2 царстваў 20 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сталася таксама, што быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Сэба, сын Бохры, бэньямінец; і ён затрубіў у трубу і крыкнуў: «Не маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Ізраэльцы, у палаткі свае!»
 
І быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Шэва, сын Біхры, Бэн’ямінец. Ён затрубіў у рог і сказаў: «Ня маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Есэя! Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае!»

Дык усе ізраэльцы аддзяліліся ад Давіда і пайшлі за Сэбам, сынам Бохры; а юдэі засталіся пры цару сваім, пачынаючы ад Ярдана аж да Ерузаліма.
 
І ўсе людзі Ізраілю адыйшлі ад Давіда [і пайшлі] за Шэваю, сынам Біхры. А людзі Юды засталіся пры валадару сваім ад Ярдану аж да Ерусаліму.

І, калі вярнуўся цар у дом свой у Ерузаліме, узяў ён дзесяць жанчын наложніц, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясціў іх у дом пад вартай, даўшы ім харч. І больш да іх не прыходзіў, але былі яны замкнёныя аж да дня смерці сваёй, жывучы, быццам удовы.
 
І прыйшоў валадар у дом свой у Ерусаліме, і ўзяў валадар дзесяць наложніцаў, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясьціў іх у дом пад вартай, і забясьпечваў іх [усім], але больш да іх не прыходзіў, і былі яны ўвязьненыя аж да дня сьмерці сваёй, быццам удовы пры жыцьці [мужа].

А цар сказаў Амасе: «Збяры да мяне ўсіх мужчын Юды да трэцяга дня, і ты стань тут, прысутнічай».
 
І сказаў валадар Амасе: «Скліч да мяне ўсіх мужчынаў Юды на трэці дзень, а ты стань тут».

Дык пайшоў Амаса, каб склікаць юдэяў, і не паспеў да вызначанага часу, які быў яму прызначаны.
 
І пайшоў Амаса, каб склікаць людзей Юды, і замарудзіў на вызначаны час, які быў яму прызначаны.

А Давід сказаў Абісаю: «Сэба, сын Бохры, зробіць нам большае зло, чым Абсалом; дык збяры паслугачоў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён умацаваных гарадоў і не ўцёк ад нас».
 
І сказаў Давід Абішаю: «Цяпер Шэва, сын Біхры, горшы для нас, чым Абсалом. Ты зьбяры слугаў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён сабе гораду ўмацаванага і ня ўцёк перад вачыма нашымі».

І пайшлі з ім людзі Ёаба, херэты, таксама фелеты і ўсе людзі наймужнейшыя; і выйшлі яны з Ерузаліма даганяць Сэбу, сына Бохры.
 
І пайшлі з ім людзі Ёава, Керэты, і Пэлеты, і ўсе волаты. І выйшлі яны з Ерусаліму даганяць Шэву, сына Біхры.

І, калі яны былі каля вялікага каменя, які ў Габаоне, з’явіўся перад імі Амаса. А Ёаб быў узброены, і на клубах яго на поясе быў схаваны меч, які лёгкім рухам трапляў у яго руку з ножан.
 
Яны былі каля вялікага камяня, які ў Гібэоне, калі выйшаў насустрач ім Амаса. А Ёаў быў узброены, і на сьцёгнах ягоных на поясе вісеў меч у похвах, які зручна ўваходзіў і выходзіў.

І сказаў Ёаб Амасе: «Як здароўе, братка мой?» І ўзяў Ёаб Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.
 
І сказаў Ёаў Амасе: «Ці супакой у цябе, браце мой?» І ўзяў Ёаў Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.

А Амаса не заўважыў меча ў руцэ Ёаба, які ўдарыў яго ў жывот і выпусціў нутро яго на зямлю, і не нанёс другую рану, і той памёр. А Ёаб і брат яго Абісай кінуліся ў пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
 
І Амаса не заўважыў мяча ў другой руцэ Ёава, а [Ёаў] ударыў ім у жывот ягоны, і нутро ягонае вылілася на зямлю, і ўжо не паўтарыў [удару]. І той памёр. А Ёаў і брат ягоны Абішай перасьледавалі Шэву, сына Біхры.

Між тым, адзін з паслугачоў Ёаба затрымаўся каля цела Амасы і закрычаў: «Хто прыхільны да Ёаба і хто стаіць за Давіда, хай ідзе за Ёабам!»
 
І адзін са слугаў Ёава затрымаўся, і сказаў: «Хто прыхільны Ёаву і хто за Давіда, [няхай ідз з Ёавам!»

А Амаса ляжаў, скрываўлены, сярод дарогі. Заўважыў той чалавек, што ўсе людзі затрымліваюцца, каб паглядзець на яго, і перацягнуў Амасу з дарогі на поле, і накрыў яго вопраткаю, бо бачыў, што ўсе праходзячыя спыняюцца каля яго.
 
