2 царстваў 19 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І паведамілі Ёабу, што цар плача і ў жалобе дзеля сына свайго.
І наказалі Ёаву: «Вось, кароль плача і плача па Аўсалому».
Так вось перамога ператварылася ў той дзень у жалобу для ўсяго народа; бо пачуў народ у той дзень вестку: «Цар сумуе дзеля сына свайго».
І абернулася ўратаваньне таго дня ў плач усяму люду, бо люд пачуў таго дня, што казалі: «Кароль смуціцца па сыну сваім».
І ў той дзень уваходзіў народ у горад цішком, як звычайна ўваходзяць людзі асаромленыя, якія ў час бою кінуліся ўцякаць.
І ўходзіў тады люд да места, цікаючыся, як цікаецца люд саромячыся, уцеклыя ў часе бітвы.
А цар закрыў твар свой і галасіў моцным голасам: «Сыне мой Абсаломе, Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»
А кароль закрыў від свой і галасіў: «Сыну мой Аўсаломе! Аўсаломе, сыну мой, сыну мой!»
І Ёаб, увайшоўшы да цара ў дом, сказаў: «Ты асароміў сёння аблічча ўсіх паслугачоў сваіх, якія збераглі жыццё тваё, і жыццё тваіх сыноў і тваіх дачок, і жыццё жонак тваіх, і жыццё наложніц тваіх.
І прышоў Ёаў да караля да дому, і сказаў: «Ты засароміў сядні від усіх слугаў сваіх, што ўратавалі цяпер жыцьцё твае, і жыцьцё сыноў і дачок тваіх, і жыцьцё жонак, і жыцьцё мамошак тваіх;
Ты любіш ненавідзячых цябе і ў нянавісці маеш тых, што любяць цябе. Ты сёння паказаў, што не дбаеш пра кіраўнікоў сваіх і пра паслугачоў сваіх; і пераканаўся я сёння, што, калі б Абсалом застаўся пры жыцці, а мы ўсе памерлі, гэта было б добрым у вачах тваіх.
Ты любіш ненавідзячых цябе і ненавідзіш любячых цябе; бо ты абясьціў сядні, што нічагусенькі табе й вайводцы й слугі; сядні я даведаўся, што, калі б Аўсалом застаўся жывы, а мы ўсі памерлі, то было б добра ў ваччу тваім.
Дык цяпер падыміся, і выйдзі, і гавары да сэрца паслугачоў тваіх; бо прысягаю табе Госпадам, што, калі не выйдзеш, ніхто не застанецца ў гэтую ноч пры табе і гэта будзе горш табе, чым усе беды, што нахлынулі на цябе ад юнацтва твайго аж да цяперашніх дзён».
Дык устань, выйдзі а пагукай да сэрца слугаў сваіх; бо прысягаю СПАДАРОМ, што, калі ты ня выйдзеш, то ці заначуе з табою чалавек; і гэта будзе табе горш за ўсі беды, якія находзілі на цябе з маладосьці твае дагэтуль».
Дык цар устаў, і сеў у браме, і ўсяму народу было паведамлена, што цар сядзіць у браме; і сабралася вялікае мноства людзей перад царом. А Ізраэль уцёк у палаткі свае.
І ўстаў кароль, і сеў у браме; а ўсяму люду наказалі, кажучы: «Вось, кароль сядзіць у браме». І прышоў увесь люд перад від караля; Ізраяляне ж паўцякалі кажны да будану свайго.
І спрачаўся ўвесь народ ва ўсіх пакаленнях Ізраэля, кажучы: «Цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых, і ён вызваліў нас з рук філістынцаў; і цяпер уцёк з зямлі перад Абсаломам.
І ўвесь люд па ўсіх плямёнах Ізраелявых сьперачаўся, кажучы: «Кароль выбавіў нас із рук варагоў нашых, і ён вывальніў нас із рук Пілішчан, а цяпер сам уцякаў ізь зямлі гэтае ад Аўсалома.
А Абсалом, якога мы намасцілі, каб ён валодаў намі, загінуў у баі. Чаму цяпер маўчыце і не вяртаеце цара?» А словы ўсяго Ізраэля дайшлі да цара ў дом яго.
Але Аўсалом, каторага мы памазалі над сабою, памер на вайне; чаму ж цяпер вы маўчыце зьвярнуць караля?»
І паслаў цар па Садока і Абіятара, святароў, кажучы: «Прамаўляйце да старэйшын Юды, кажучы ім: “Чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара ў свой дом?
