2 царстваў 16 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І калі Давід сышоў крыху з вяршыні гары, пераняў яго Сіба, паслугач Мэрыбаала, з наладаванымі двума асламі, на якіх нагрузілі дзвесце хлябоў, і сто звязак разынак, і сто пучкоў летніх пладоў, і бурдзюк віна.
Калі Давід зыйшоў крыху з вяршыні [гары], вось, пераняў яго Цыва, слуга Мэфібашэта, і два аслы наладаваныя, а на іх дзьвесьце хлябоў і сто зьвязак разынак, і сто сьпелых [фігаў], і буклак віна.
І спытаўся цар у Сібы: «Што яны жадаюць сабе за гэта?» І Сіба адказаў: «Гэтыя аслы — для дома цара; і хлябы, і плады летнія — на ежу паслугачам тваім; а віно — каб піў той, хто зняможацца ў пустыні!»
І сказаў валадар Цыве: «Што гэта?» А Цыва сказаў: «Гэтыя аслы — для дому валадара, каб вазіць, а хлябы і плады — на ежу слугам тваім, а віно — каб піў той, хто зьняможацца ў пустыні!»
І пытаўся цар: «Дзе сын гаспадара твайго?» І Сіба адказаў цару: «Ён застаўся ў Ерузаліме, кажучы: “Сёння верне мне дом Ізраэля царства бацькі майго”».
І сказаў валадар: «А дзе сын гаспадара твайго?» І сказаў Цыва валадару: «Вось, ён застаўся ў Ерусаліме, бо сказаў: “Сёньня вяртае мне дом Ізраіля валадарства бацькі майго”».
І сказаў цар Сібе: «Вось, тваё ўсё, што належала Мэрыбаалу». І Сіба сказаў: «Прашу, хай знайду я ласку ў цябе, гаспадар мой, цар».
І сказаў валадар Цыве: «Вось, тваё ўсё, што [належала] Мэфібашэту». І сказаў Цыва: «Я схіляюся! Няхай я знайду ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар».
І прыйшоў цар Давід у Бахурым, і, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дому Саўлава, на імя Сямэй, сын Гэра, і ішоў, на хаду праклінаючы яго,
І прыйшоў валадар Давід у Бахурым, і вось, выйшаў адтуль чалавек з роду дома Саўла, а імя ягонае — Шымэй, сын Гера. Ён ішоў і, ідучы, праклінаў яго,
і кідаў камяні ў Давіда і ва ўсіх паслугачоў цара Давіда. А ўвесь народ і ўсе ваяры наймагутнейшыя ішлі побач з царом з правага і з левага боку.
і кідаў камяні ў Давіда і ў-ва ўсіх слугаў валадара Давіда, хоць увесь народ і ўсе волаты ішлі праваруч валадара і леваруч.
А Сямэй, калі праклінаў цара, гаварыў так: «Ідзі, ідзі прэч, крывавы чалавек і чалавек Бэліяла!
І Шымэй казаў так, праклінаючы: «Ідзі, ідзі прэч, чалавек крыважэрны, чалавек Бэліяла!
Аддаў табе Госпад усю кроў дому Саўла, бо забраў ты царства ў яго. Таму аддаў Госпад царства ў рукі Абсалома, сына твайго; і вось, прыціскаюць цябе ліхоты твае, бо ты — крывавы чалавек».
Зьвярнуў на цябе ГОСПАД усю кроў дому Саўла, бо забраў ты валадарства ў яго. І аддаў ГОСПАД валадарства ў рукі Абсалома, сына твайго. І вось, злыбеды ў цябе, бо ты — чалавек крыважэрны».
І сказаў Абісай, сын Сэруі, цару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, цара? Пайду і адсяку яму галаву».
І сказаў Абішай, сын Цэруі, валадару: «Чаму праклінае гэты здохлы сабака гаспадара майго, валадара? Пайду і адсяку галаву ягоную».
І цар сказаў: «Што мне і вам, сыны Сэруі? Калі ён праклінае і калі яму Госпад загадаў, каб праклінаў Давіда, хто асмеліцца сказаць: “Чаму ты так зрабіў?”»