А Амаса ляжаў скрываўлены сярод гасьцінца. І ўбачыў той чалавек, што людзі спыняюцца, і перацягнуў Амасу з гасьцінца на поле, і накрыў яго вопраткай, бо бачыў, што ўсе, якія праходзяць, спыняюцца каля яго.

І калі ён прыняў Амасу з дарогі, кожны чалавек пайшоў за Ёабам у пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
 
І калі ён прыняў Амасу з гасьцінца, кожны чалавек пайшоў за Ёавам у пагоню за Шэваю, сынам Біхры.

І прайшоў Ёаб праз усе пакаленні Ізраэля аж да Абэл-Бэт-Маахі; і сабраліся ўсе сыны Бохры, і пайшлі за ім таксама.
 
І прайшоў Ёаў праз усе калены Ізраіля аж да Абэль-Бэт-Маахі. І ўсе [сыны] Бээры сабраліся і пайшлі за ім.

І, вось, прыйшлі яны, і акружылі яго ў Абэл-Бэт-Маасе, і насыпалі вал насупраць горада, які стаў насупраць вонкавага крапаснога вала; і ўсе людзі, якія былі з Ёабам, стараліся разбурыць муры.
 
І вось, прыйшлі яны, і абляглі [Шэву] ў Абэль-Бэт-Маасе, і насыпалі вал кругом гораду, і сталі перад мурам. І ўвесь народ, якія [быў] з Ёавам, намагаўся разбурыць муры.

Тады з горада закрычала нейкая разумная жанчына: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёабу: “Падыдзі сюды, і я пагавару з табою”».
 
І нейкая разумная жанчына з гораду закрычала: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёаву, няхай ён падыйдзе сюды, і я пагавару з ім».

Калі ён падышоў да яе, яна сказала яму: «Ці ты Ёаб?» І ён адказаў ёй: «Я». Яна так сказала яму: «Паслухай, што скажа паслугачка твая». Ён адказаў: «Слухаю».
 
І ён наблізіўся да яе, і сказала жанчына: «Ці ты Ёаў?» Ён сказаў: «Я». І яна сказала яму: «Паслухай, што скажа служка твая». Ён сказаў: «Слухаю».

І зноў сказала яна: «Такія словы гаварыліся ў даўняй прыказцы: “Няхай спытаюцца ў Абэлі, і так скончаць справу”.
 
І сказала яна, кажучы: «Даўней так гаварылі: “Няхай спытаюцца ў Абэлі”, і так скончвалі [справу].

Я — мірны горад з [гарадоў], верных Ізраэлю. І ты хочаш разваліць горад і зруйнаваць маці [гарадоў] Ізраэля? Навошта ты нішчыш спадчыну Госпада?»
 
Я — мірны і верны [горад] у Ізраілі, а ты хочаш усьмерціць горад і [зруйнаваць] маці [гарадоў] Ізраіля. Навошта ты нішчыш спадчыну ГОСПАДА?»

І ў адказ Ёаб сказаў: «Ніякім чынам, ніякім чынам; я не разбураю і не нішчу.
 
І адказаў Ёаў, і сказаў: «Далёка, далёка гэта ад мяне, каб я разбураў або нішчыў.

Не ў гэтым справа, але чалавек з гары Эфраіма, на імя Сэба, сын Бохры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце яго аднаго, і я адступлю ад горада». І жанчына кажа Ёабу: «Вось, галава яго будзе скінута табе з мура».
 
Ня ў гэтым справа. Вось, чалавек з гары Эфраіма, Шэва, сын Біхры, імя ягонае, падняў руку сваю на валадара Давіда. Выдайце яго, і я адыйду ад гораду». І сказала жанчына Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе перакінута табе праз мур».

І выйшла яна перад усім народам і сказала яму разумна. Яны адсеклі галаву Сэбы, сына Бохры, і кінулі праз мур Ёабу. І ён затрубіў у трубу, і адышлі ад горада кожны ў сваю палатку. А Ёаб вярнуўся ў Ерузалім да цара.
 
І выйшла яна да ўсяго народу з мудрасьцю сваёй, і адсеклі галаву Шэвы, сына Біхры, і кінулі яе Ёаву. І ён затрубіў у рог, і адыйшлі ад гораду кожны ў намёт свой. А Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да валадара.

І стаў Ёаб над усім войскам Ізраэля; а Баная, сын Ёяды, — над херэтамі і фелетамі;
 
І Ёаў [быў ]над усім войскам Ізраіля, а Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі,

а Аданірам — над зборам даніны; а Язафат, сын Ахілуда, — канцлерам, над запісамі.
 
Аданірам — над зборам даніны; Язафат, сын Ахілюда — канцлер,

А Сіва — пісарам, а Садок і Абіятар — святарамі;
 
Шэва — пісар, Цадок і Абіятар — сьвятары.

таксама Хіра з Яіра быў святаром у Давіда.
 
І таксама Іра з Яіру быў святаром у Давіда.