І кароль Давід паслаў да Садока а Авафара, сьвятароў, кажучы: «Скажыце старцом Юдзіным: "Чаму вам быць апошнімі, каб зьвярнуць караля да дому ягонага, прымеж тога словы ўсяго Ізраеля дайшлі да караля да дому ягонага?
Вы — браты мае, косць мая і цела маё; чаму вы марудзіце, каб вярнуць цара?”
Вы браты мае, косьці мае й цела мае — вы; чаму ж вам быць апошнімі, каб зьвярнуць караля да дому ягонага?"
І Амасу скажыце: “Ці ты не косць мая і не цела маё? Хай гэта зробіць мне Госпад і гэта дадасць, калі ты ў мяне не будзеш заўсёды настаўнікам войска на месцы Ёаба”».
І Амасе скажыце: "Ці ня косьць мая й цела мае — ты? Хай так зробе з імною Бог і хай памножа, калі ты ня будзеш вайводцам у мяне, замест Ёава, назаўсёды!"»
І схіліў ён сэрцы ўсіх людзей Юды, быццам сэрца аднаго чалавека. І паслалі яны да цара, кажучы: «Вярніся ты і ўсе паслугачы твае».
І сьхінуў ён сэрца ўсіх Юдэяў, як аднаго чалавека; і паслалі яны да караля: «Зьвярніся ты а ўсі слугі твае».
І вярнуўся цар, і прыйшоў аж да Ярдана; і Юда прыйшоў у Галгал, каб сустрэць цара і перавесці яго праз Ярдан.
І зьвярнуўся кароль, і прышоў да Ёрдану, а Юда прышоў да Ґілгалу, каб пераняць караля й перавезьці караля перазь Ёрдан.
А Сямэй, сын Гэра, бэньямінец з Бахурыма, паспяшаўся і выйшаў з людзьмі Юды насустрач цару Давіду;
І пабарзьдзіў Шымей Ґеранок Венямінянін із Багурыму, і зышоў зь Юдэямі наўпярэймы каралю Давіду,
з ім была тысяча бэньямінцаў, і Сіба, паслугач сям’і Саўла, і пятнаццаць сыноў яго, і дваццаць паслугачоў. А пераправіліся яны праз Ярдан ужо перад царом,
І тысяча чалавекаў зь Венямінян ізь ім, і Цыва, слуга дому Саўлавага, зь пятнанцацьма сынамі сваімі й дваццацьма слугамі сваімі; і перайшлі яны Ёрдан перад відам караля.
і перайшлі яны брод, каб пераправіць дом цара і зрабіць так, як падабаецца яму. А Сямэй, сын Гэра, упаў на твар перад царом, калі той меў пераправіцца праз Ярдан,
І як пераплавілі на пароме лодку, каб перавезьці дом каралёў і зрабіць, што добрае ў ваччу ягоным, тады Шымей Ґеранок паў перад відам караля, як адно ён перайшоў Ёрдан.
і сказаў яму: «Не лічы гэта маёй правіннасцю, гаспадару мой, і не прыгадвай крыўду паслугача твайго ў той дзень, калі гаспадар мой, цар, выходзіў з Ерузаліма; не бяры гэтага, цар, да сэрца свайго.
І сказаў каралю: «Ня май імне, спадару мой, за выступ і не ўспамінай таго, чым ізграшыў слуга твой таго дня, як спадар мой, кароль, выходзіў зь Ерузаліму, і не дзяржы, каролю, у сэрцу сваім;
Бо я, паслугач твой, прызнаю грэх мой і дзеля таго сёння першы з усёй сям’і Язэпа выходжу я і іду насустрач гаспадару майму, цару».
Бо ведае слуга твой, што я ізграшыў, і вось, сядні я прышоў першы з усёга дому Язэпавага, каб зыйсьці наўпярэймы спадару майму, каралю».
А Абісай, сын Сэруі, у адказ сказаў: «Ці ж не будзе забіты Сямэй за тое, што праклінаў намашчэнца Госпадава?»
І адказаў Авішай Цэруёнак, і сказаў: «Нягож Шымей не памрэць за тое, што кляў памазанца СПАДАРОВАГА?»
І Давід сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі, што вы становіцеся для мяне сёння супраціўнікамі? Ці, такім чынам, сёння павінен хто-небудзь паміраць у Ізраэлі? Ці я не ведаю сёння, што я стаў царом над Ізраэлем?»
