2 царстваў 17 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Я выберу сабе дванаццаць тысяч ваяроў, і, устаўшы, у гэтую ноч пайду на Давіда,
І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Я выбяру сабе дванаццаць тысячаў ваяроў і ўстану, і ў гэтую ноч пайду на Давіда,
і нападу на яго, бо ён змучаны і са знясіленымі рукамі, я напалохаю яго. І, калі ўцячэ ўвесь народ, які з ім, я заб’ю пакінутага цара,
і нападу на яго, пакуль ён змучаны і пакуль у яго рукі аслабеўшы, і напалохаю яго. І ўцячэ ўвесь народ, які з ім, і я заб’ю самога валадара.
і прывяду ўвесь народ да цябе, як вяртаецца нявеста да жаніха свайго; ты ж цікуеш на жыццё толькі аднаго чалавека, і ўвесь народ будзе жыць у супакоі».
І я прывяду ўвесь народ да цябе. Як ня будзе [жыць] толькі адзін чалавек, якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе [жыць] у супакоі».
І спадабалася гэта парада Абсалому і ўсім старэйшынам Ізраэля.
І слушным было слова гэтае ў вачах Абсалома і ў вачах усіх старшыняў Ізраіля.
А Абсалом сказаў: «Паклічце і Хусая арахейца і паслухаем, што ён яшчэ скажа».
І сказаў Абсалом: «Паклічце Хушая Аркейца і паслухаем, што [скажуць] вусны ягоныя».
І калі прыйшоў Хусай да Абсалома, Абсалом спытаўся ў яго: «Вось такую параду даў Ахітатэл; ці маем споўніць параду яго, ці не? Ты скажы!»
І прыйшоў Хушай да Абсалома, і сказаў яму Абсалом, кажучы: «Вось такое слова сказаў Ахітафэль. Ці маем выканаць слова ягонае, ці не? Ты скажы!»
І сказаў Хусай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе ў гэты раз Ахітатэл».
І сказаў Хушай Абсалому: «Нядобрая парада, якую даў табе гэтым разам Ахітафэль».
І працягваў Хусай: «Ты ведаеш, што бацька твой і ваяры, якія з ім, — людзі наймужнейшыя і з жорсткаю душою, як дзікая мядзведзіца, пазбаўленая дзяцей сваіх у лесе; але бацька твой — ваяр спраўны, і ён не спіць са сваімі людзьмі:
І сказаў Хушай: «Ты ведаеш бацьку твайго і людзей ягоных, што яны волаты і маюць горыч у душы, як мядзьведзіца ў полі, пазбаўленая дзяцей. А бацька твой — ваяр, і ён ня сьпіць з людзьмі сваімі.
вось і цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры або ў якім іншым месцы. І, калі хто загіне пры першым нападзе на іх, напэўна, пачуюць і скажуць: “Стаўся вялікі ўдар народу, які стаіць за Абсалома”.
Вось і цяпер ён хаваецца ў нейкай пячоры або ў іншым месцы. І калі хто загіне пры першым [нападзе] на іх, пачуюць вестку гэтую і скажуць: “Сталася вялікая параза народу, які з Абсаломам”.
І спалохаецца таксама наймужнейшы, які мае сэрца льва: бо ўвесь Ізраэль ведае, які мужны бацька твой і якія мужныя ўсе, хто з ім.
І тады спалохаецца адважны, у якога сэрца як сэрца льва, бо ўвесь Ізраіль ведае, які волат бацька твой і якія адважныя тыя, што з ім.
Але мне здаецца, што такая парада слушная: хай збярэцца да цябе ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Сэбы, шматлікі, як марскі пясок, і ты сам пойдзеш у бой;
Я раджу, зьбіраючы, сабраць да цябе ўвесь Ізраіль ад Дана да Бээр-Шэвы, шматлікі, як пясок на беразе мора, і ты сам пойдзеш у бой.
і мы прыйдзем да яго, дзе б ён ні знаходзіўся, і нападзём на яго, як звычайна раса падае на зямлю, і не пакінем нікога з усіх людзей, якія пры ім.
І мы прыйдзем да яго ў месца, дзе ён знаходзіцца, і нападзем на яго, як раса падае на зямлю, і не пакінем тады нікога з усіх людзей, якія з ім.
Бо калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, тады ўсе ізраэльцы прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сцягнем яго ў раку, так што не застанецца ад яго ані каменя».
А калі ён будзе сядзець у горадзе, тады ўсе Ізраільцяне прынясуць пад той горад вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў ручай, і не застанецца ад яго нават камяня».
І Абсалом і ўсе ізраэльцы сказалі: «Лепшая парада Хусая арахейца, чым парада Ахітатэла». Бо Госпад вырашыў адхіліць лепшую параду Ахітатэла, каб навёў Госпад на Абсалома няшчасце.
І сказалі Абсалом і ўсе Ізраільцяне: «Лепшая парада Хушая Аркейца, чым парада Ахітафэля». Бо ГОСПАД вырашыў ударэмніць добрую параду Ахітафэля, каб навёў ГОСПАД на Абсалома няшчасьце.
І сказаў Хусай святарам Садоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітатэл Абсалому і старэйшынам Ізраэля, і я гэткую вось даў параду;
І сказаў Хушай сьвятарам Цадоку і Абіятару: «Такую вось параду даў Ахітафэль Абсалому і старшыням Ізраіля, а гэткую параду даў я.
