2 царстваў 18 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Такім чынам, Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
І палічыў Давід, народ, які з ім, і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
І падзяліў Давід людзей на тры часткі: адну частку даручыў Ёабу, і другую — Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, трэцюю — Этаю з Гета. І сказаў цар народу: «Пайду і я з вамі».
І скіраваў Давід траціну людзей сваіх пад руку Ёава, траціну — пад руку Абішая, сына Цэруі, брата Ёава, і траціну — пад руку Іттая з Гату. І сказаў валадар народу: «Я таксама пайду з вамі».
І народ адказаў: «Не, ты не пойдзеш. Бо калі мы адступім, на нас не звернуць увагі; і хоць бы загінула палова з нас, не лічылася б гэта, а ты адзін лічышся за дзесяць тысяч. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з горада».
І сказаў народ: «Ты ня пойдзеш, бо калі мы ўцячэм, нас ня возьмуць да сэрца. І калі загіне палова нас, нас ня возьмуць да сэрца, бо ты [адзін] — як нас дзесяць тысячаў. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з гораду».
Сказаў ім цар: «Я зраблю тое, што вам здаецца правільным». І стаў цар у браме; а ўсё войска праходзіла па частках сваіх сотнямі і тысячамі.
І сказаў ім валадар: «Што добра ў вачах вашых, я зраблю». І стаў валадар у браме, а ўвесь народ праходзіў сотнямі і тысячамі.
І загадаў цар Ёабу, Абісаю і Этаю: «Лагодна абыходзьцеся з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад цара, дадзены ўсім кіраўнікам адносна Абсалома.
І загадаў валадар Ёаву, Абішаю і Іттаю, кажучы: «Лагоднымі [будзьце] з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад валадара, [які быў дадзены] ўсім начальнікам адносна Абсалома.
І выйшла войска на раўніну супраць Ізраэля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.
І выйшаў народ [Давіда] ў поле супраць Ізраіля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.
І войска Давіда пабіла там народ Ізраэля; і была ў той дзень вялікая страта ў дваццаць тысяч чалавек.
І там атрымалі паразу Ізраільцяне перад абліччам слугаў Давіда. І была ў той дзень параза вялікая, і [загінула] дваццаць тысячаў.
А бой там пашырыўся на ўсю ваколіцу; і лес у той дзень загубіў народу значна больш, чым меч.
І бой пашырыўся на ўсю зямлю тую, і лес у той дзень выгубіў народу больш, чым меч.
І здарылася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся з паслугачамі Давіда; і калі мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і заблыталася галава Абсалома ў дубе і павіснуў ён між небам і зямлёй; а мул, на якім ён сядзеў, пабег далей.
І сутыкнуўся Абсалом са слугамі Давіда, а Абсалом ехаў на муле, і мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і Абсалом учапіўся [валасамі] галавы сваёй за [галіны] дуба, і павіс між небам і зямлёй, а мул, які быў пад ім, пабег далей.
А хтосьці ўбачыў гэта і паведаміў Ёабу, кажучы: «Бачыў я, што Абсалом вісіць на дубе».
І ўбачыў [гэта] нейкі чалавек, і паведаміў Ёаву, і сказаў: «Вось, бачыў я Абсалома, які вісіць на дубе».
І Ёаб сказаў чалавеку, які аб гэтым паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на зямлі? А я даў бы табе дзесяць срэбраных сікляў і адзін пояс».
І сказаў Ёаў чалавеку, які пра гэта паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на тым месцы? Я даў бы табе дзесяць срэбнікаў і адзін пояс».
Ён адказаў Ёабу: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбранікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына цара. Бо чулі мы, як цар загадаў табе, Абісаю і Этаю: “Кожны з вас павінен ахоўваць юнака Абсалома!”
А ён сказаў Ёаву: «Нават калі б у далоні мае ты палажыў тысячу срэбнікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына валадара. Бо ў вушы нашыя валадар загадаў табе, Абішаю і Іттаю: “Захавайце мне юнака Абсалома”.
А калі б я супраць сумлення свайго ўчыніў несправядліва, — а ніякая справа не можа быць утоенай ад цара, — ты сам выступіў бы супраць мяне».
І калі б я супраць душы сваёй учыніў падступнасьць, ніякая справа не схаваецца ад валадара, і ты сам адступішся ад мяне».
І сказаў Ёаб: «Не хачу так марудзіць з табою». І ўзяў ён у руку сваю тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе;
І сказаў Ёаў: «Не хачу марудзіць з табою». І ўзяў ён у далоні свае тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе.
і падбеглі дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёаба, і, б’ючы, забілі яго.
І падбегла дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёава, і ўдарылі Абсалома, і забілі яго.
А Ёаб затрубіў у трубу, і народ пакінуў пераследаваць Ізраэль, які ўцякаў, бо Ёаб стрымаў людзей.
І затрубіў Ёаў у рог, і народ вярнуўся з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў стрымаў народ.
І яны прынеслі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на яго вялікую кучу камянёў; а ізраэльцы ўцяклі ў свае палаткі.
І яны ўзялі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на ім вельмі вялікую купу камянёў. А Ізраільцяне ўцяклі ў намёты свае.
А Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе магільны камень у даліне царскай; бо казаў ён: «Я не маю сына, які б збярог памяць імя майго». І назваў ён помнік імем сваім, і аж да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.
