «Я». Яна так сказала яму: «Паслухай, што скажа паслугачка твая». Ён адказаў: «Слухаю».
І падышоў да яе Ёаў, і сказала жанчына: ці ты Ёаў? І сказаў: я. Яна сказала: паслухай словаў рабы тваёй. І сказаў ён: слухаю.
І зноў сказала яна: «Такія словы гаварыліся ў даўняй прыказцы: “Няхай спытаюцца ў Абэлі, і так скончаць справу”.
Яна сказала: раней казалі: хто хоча спытацца, спытайся ў Авэле; і так вырашалі справу.
Я — мірны горад з [гарадоў], верных Ізраэлю. І ты хочаш разваліць горад і зруйнаваць маці [гарадоў] Ізраэля? Навошта ты нішчыш спадчыну Госпада?»
Я зь мірных, верных гарадоў Ізраіля, а ты хочаш зьнішчыць горад, маці гарадоў у Ізраілі. Навошта табе разбураць спадчыну Гасподнюю?
І ў адказ Ёаб сказаў: «Ніякім чынам, ніякім чынам; я не разбураю і не нішчу.
І адказваў Ёаў і сказаў: хай ня будзе гэтага ад мяне, каб я зьнішчыў альбо разбурыў!
Не ў гэтым справа, але чалавек з гары Эфраіма, на імя Сэба, сын Бохры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце яго аднаго, і я адступлю ад горада». І жанчына кажа Ёабу: «Вось, галава яго будзе скінута табе з мура».
Гэта ня так; але чалавек з гары Яфрэмавай, імем Савэй, сын Біхры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце мне яго аднаго, і я адступлюся ад горада. І сказала жанчына Ёаву: вось, галава ягоная будзе табе скінута са сьцяны.
І выйшла яна перад усім народам і сказала яму разумна. Яны адсеклі галаву Сэбы, сына Бохры, і кінулі праз мур Ёабу. І ён затрубіў у трубу, і адышлі ад горада кожны ў сваю палатку. А Ёаб вярнуўся ў Ерузалім да цара.
І пайшла жанчына да ўсяго народу са сваім разумным словам. І адсеклі галаву Савэю, сыну Біхры, і кінулі Ёаву. Тады Ёаў затрубіў у трубу, і разышліся ад горада ўсе па сваіх намётах; а Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да цара.
І стаў Ёаб над усім войскам Ізраэля; а Баная, сын Ёяды, — над херэтамі і фелетамі;
І быў Ёаў пастаўлены над усім войскам Ізраільскім, а Ванэя, сын Ёдаеў, — над Хэлэтэямі і над Фэлэтэямі;
а Аданірам — над зборам даніны; а Язафат, сын Ахілуда, — канцлерам, над запісамі.
Адарам — над зборам падаткаў; Ёсафат, сын Ахілуда — дзеяпісальнікам;
А Сіва — пісарам, а Садок і Абіятар — святарамі;
Суса — пісцом; Садок і Авіятар — сьвятарамі;
таксама Хіра з Яіра быў святаром у Давіда.
таксама і Іра Ярыцянін быў сьвятаром, у Давіда.