2 царстваў 13 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І здарылася пасля таго, што Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру на імя Тамар, у якую закахаўся Амнон, сын Давіда.
 
І было просьле гэтага: ув Аўсалома Давідзёнка была сястра харошая, наймя Тамара; і закахаўся ў яе Амнон Давідзёнак.

І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з-за кахання да сваёй сястры Тамар, бо, паколькі была яна яшчэ дзяўчынай, Амнону здавалася цяжкім учыніць з ёю штосьці непрыстойнае.
 
І ўзрушаўся Амнон, ажно захварэў пераз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-колечы зрабіць ёй.

А Амнон меў прыяцеля на імя Ёнадаб, сына Самы, брата Давіда, чалавека вельмі хітрага.
 
І ўв Амнона быў прыяцель, а імя ягонае Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі мудры.

Ён запытаўся ў яго: «Царэвічу, чаму ты так худзееш з дня на дзень? Чаму не хочаш мне расказаць пра гэта?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».
 
І ён сказаў яму: «Чаму ты так блажэеш, сыну каралёў, з раньня да раньня, — ці ня скажаш імне?» І сказаў яму Амнон: «Тамару, сястру брата свайго Аўсалома, люблю я».

Адказаў яму Ёнадаб: «Ляж на ложак свой і прыкінься хворым. І, калі прыйдзе бацька твой, каб наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і падала мне есці, ды каб на маіх вачах зрабіла смачную страву, каб я бачыў і еў з яе рук”».
 
І сказаў яму Ёнадаў: «Лажыся ў пасьцелю сваю і прыдайся хворым; і як ацец твой прыйдзе даведацца цябе, ты скажы яму: "Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і падасьць імне хлеба, і прыгатуе перад ачыма маімі сытое бараніны, каб я бачыў і еў з рук ейных"».

Дык Амнон лёг і прыкінуўся хворым. І, калі прыйшоў цар, каб наведаць яго, Амнон сказаў цару: «Хай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, хай на вачах маіх спячэ дзве аладкі, каб мог я прыняць ежу з яе рук».
 
І лёг Амнон, і прыдаўся хворым, і прышоў кароль даведацца яго; і сказаў Амнон каралю: «Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і сьпячэць перад ачыма маімі дзьве перапечкі, і я паем із рук ейных».

І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і спячы яму смачную страву».
 
І паслаў Давід да Тамары да дому сказаць: «Пайдзі да дому Амнонавага, брата свайго, і прыгатуй яму сытое бараніны».

І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона; а ён ляжаў. Узяўшы муку, яна замясіла цеста і, зрабіўшы аладкі на яго вачах, яна спякла іх.
 
І пайшла яна да дому брата свайго Амнона, а ён ляжыць. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і прыгатавала перад ачыма ягонымі, і сьпякла перапечкі.

І, узяўшы патэльню, яна выклала тое, што спякла, і паставіла перад ім, але ён не хацеў есці; і сказаў Амнон: «Хай усе выйдуць ад мяне». І, калі ўсе выйшлі,
 
І ўзяла сквараду й выняла перад ім; але ён адмовіўся есьці. І сказаў Амнон: «Вывядзіце кажнага чалавека ад мяне». І вышлі кажны чалавек ад яго.

Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». Такім чынам, узяла Тамар аладкі, што спякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню.
 
І сказаў Амнон Тамары: «Занясі сытую бараніну да пакою, і я паспытаюся з рук тваіх». І ўзяла Тамара перапечкі, каторыя прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, да пакою.

І калі яна перад ім паклала ежу, ён схапіў яе і казаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая».
 
І як яна пастанавіла перад ім есьці, то ён схапіў яе і сказаў ёй: «Хадзі, лажыся з імною, сястра мая».

Яна адказала яму: «Не, брат мой, не гвалтуй мяне! Бо так у Ізраэлі не робіцца; не рабі гэтай бязглуздасці.
 
Але яна сказала яму: «Не, браце мой, ня ганьбі мяне, бо ня робяць гэтак у Ізраелю; не рабі гэтага шалу.

І куды я пайду са сваёю знявагай? А ты станеш адным з бязглуздых у Ізраэлі; ты лепш пагавары з царом, і ён не адмовіць табе адносна мяне».
 
І я, куды пайду я з маёй ганьбаю? І ты будзеш адзін із шалёных у Ізраелю. Ты, калі ласка, пагутары з каралём, ён не ўдзяржыць мяне ад цябе».