А валадар сказаў: «Што мне і вам, сыны Цэруі? Калі ён праклінае і калі яму ГОСПАД сказаў, каб праклінаў Давіда, хто скажа: “Чаму ты так робіш?”»
І сказаў цар Абісаю і ўсім сваім паслугачам: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на жыццё маё; тым больш зараз гэты сын Бэньяміна. Не перашкаджайце яму праклінаць па загадзе Госпадавым.
І сказаў валадар Абішаю і ўсім слугам сваім: «Вось, сын мой, які выйшаў з нутра майго, цікуе на душу маю, тым больш гэты сын Бэн’яміна. Пакіньце яго, няхай праклінае, бо сказаў яму ГОСПАД.
Можа, Госпад гляне на смутак мой і аддасць мне дабром за сённяшні праклён».
Можа, ГОСПАД гляне на гора маё і аднагародзіць мне ГОСПАД дабром за праклёны ягоныя ў гэты дзень».
І ішоў Давід і людзі яго дарогаю далей; а Сямэй ішоў па горнай градзе збоку, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы зямлёй.
І ішоў Давід і людзі ягоныя па дарозе, а Шымэй ішоў па ўзбоччы гары, праклінаючы, і кідаючы камяні ў яго, і абсыпаючы пылам.
І прыйшоў цар і ўвесь народ яго, змучаныя, аж да водаў, і там адпачылі.
І прыйшоў валадар і ўвесь народ, які з ім, змучаныя, і там адпачылі.
А Абсалом і ўвесь народ яго, людзі Ізраэля, увайшлі ў Ерузалім, і Ахітатэл быў разам з ім.
А Абсалом і ўвесь народ Ізраіля ўвайшлі ў Ерусалім. І Ахітафэль быў з ім.
А калі Хусай, арахеец, сябар Давіда, прыйшоў да Абсалома, то сказаў яму: «Хай жыве цар! Хай жыве цар!»
І прыйшоў Хушай Аркеец, сябра Давіда, да Абсалома, і сказаў Хушай Абсалому: «Няхай жыве валадар, няхай жыве валадар!»
Сказаў яму Абсалом: «Ці такая твая ласка да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
І сказаў Абсалом Хушаю: «Ці такая ласка твая да сябра твайго? Чаму ты не пайшоў з сябрам тваім?»
Адказаў Хусай Абсалому: «Ніякім чынам; бо каго выбраў Госпад, і гэты народ, і ўвесь Ізраэль, таму чалавеку я і належу і з тым я застануся.
І сказаў Хушай Абсалому: «Не [пайшоў]! Бо каго выбраў ГОСПАД і гэты народ, і ўвесь Ізраіль, з тым і я застануся.
А да таго ж, каму я маю служыць? Ці ж не сыну царскаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду паслухмяны і табе».
А да таго, каму я маю служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду [служыць] табе».
І сказаў Абсалом Ахітатэлу: «Дайце параду: што маем рабіць?»
І сказаў Абсалом Ахітафэлю: «Дайце раду, што маем рабіць?»
І сказаў Ахітатэл Абсалому: «Увайдзі да наложніц бацькі свайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом; каб, калі пачуе ўвесь Ізраэль, што ты абняславіў бацьку свайго, умацаваліся рукі ўсіх прыхільнікаў тваіх».
І сказаў Ахітафэль Абсалому: «Увайдзі да наложніцаў бацькі твайго, якіх ён пакінуў пільнаваць дом, і пачуе ўвесь Ізраіль, што агідны табе бацька твой, і ўмацуюцца рукі ўсіх, хто з табою».
І паставілі палатку Абсалому на даху; і ён на вачах усяго Ізраэля ўвайшоў да наложніц бацькі свайго.
І паставілі намёт Абсалому на даху, і ён на вачах усяго Ізраіля ўвайшоў да наложніцаў бацькі свайго.
А парада Ахітатэла, якую ён даваў у гэты час, была быццам слова Бога; такая была ўсякая парада Ахітатэла, і калі быў ён з Давідам, так і калі быў з Абсаломам.
А парада Ахітафэля, якую ён даваў, у гэтыя дні была быццам слова Бога. Бо такая была ўсякая парада Ахітафэля, як для Давіда, так і для Абсалома.