І сказаў Давід: «Што меж імною й вамі, Цэруёнкі, што вы сядні праціўныя імне? Ці цяпер забіваць каго-колечы ў Ізраелю? Ці ня ведаю я, што цяпер я — кароль над Ізраелям?»
Дык сказаў цар Сямэю: «Не памрэш!» І прысягнуў яму.
І сказаў кароль Шэмею: «Ты не памрэш». І прысяг яму кароль.
І Мэрыбаал, сын Саўла, таксама выйшаў насустрач цару; не мыў ён ног, і не стрыг пазногцяў, і не стрыг барады, і не мыў адзення свайго з таго дня, у які цар выехаў, аж да дня вяртання яго.
І Мефівошэф, сын Саўлаў, вышаў наўпярэймы каралю. Ён ня дбаў праз ногі свае, ня рупіўся праз бараду сваю і ня мыў адзецьця свайго з тога дня, як вышаў кароль, да дня, як ён зьвярнуўся ў супакою.
І калі ён прыйшоў насустрач цару ў Ерузалім, сказаў яму цар: «Чаму не пайшоў ты са мною, Мэрыбаал?»
Як ён вышаў зь Ерузаліму наўпярэймы каралю, кароль сказаў яму: «Чаму ты, Мефівошэфе, не пайшоў з імною?»
Ён у адказ сказаў: «Гаспадару мой, цар, ашукаў мяне паслугач мой! Бо я, паслугач твой, сказаў яму: “Вазьму сабе асла і, сеўшы на яго, паеду з царом” — бо кульгавы паслугач твой.
І сказаў: «Спадару мой каролю! служэц мой ашукаў мяне; бо я, слуга твой, казаў: "Асядлаю сабе асла, і сяду на яго, і паеду да караля"; бо слуга твой кульгавы.
Звыш таго, ён яшчэ і абвінаваціў вераломна мяне, паслугача твайго, перад табою, гаспадаром маім, царом. Ты ж, гаспадару мой, цар, як анёл Божы; таму рабі, што табе падабаецца.
А ён абмовіў слугу твайго перад спадаром маім каралём. Але спадар мой кароль, як ангіл Божы, рабі, што добра ў ваччу тваім.
Увесь дом бацькі майго варты быў смерці перад гаспадаром маім, царом; а ты пасадзіў мяне, паслугача свайго, між сатрапезнікаў стала твайго. Што яшчэ ёсць у мяне да справядлівасці, каб клікаць цара?»
Ці ня быў увесь дом айца майго адно людзьмі сьмерці перад спадаром маім каралём, але ты пасадзіў слугу свайго памеж ядучых за сталом тваім; ці ёсьць у мяне яшчэ чым правіцца перад табою й гукаць да караля?»
І сказаў яму цар: «Што яшчэ ты гаворыш? Я сказаў: ты і Сіба падзяліце паміж сабою ўладанні».
І сказаў яму кароль: «Нашто гукаеш ты яшчэ словы свае? Я сказаў: "Ты й Цыва падзяліце поле"».
І Мэрыбаал адказаў цару: «Хай ён бярэ нават усё, калі гаспадар мой, цар, вярнуўся ў супакоі ў дом свой!»
І сказаў Мефівошэф каралю: «Хай ён возьме на’т усе, просьле тога, як спадар мой, кароль, у супакою зьвярнуўся да дому свайго».
Таксама Барзэлай галаадзец прыйшоў з Рагэліма і праводзіў цара праз Ярдан, каб развітацца з ім за Ярданам.
І Варзылай Ґілеадзянін зышоў з Роґеліму, і перайшоў із каралём Ёрдан, каб прапусьціць яго за Ёрдан.
А Барзэлай быў вельмі стары, гэта значыць, меў ён восемдзесят гадоў; і ён забяспечыў цара харчам, калі ён быў у Маханаіме; бо быў чалавекам вельмі багатым.
Варзылай жа быў вельмі стары, год асьмідзясят было яму. Ён жывіў караля ў быцьцю яго ў Маганаіме, бо ён быў чалавек вельмі вялікі.
І сказаў цар Барзэлаю: «Хадзі са мною, і я буду апекавацца над табою ў Ерузаліме».
І сказаў кароль Варзылаю: «Ідзі з імною, і я буду жывіць цябе із сабою ў Ерузаліме».
Барзэлай сказаў цару: «Колькі засталося дзён жыцця майго, каб ісці з царом у Ерузалім?