Ён, аднак, не пажадаў паслухацца ўпрошванняў яе, але, пераўзыходзячы яе сілаю, ён апаганіў яе і ляжаў з ёю.
 
Але ён не хацеў слухаць голасу ейнага, і быў дужшы за яе, і зганьбіў яе, і ляжаў ізь ёю.

І адчуў Амнон яе ненавіснай вельмі, так што нянавісць гэтая, якою ён зненавідзеў яе, была большай, чым каханне, якім раней яе кахаў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай, ідзі адсюль».
 
І зьненавідзіў яе Амнон вельмі нянавіднасьцю найвялікшай, ажно нянавіднасьць, якою ён зьненавідзіў яе, была большая за любоў, якую ён меў да яе; і сказаў ёй Амнон: «Устань, пайдзі».

Яна адказала яму: «Хай не будзе гэтага, браце мой, бо большае ліха тое, што зараз робіш мне, выганяючы мяне, чым тое, што зрабіў ты раней». Ён, аднак, не хацеў яе слухаць,
 
І сказала яму: «Не, подле акалічнасьцяў адаслаць мяне — гэта большае ліха за другое, каторае ты імне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе.

але, паклікаўшы паслугача, што служыў яму, сказаў: «Выгані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзверы».
 
І гукнуў дзяцюка, слугачага свайго, і сказаў: «Вышліце, калі ласка, гэту ад мяне вон, і засунь дзьверы за ёю».

Яна была апранутая ў туніку, што спускалася да пят; бо так апраналіся дочкі царскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач яго на вуліцу, і замкнуў за ёю дзверы.
 
На ёй быў калярысты хітон, бо ў такі адзяваліся каралеўскія дачкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга вон, і засунуў за ёю дзьверы.

Яна, пасыпаўшы сабе галаву попелам, разадраўшы сваю туніку, што спускалася да пят, і паклаўшы рукі на галаву сваю, пайшла, ідучы і галосячы.
 
І ўзяла пасыпала Тамара попелам галаву сваю, і калярысты хітон разьдзерла, каторы мела на сабе, і палажыла рукі свае на галаву сваю, і гэтак ішла, ішла й галасіла.

Спытаўся ж у яе Абсалом, брат яе: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Але цяпер, сястра мая, маўчы, бо ён твой брат; не бяры гэтага да сэрца свайго». Такім чынам, засталася пакінутая Тамар у доме свайго брата Абсалома.
 
І сказаў ёй Аўсалом, брат ейны: «Ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — але цяпер, сястра мая, маўчы; ён — брат твой; не працінайся ў сэрцу сваім праз гэты ўчынак». І сядзела Тамара, і была апушчанай у доме Аўсалома, брата свайго.

Калі ж пачуў пра ўсё гэта цар Давід, ён вельмі ўзлаваўся.
 
І кароль Давід пачуў праз усе гэта, і гневала яго гэта вельмі.

А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога; бо зненавідзеў яго за тое, што ён згвалтаваў яго сястру Тамар.
 
Аўсалом жа ня гукаў із Амнонам ані благога, ані добрага, бо зьненавідзіў Аўсалом Амнона за тое, што ён зганьбіў Тамару, сястру ягоную.

А сталася праз два гады па гэтых падзеях, што стрыглі авечак Абсалома ў Баал-Асоры, недалёка ад Эфраіма; і запрасіў Абсалом усіх сыноў цара.
 
За два гады было стрыжэньне ўв Аўсалома ў Ваал-Гацору, каторы ля Яхрэма, і пагукаў Аўсалом усіх сыноў каралеўскіх.

І прыйшоў Абсалом таксама да цара, і сказаў яму: «Вось, стрыгуць авечак у паслугача твайго; няхай, прашу, прыйдзе цар з паслугачамі да паслугача свайго».
 
І прышоў Аўсалом да караля, і сказаў: «Вось, цяпер стрыжэньне ў слугі твайго; хай пойдзе кароль а слугі ягоныя із слугою тваім».

І сказаў цар Абсалому: «Не, не запрашай, сыне мой, каб мы ўсе прыйшлі і нарабілі табе турбот». Паколькі ён дужа прасіў яго, і той не хацеў ісці, ён дабраславіў яго.
 
І сказаў кароль Аўсалому: «Не, сыну мой, мы ня пойдзем усі, каб ня быць табе вялічнымі». І дужа маліў яго, але ён не захацеў ісьці, адно дабраславіў яго.

І сказаў Абсалом: «Калі не хочаш сам прыйсці, то з намі хай пойдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму цар: «Чаму ён мае ісці з табой?»
 
