2 царстваў 20 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сталася таксама, што быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Сэба, сын Бохры, бэньямінец; і ён затрубіў у трубу і крыкнуў: «Не маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Ізраэльцы, у палаткі свае!»
 
І прылучылася быць там чалавеку Велялу, наймя Шэву Біхранку, Веняміняніну, ён затрубіў у рог і сказаў: «Няма нам часьці ў Давіду, і няма нам дзелі ў Есянку; ўсі па буданох сваіх, Ізраяляне!»

Дык усе ізраэльцы аддзяліліся ад Давіда і пайшлі за Сэбам, сынам Бохры; а юдэі засталіся пры цару сваім, пачынаючы ад Ярдана аж да Ерузаліма.
 
І ўзышоў кажны Ізраелянін, замест за Давідам, за Шэваю Біхранком; Юдэі ж ліплі да караля свайго, ад Ёрдану аж да Ерузаліму.

І, калі вярнуўся цар у дом свой у Ерузаліме, узяў ён дзесяць жанчын наложніц, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясціў іх у дом пад вартай, даўшы ім харч. І больш да іх не прыходзіў, але былі яны замкнёныя аж да дня смерці сваёй, жывучы, быццам удовы.
 
І прышоў Давід да дому свайго ў Ерузаліме, і ўзяў кароль дзесяць мамошак, каторых ён пакінуў сьцерагчы дом, і памясьціў іх у доме старожы, і жывіў іх, але ня ўходзіў да іх. Гэтак яны былі замкнёныя да дня сьмерці свае ў удовіным жыцьцю.

А цар сказаў Амасе: «Збяры да мяне ўсіх мужчын Юды да трэцяга дня, і ты стань тут, прысутнічай».
 
І сказаў Давід Амасе: «Згукай да мяне Юдэяў за тры дні і сам стань сюды».

Дык пайшоў Амаса, каб склікаць юдэяў, і не паспеў да вызначанага часу, які быў яму прызначаны.
 
І пайшоў Амаса згукаць Юдэяў, але задлякаўся.

А Давід сказаў Абісаю: «Сэба, сын Бохры, зробіць нам большае зло, чым Абсалом; дык збяры паслугачоў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён умацаваных гарадоў і не ўцёк ад нас».
 
Тады Давід сказаў Авішаю: «Цяпер наробе нам ліха Шэва Біхранок болей, чымся Аўсалом; вазьмі ты служцоў спадара свайго і пажаніся за ім, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных местаў і ня ўцёк ад ачоў нашых».

І пайшлі з ім людзі Ёаба, херэты, таксама фелеты і ўсе людзі наймужнейшыя; і выйшлі яны з Ерузаліма даганяць Сэбу, сына Бохры.
 
І вышлі за ім людзі Ёававы а Херэфеі а Пелефеі а ўсі харобрыя, і пайшлі зь Ерузаліму гнацца за Шэваю Біхранком.

І, калі яны былі каля вялікага каменя, які ў Габаоне, з’явіўся перад імі Амаса. А Ёаб быў узброены, і на клубах яго на поясе быў схаваны меч, які лёгкім рухам трапляў у яго руку з ножан.
 
І як яны былі ля вялікага каменя, каторы ў Ґівеоне, то Амаса прышоў да іх. Ёаў быў паперазаўшыся, адзеўшыся ў вадзецьце свае, і на ім паперазаны меч, прымацаваны да сьцягна ў похве, каторы лёгка выходзіў зь яе і ўходзіў.

І сказаў Ёаб Амасе: «Як здароўе, братка мой?» І ўзяў Ёаб Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго.
 
І сказаў Ёаў Амасе: «Як маешся, браце мой?» І схапіў Ёаў праваю рукою Амасу за бараду, каб пацалаваць яго.

А Амаса не заўважыў меча ў руцэ Ёаба, які ўдарыў яго ў жывот і выпусціў нутро яго на зямлю, і не нанёс другую рану, і той памёр. А Ёаб і брат яго Абісай кінуліся ў пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
 
Амаса ж не сьцярогся мяча, бытага ў Ёава ў руццэ; і гэты выцяў яго ім пад пятую скабу, і выпалі патрыхі ягоныя на зямлю, і не паўтарыў вытня, і ён памер. Ёаў а Авішай, брат ягоны, пагналіся за Шэваю Біхранком.

Між тым, адзін з паслугачоў Ёаба затрымаўся каля цела Амасы і закрычаў: «Хто прыхільны да Ёаба і хто стаіць за Давіда, хай ідзе за Ёабам!»
 
Адзін ізь дзяцюкоў Ёававых стаяў над Амасаю і гукаў: «Тый, хто прыяў Ёаву і хто належа да Давіда, ідзі за Ёавам!»

А Амаса ляжаў, скрываўлены, сярод дарогі. Заўважыў той чалавек, што ўсе людзі затрымліваюцца, каб паглядзець на яго, і перацягнуў Амасу з дарогі на поле, і накрыў яго вопраткаю, бо бачыў, што ўсе праходзячыя спыняюцца каля яго.
 