І сказаў Варзылай каралю: «Колькі яшчэ дзён жыцьця майго, каб ісьці з каралём да Ерузаліму?
Маю сёння восемдзесят гадоў; ці хопіць мне розуму, каб разабраўся я, што салодкае, а што горкае? Ці можа пацешыць паслугача твайго ежа і пітво? Або ці магу я яшчэ слухаць голас спевакоў і спявачак? Пашто паслугач твой мае быць лішнім цяжарам гаспадару майму, цару?
Імне цяпер асьмідзясят год; ці адрозьню я добрае ад ліхога? Ці пазнае слуга твой смак у тым, што будзе есьці і ў тым, што будзе піць? Ці змагу я чуць голас пяюноў а пяюльляў? Нашто ж слузе твайму быць цяжарам спадару майму каралю?
Крыху пройдзе паслугач твой з табой ад Ярдана. І за што ўзнагароджваць цару мяне такою ласкаю?
Толькі яшчэ пярэйдзе слуга твой Ёрдан із каралём; за што ж каралю надгарадзіць мяне такою надгародаю?
Але дазволь паслугачу твайму вярнуцца і памерці ў сваім горадзе, побач з магілай бацькі свайго і маці сваёй. Але вось, паслугач твой, Хамаам: хай пойдзе з табою, гаспадару мой, цар, і ты зрабі яму, што табе здаецца добрым».
Хай зьвернецца, калі ласка, слуга твой і памрэць у месьце сваім каля гробу айца свайго а маці свае. Але вось, слуга твой, Кімгам, хай пярэйдзе із спадаром маім каралём, і зрабі зь ім, як добра ў ваччу тваім».
І сказаў цар: «Хамаам хай ідзе са мною, і я зраблю яму, што добрае ў вачах тваіх, і ўсё, аб чым будзеш мяне прасіць, ты атрымаеш».
І сказаў кароль: «Хай пярэйдзе з імною Кімгам, і я зраблю яму, што табе любя; і ўсе, чаго будзеш зычыць ад мяне, я зраблю табе».
І калі ўвесь народ і цар пераправіліся праз Ярдан, цар пацалаваў Барзэлая і дабраславіў яго; і ён вярнуўся да сябе.
І перайшоў увесь люд Ёрдан, і кароль перайшоў. І пацалаваў кароль Варзылая, і дабраславіў яго, і ён зьвярнуўся на месца свае.
І вырушыў цар у Галгал, і разам з ім Хамаам. А праводзіў цара ўвесь народ Юды і таксама палова народа Ізраэля.
І перайшоў кароль да Ґілґалу, і Кімгам перайшоў зь ім; і ўвесь люд Юдэйскі прапушчаў караля, і палавіца люду Ізраельскага.
І вось, вакол цара сышліся ўсе ізраэльцы і казалі яму: «Чаму браты нашы, сыны Юды, укралі цябе і пераправілі цара і дом яго праз Ярдан і ўсіх людзей Давіда разам з ім?»
І вось, усі Ізраяляне прышлі да караля, і сказалі каралю: «Чаму ўкралі цябе браты нашы, мужы Юдзіны, і прапусьцілі караля а дом ягоны а ўсіх людзёў Давідавых ізь ім перазь Ёрдан?»
І адказалі ўсе юдэі людзям Ізраэля: «Бо цар нам бліжэйшы. Чаму гневаецеся на нас з гэтае прычыны? Ці мы з’елі што ў цара? Ці, можа, даў ён нам дары?»
І адказалі ўсі мужы Юдзіны Ізраялянам: «Бо кароль блізкі сваяк нам; нашто сердаваць вам за гэта? Або мы што зьелі ў караля альбо адзяржалі ад яго падаркі?»
І адказалі ізраэльцы людзям Юды, і казалі: «Дзесяць частак маем мы ў цара, і таму таксама і ў Давіда. Мы лепшыя за вас; чаму вы пагарджаеце намі? Хіба не мы першыя сказалі слова, каб вярнуць цара нашага?» Але слова юдэйцаў было мацнейшым, чым слова ізраэльцаў.
І адказаў Ізраель мужом Юдзіным, і сказаў: «У мяне дзесяць часьцяў у каралю, таксама і ў Давіду я большы, чымся ты; чаму ж ты паніжыў мяне? Ці ня імне належа першае слова, каб зьвярнуць нашага караля?» Але слова мужоў Юдзіных было цьвярдзейшае, чымся слова Ізраялян.