І сказаў яму Аўсалом: «Калі не, хай ідзець із намі Амнон, брат мой». Ісказаў яму кароль: «Нашто яму йсьці з табою?»

Але Абсалом вельмі прасіў яго, дык ён пусціў з ім Амнона і ўсіх сыноў цара.
 
Але Аўсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх сыноў каралеўскіх.

І загадаў Абсалом паслугачам сваім, кажучы: «Глядзіце: калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона!” — і вы забіце яго! Не бойцеся; бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі людзьмі».
 
Аўсалом жа расказаў дзяцюком сваім, сказаўшы: «Глядзіце ж, як разьвяселіцца сэрца Амнона ад віна, і я скажу вам: "Забіце Амнона", тады зрабіце сьмерць яму, ня бойцеся; ці ня я расказую вам, мацуйцеся й будзеце малайцамі».

І зрабілі паслугачы Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом; і ўсе сыны цара, ускочыўшы, селі кожны на мула свайго і ўцяклі.
 
І Зрабілі дзяцюкі Аўсаломавы з Амнонам, як расказаў Аўсалом. І ўсталі ўсі каралеўскія сынове, селі кажны конна на мула свайго і ўцяклі.

І, калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, што казала: «Абсалом забіў усіх сыноў цара, і з іх не засталося ніводнага».
 
Як яны былі яшчэ ў дарозе, прышлі галасы да Давіда, што Аўсалом забіў усіх сыноў каралеўскіх, і не засталося ні воднага зь іх.

І ўстаў тады цар, і раздзёр адзенне сваё, і кінуўся на зямлю, і ўсе паслугачы яго, якія паслугавалі яму, раздзёрлі адзенне сваё.
 
І ўстаў кароль, і разьдзер адзецьці свае, і лёг на зямлю, і ўсі слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разьдзерлі адзецьці свае.

І Ёнадаб, сын Самы, брата Давіда, сказаў, адказваючы: «Хай не думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны цара, пазабіваны; толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалтаваў сястру яго Тамар.
 
Але адказаў Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага, і сказаў: «Хай ня кажа спадар мой, што ўсіх дзяцюкоў, каралеўскіх сыноў, забілі; толькі Амнон адзін памер, бо, подле слова Аўсаломавага, было гэта прызначана адгэнуль, як паганьбіў Тамару, сястру ягоную.

Цяпер хай не бярэ сабе гаспадар мой, цар, гэтае весткі да сэрца, што кажа: “Усе сыны цара загінулі”, — бо загінуў толькі Амнон».
 
Дык хай ня прыйме спадар мой, кароль, да сэрца свайго гэтую справу, кажучы, што ўсі сынове каралеўскія памерлі, бо толькі памер адзін Амнон».

А Абсалом уцёк. І юнак вартавы падняў свае вочы, і, вось, заўважыў мноства людзей, сыходзячых са збочча гары дарогай ад Гаранаіма.
 
І ўцёк Аўсалом. І ўзьняў дзяцюк, што стаяў на варце, вочы свае, і абачыў: вось, шмат люду йдзець па дарозе за ім па схоне гары.

І сказаў Ёнадаб цару: «Вось ідуць сыны цара! Так сталася, як паслугач твой гаварыў».
 
Тады Ёнадаў сказаў каралю: «Гэта йдуць каралеўскія сынове; як сказаў слуга твой, так яно было».

І, як скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны цара, і ішлі яны з галашэннем і плачам; але і цар і ўсе паслугачы яго плакалі ва ўвесь голас.
 
І ледзь толькі сказаў ён гэта, вось, прышлі каралеўскія сынове, і загаласілі, і плакалі. І таксама кароль а ўсі слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.

А Абсалом, уцякаючы, пайшоў да Талмая, сына Аміюда, цара Гэсура. Такім чынам, Давід сумаваў па сыне ўвесь час.
 
Аўсалом жа ўцёк, і пайшоў да Фалмая Амігудзёнка, караля Ґешурскага. І плакаў Давід па сыну сваім усі дні.

А Абсалом, калі ўцёк і пайшоў у Гэсур, прабыў там тры гады.
 
Аўсалом уцёк, і прышоў да Ґешура, і прабыў там тры гады.

І перастаў дух цара гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па смерці Амнона.
 
І кароль Давід жадаў стрэцца з Аўсаломам, бо ён ужо перастаў бедаваць па Амнону, што ён памер.