Амаса ж качаўся ў крыві сярод гасьцінца; і тый чалавек, абачыўшы, што ўвесь люд прыпыняецца над ім, сьцягнуў Амасу з гасьцінца на поле і накінуў на яго адзецьце, бо ён бачыў, што кажны, праходзячы, прыпыняўся над ім.

І калі ён прыняў Амасу з дарогі, кожны чалавек пайшоў за Ёабам у пагоню за Сэбам, сынам Бохры.
 
Як ён быў сьцягнены з гасьцінца, то ўвесь люд Ізраельскі пайшоў за Ёавам гнацца за Шэваю Біхранком.

І прайшоў Ёаб праз усе пакаленні Ізраэля аж да Абэл-Бэт-Маахі; і сабраліся ўсе сыны Бохры, і пайшлі за ім таксама.
 
А ён прайшоў пераз усі плямёны Ізраельскія аж да Авелу і Веф-Мааху і пераз увесь Берым; і зьбіраліся і йшлі таксама за ім.

І, вось, прыйшлі яны, і акружылі яго ў Абэл-Бэт-Маасе, і насыпалі вал насупраць горада, які стаў насупраць вонкавага крапаснога вала; і ўсе людзі, якія былі з Ёабам, стараліся разбурыць муры.
 
І прышлі й абляглі яго ўв Авеле Беф-Маасе; і насыпалі вал перад местам, і прыступілі да сьцяны, і ўсі людзі, бытыя зь Ёавам, сілаваліся, каб паваліць сьцяну.

Тады з горада закрычала нейкая разумная жанчына: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёабу: “Падыдзі сюды, і я пагавару з табою”».
 
І закрычэла адна разумная жонка ізь сьцяны места: «Паслухайце, паслухайце, кажыце, калі ласка, Ёаву, каб ён падыйшоў сюды, і я пагутару зь ім».

Калі ён падышоў да яе, яна сказала яму: «Ці ты Ёаб?» І ён адказаў ёй: «Я». Яна так сказала яму: «Паслухай, што скажа паслугачка твая». Ён адказаў: «Слухаю».
 
І дабліжыўся да яе Ёаў, і сказала жонка: «Ці ты Ёаў?» І сказаў: «Я». Яна сказала: «Паслухай словаў служэбкі свае». І сказаў ён: «Слухаю».

І зноў сказала яна: «Такія словы гаварыліся ў даўняй прыказцы: “Няхай спытаюцца ў Абэлі, і так скончаць справу”.
 
Яна сказала: «Уперад гукалі, кажучы: "Папытайцеся, папытайцеся ўв Авеле"; і гэтак канчалі.

Я — мірны горад з [гарадоў], верных Ізраэлю. І ты хочаш разваліць горад і зруйнаваць маці [гарадоў] Ізраэля? Навошта ты нішчыш спадчыну Госпада?»
 
Я із супакойных, верных Ізраеля; а ты хочаш зьнішчыць места, ды маці ў Ізраелю. Нашто табе бурыць спадак СПАДАРОЎ?»

І ў адказ Ёаб сказаў: «Ніякім чынам, ніякім чынам; я не разбураю і не нішчу.
 
І адказаў Ёаў, і сказаў: «Крый Божа, крый Божа, каб я праглынуў альбо зьнішчыў!

Не ў гэтым справа, але чалавек з гары Эфраіма, на імя Сэба, сын Бохры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце яго аднаго, і я адступлю ад горада». І жанчына кажа Ёабу: «Вось, галава яго будзе скінута табе з мура».
 
Гэта ня так; але чалавек із гары Яхрэмавае, наймя Шэва Біхранок, падняў руку сваю на караля, на Давіда; выдайце імне яго аднаго, і я адступлю ад места». І сказала жонка Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе кінена табе ізь сьцяны».

І выйшла яна перад усім народам і сказала яму разумна. Яны адсеклі галаву Сэбы, сына Бохры, і кінулі праз мур Ёабу. І ён затрубіў у трубу, і адышлі ад горада кожны ў сваю палатку. А Ёаб вярнуўся ў Ерузалім да цара.
 
І пайшла жонка да ўсяго люду із сваім розумам; і адцялі галаву Шэву Біхранку, і кінулі Ёаву. Тады затрубіў у рог, і разышліся ад места ўсі па сваіх буданох; Ёаў жа зьвярнуўся да Ерузаліму да караля.

І стаў Ёаб над усім войскам Ізраэля; а Баная, сын Ёяды, — над херэтамі і фелетамі;
 
І быў Ёаў над усім войскам Ізраельскім, а Веная Егоядзёнак — над Херэфеямі а над Пелефеямі;

а Аданірам — над зборам даніны; а Язафат, сын Ахілуда, — канцлерам, над запісамі.
 
Адорам — над падачкамі; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік;

А Сіва — пісарам, а Садок і Абіятар — святарамі;
 
Шэва — пісар; Садок а Авафар — сьвятары;

таксама Хіра з Яіра быў святаром у Давіда.
 
Таксама й Іра Яіранін быў служцом у Давіда.