Калі яшчэ жыў Абсалом, ён паставіў сабе помнік у даліне валадарскай, бо ён казаў: «Я ня маю сына, які б захаваў памяць пра імя маё». І назваў ён помнік імем сваім. І да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.
А Ахімаас, сын Садока, сказаў: «Пабягу і паведамлю цару, што Госпад аказаў яму законнасць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў яго».
І сказаў Ахімаац, сын Цадока: «Пабягу і паведамлю валадару, што ГОСПАД зьявіў яму суд, [вызваляючы] ад рукі ворагаў ягоных».
На гэта сказаў яму Ёаб: «Не будзеш ты ў гэты дзень вестуном добрай весткі, але паведаміш іншым разам; бо сёння нядобрае прынясеш, таму што сын цара забіты».
І сказаў яму Ёаў: «Ня будзеш ты ў гэты дзень дабравесьнікам, але паведаміш іншым разам. Сёньня ты ня будзеш дабравесьнікам, бо сын валадара забіты».
І сказаў Ёаб кушыту: «Ідзі і скажы цару, што ты бачыў». Кушыт пакланіўся Ёабу і пабег.
І сказаў Ёаў Кушаніну: «Ідзі і паведамі валадару, што ты бачыў». І пакланіўся Кушанін Ёаву, і пабег.
У другі раз Ахімаас, сын Садока, сказаў Ёабу: «Што б ні было, я таксама пабягу за кушытам!» І Ёаб сказаў: «Чаму хочаш бегчы, сын мой? Не будзе табе ўзнагароды за добрую вестку».
І другі раз Ахімаац, сын Цадока, сказаў Ёаву: «Што б ні было, я таксама пабягу за Кушанінам!» А Ёаў сказаў: «Чаму ты хочаш бегчы, сын мой, калі няма добрай весткі».
Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаб сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаас, бегучы напрасткі, апярэдзіў кушыта.
[Ён сказаў]: «Што б ні сталася, пабягу». І [Ёаў] сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаац пабег напрасткі, і апярэдзіў Кушаніна.
А Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі; і вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць,
А Давід сядзеў паміж дзьвюма брамамі, і вартаўнік хадзіў на даху брамы над мурам. І падняў ён вочы свае, і ўбачыў, і вось, чалавек бяжыць адзін.
і ён, крыкнуўшы, паведаміў цару. І цар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А калі той бег і набліжаўся,
І крыкнуў вартаўнік, і паведаміў валадару. І валадар сказаў: «Калі адзін, добрая вестка ў вуснах ягоных». А той бег і набліжаўся.
убачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, дык закрычаў вартаўнік прыдзвернаму: «Нейкага чалавека я бачу, што бяжыць адзін». І цар сказаў: «Гэты таксама з добраю весткай».
І ўбачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, і закрычаў вартаўнік прыдзьверніку, і сказаў: «Вось, чалавек бяжыць адзін». А валадар сказаў: «Гэта таксама з добрай весткай».
І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага — як бег Ахімааса, сына Садока». І кажа цар: «Ён чалавек добры, прыбывае з добраю весткай».
І паведаміў вартаўнік: «Я бачу, што хада першага як бег Ахімааца, сына Цадока». І сказаў валадар: «Ён — чалавек добры, прыходзіць з добрай весткай».
І, закрычаўшы, Ахімаас сказаў цару: «Супакой». І, пакланіўшыся цару да зямлі, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог твой, Які аддаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, цара!»
І закрычаў Ахімаац, і сказаў валадару: «Мір!» І пакланіўся валадару абліччам да зямлі, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які скарыў табе людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, валадара!»
І цар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І Ахімаас адказаў: «Бачыў я вялікае замяшанне, калі паслугач цара Ёаб пасылаў паслугача цара і мяне, паслугача твайго, але не ведаю, што там было».
І сказаў валадар: «Ці супакой у юнака Абсалома?» І сказаў Ахімаац: «Бачыў я вялікае замяшаньне, калі слуга валадара Ёаў пасылаў слугу твайго, але ня ведаю, што [было]».
Загадаў яму цар: «Адыдзі і стань там». І, калі той адышоў і стаў збоку,
І сказаў валадар: «Адыйдзіся і стань там». І той адыйшоў, і стаў.
прыйшоў кушыт і, падышоўшы, сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, цар, бо рассудзіў на тваю карысць сёння твой Госпад, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія ўзбунтаваліся супраць цябе».
І вось, прыйшоў Кушанін, і сказаў Кушанін: «Добрую вестку прыношу, гаспадару мой, валадар. Бо адпомсьціў ГОСПАД за цябе, [выбаўляючы] цябе з рук усіх тых, якія збунтаваліся супраць цябе».
І спытаўся цар у кушыта: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Адказаў яму кушыт: «Хай будзе ворагам гаспадара майго, цара, і ўсім, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму».
І сказаў валадар Кушаніну: «Ці супакой у юнака Абсалома?» І сказаў Кушанін: «Няхай будзе з ворагамі гаспадара майго, валадара, і з усімі, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што з юнаком гэтым».
І задрыжэў цар, і пайшоў у верхняе памяшканне брамы, і плакаў. І, калі ішоў, так гаварыў: «Сыне мой, Абсаломе! Абсаломе, сыне мой, сыне мой! Лепш бы я памёр, чым ты! Абсаломе, сыне мой, сыне мой!»