дык цяпер пашліце хутка і паведаміце Давіду, кажучы: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але не марудзь і ідзі далей, каб не загінуў цар і ўсе людзі, якія пры ім”».
І цяпер пашліце хутка, і паведаміце Давіду, кажучы: “Не заставайся ў гэтую ноч на раўніне ў пустыні, але, пераходзячы, перайдзі [Ярдан], каб не загінуў валадар і ўвесь народ, які з ім”».
А Ёнатан і Ахімаас стаялі ў Эн-Рагелі; прыйшла паслугачка і пераказала ім весткі, і яны пайшлі, каб пераказаць вестку цару Давіду; і не маглі яны заходзіць у горад, каб не ўбачылі іх.
А Ёнатан і Ахімаац стаялі ў Эн-Рагэлі, і прыйшла служка, і паведаміла ім [вестку], і яны пайшлі, каб паведаміць валадару Давіду, і яны не маглі заходзіць у горад, каб ня бачылі іх.
Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому; а яны хутка пайшлі далей і прыбылі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме, які меў студню на сваім панадворку, і яны спусціліся ў яе.
Але ўбачыў іх нейкі юнак і паведаміў Абсалому. І яны абодва хутка пайшлі, і прыйшлі ў дом нейкага чалавека ў Бахурыме. Ён меў студню на панадворку сваім, і яны спусьціліся ў яе.
А жанчына ўзяла і расцягнула посцілку над адтулінай студні, і насыпала зерня на яе, і так схавала іх.
А жанчына ўзяла і расьцягнула посьцілку над адтулінай студні, і насыпала збожжа на яе, і ня ведаў [ніхто] пра гэта.
І, калі прыбылі паслугачы Абсалома ў дом да жанчыны, яны спыталіся ў яе: «Дзе Ахімаас і Ёнатан?» І адказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль да вады». І тыя, якія шукалі іх, калі не знайшлі, вярнуліся ў Ерузалім.
І прыйшлі слугі Абсалома ў дом жанчыны, і сказалі: «Дзе Ахімаац і Ёнатан?» І сказала ім жанчына: «Пайшлі адсюль праз [струмень]». І тыя шукалі іх, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.
І, калі яны адышлі, выйшлі яны са студні, і, прыбыўшы да цара Давіда, паведамілі і сказалі: «Устаньце і хутка перапраўцеся праз раку, бо такую параду дае Ахітатэл супраць вас».
І калі тыя адыйшліся, выйшлі яны са студні, і пайшлі, і паведамілі валадару Давіду: «Уставайце і перапраўцеся хутка праз раку, бо вось такую параду дае Ахітафэль».
І ўстаў Давід і ўвесь яго народ, што быў з ім, і пераправіліся праз Ярдан да світання, і не застаўся ніводны, хто не паспеў бы пераправіцца праз раку.
І ўстаў Давід, і ўвесь народ, які з ім, і переправіліся праз Ярдан да сьвітаньня, і не засталося нікога, хто не пераправіўся праз Ярдан.
Тым часам Ахітатэл, бачачы, што не была выканана парада яго, асядлаў асла свайго, і ўскочыў на яго, і вярнуўся ў горад свой, у дом свой, і, даўшы загад адносна дома свайго, павесіўся і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.
А Ахітафэль убачыў, што не была выканана парада ягоная, і ён асядлаў асла, і ўстаў, і вярнуўся ў дом свой у горад свой, і даў загад адносна дому свайго, і павесіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.
А Давід прыбыў у Маханаім, і Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе ізраэльцы з ім.
І прыйшоў Давід у Маханаім, а Абсалом пераправіўся праз Ярдан, ён і ўсе Ізраільцяне з ім.
А на месца Ёаба Абсалом паставіў над войскам Амасу; а Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етэр, ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайль, дачкі Ясэя, сястры Сэруі, якая была маці Ёаба.
На месца Ёава Абсалом паставіў [начальнікам] над войскам Амасу. Амаса быў сынам чалавека, які называўся Етра, Ізмаэлец, які ўвайшоў да Абігайль, дачкі Нахаша, сястры Цэруі, маці Ёава.
І сталі Ізраэль і Абсалом лагерам у зямлі Галаад.
І разлажыўся Ізраіль і Абсалом табарам у зямлі Гілеад.
І, калі Давід прыбыў у Маханаім, Собі, сын Нааса з Рабы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Ладабара, і Барзэлай, галаадзец з Рагэліма,
І сталася, калі Давід прыйшоў у Маханаім, Шобі, сын Нахаша з Раббы сыноў Амона, і Махір, сын Аміэля з Лёдэбару, і Барзілай, Гілеадзец з Рагэліму,
прынеслі яму ложак, і дываны, і тазы, і гаршкі гліняныя, і пшаніцу, і ячмень, і муку, і пражаны гарох, і фасоль, і сачавіцу,
прынесьлі яму ложак, і посуд, і гаршчкі гліняныя, пшаніцу і ячмень, муку, зерне пражанае, фасолю, сачэвіцу,
і мёд, і масла, і авечак, і тлустых цялят; і прынеслі гэта Давіду і людзям яго, якія былі з ім, на ежу, бо меркавалі, што народ быў змучаны голадам і смагаю ў пустыні.
мёд, масла, [сыры] авечыя і сыры кароўскія. І прынесьлі гэта Давіду і народу, які з ім, на ежу, бо казалі: «Народ гэты галодны, змучаны і засьмягшы ў пустыні».