3 царстваў 17 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў прарок Ілля Тэсбіт з Тэсбы ў Галаадзе Ахабу: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, перад Якім я стаю. У гэтыя гады не будзе ані расы, ані дажджу, пакуль я не скажу!»
 
І сказаў Ільля Фэсьвіцянін, з жыхароў Галаадскіх, Ахаву: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, прад Якім я стаю! у гэтыя гады ня будзе ні расы, ні дажджу, хіба толькі па маім слове.

І прамовіў да яго Госпад, кажучы:
 
І было яму слова Гасподняе:

«Адыдзі адсюль і ідзі на ўсход, і схавайся каля ручая Харыт, што насупраць Ярдана,
 
ідзі адгэтуль і абярніся на ўсход і схавайся каля патока Харата, што насупраць Ярдана;

і будзеш піць з ручая; і Я крукам загадаў, каб цябе там кармілі».
 
з гэтага патока ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.

Такім чынам, ён пайшоў і зрабіў паводле слова Госпадава; і калі пайшоў, сеў каля ручая Херыт, які насупраць Ярдана.
 
І пайшоў ён і зрабіў паводле слова Гасподняга; пайшоў і застаўся каля патока Харата, што насупраць Ярдана.

Таксама крукі прыносілі яму хлеб і мяса раніцай, і такім жа чынам хлеб і мяса вечарам, і ён піў з ручая.
 
І крумкачы прыносілі яму хлеб і ваду раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патока ён піў.

Але па нейкім часе ручай высах; бо ў гэтай зямлі не ішоў дождж.
 
Як прайшоў нейкі час, гэты паток высах, бо ня было дажджу на зямлю.

Такім чынам, прамовіў зноў Госпад да яго, кажучы:
 
І было яму слова Гасподняе:

«Устань і ідзі ў Сарэпту Сідонскую, і жыві там; бо Я загадаў там адной удаве, каб карміла цябе».
 
устань і йдзі ў Сарэпту Сідонскую і заставайся там; Я загадаў там жанчыне ўдаве карміць цябе.

Ён устаў і пайшоў у Сарэпту. І калі падышоў ён да гарадской брамы, з’явілася перад ім жанчына, якая збірала дровы; і ён паклікаў яе, і папрасіў: «Дай мне крыху вады са збана напіцца».
 
І ўстаў ён і пайшоў у Сарэпту. І калі прыйшоў да брамы горада, вось, там жанчына ўдава зьбірае дровы. І паклікаў ён яе і сказаў: дай мне крыху вады ў посудзе напіцца.

І, калі яна пайшла, каб прынесці, ён наўздагон ёй крыкнуў, кажучы: «Прынясі мне, прашу, яшчэ лустачку хлеба ў руцэ тваёй».
 
І пайшла яна, каб узяць; а ён закрычаў усьлед ёй і сказаў: вазьмі дзеля мяне і кавалак хлеба ў рукі свае.

Яна адказала: «Жыве Госпад, Бог твой, я не маю хлеба, толькі жменю мукі ў збане і кроплю алею ў пасудзіне. Вось, я назбіраю крыху дроў, каб пайсці і прыгатаваць сабе і сыну майму ежу, каб з’есці і паміраць».
 
Яна сказала: жывы Гасподзь Бог твой, у мяне нічога няма печанага, а толькі ёсьць прыгаршчы мукі ў кадушцы і крыху алею ў збанку; і вось, я зьбяру палена-другое дроў, і пайду, і прыгатую гэта сабе і сыну майму; зьямо гэта і памром.

Ілля сказаў ёй: «Не перажывай, але пайдзі і зрабі, як ты казала; толькі перш спячы для мяне ў прысаку булачку з гэтае мукі і прынясі мне; а сабе і свайму сыну потым зробіш.
 
І сказаў ёй Ільля: ня бойся, ідзі, зрабі, што сказала; але раней з гэтага зрабі невялікі праснак мне і прынясі мне; а сабе і сыну свайму зробіш пасьля;

Бо гэтак сказаў Госпад, Бог Ізраэля: “Мука ў збане не скончыцца і алей у пасудзіне не зменшыцца аж да дня, у які пажадае Госпад даць дождж на паверхню зямлі”».
 
бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: мука ў кадушцы ня кончыцца, і алей у збанку ня ўбудзе да таго дня, калі Гасподзь дасьць дождж на зямлю.

Яна пайшла і зрабіла, што сказаў Ілля, і ела яна, і ён, і дом яе доўгі час.
 
І пайшла яна і зрабіла так, як сказаў Ільля; і кармілася яна, і ён, і дом яе некаторы час.

Мука ў збане не канчалася і алей у пасудзіне не змяншаўся паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз Іллю.
 
Мука ў кадушцы ня кончылася, і алею ў збанку ня ўбывала, паводле слова Госпада, якое Ён сказаў празь Ільлю.

А здарылася па нейкім часе, што захварэў сын той удавы, гаспадыні дома; і хвароба яго была дужа цяжкая, так што ён перастаў дыхаць.
 
Пасьля гэтага захварэў сын гэтай жанчыны, гаспадыні дома, і хвароба яго была такая моцная, што не засталося ў ім дыханьня.

Дык сказала яна Іллі: «Што мне і табе, чалавек Божы? Хіба прыйшоў ты да мяне, каб прыгадаць мне правіннасці мае і забіць сына майго?»
 
І сказала яна Ільлю: што мне і табе, чалавеча Божы? ты прыйшоў да мяне нагадаць грахі мае і ўсьмерціць сына майго.

А ён сказаў ёй: «Дай мне сына твайго». І ён узяў яго ад грудзей яе, і занёс у верхні пакой, дзе сам пражываў, і паклаў яго на ложак свой;
 
І сказаў ён ёй: дай мне сына твайго. І ўзяў яго з рук яе, і панёс яго ў сьвяцёлку, дзе ён жыў, і паклаў яго на сваю пасьцель;

І клікаў ён Госпада, і маліўся: «Госпадзе, Божа мой, няўжо ўдаву, у якой я, як госць, жыву, Ты пакараў, каб забраць жыццё ў сына яе?»
 
і зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! няўжо Ты і ўдаве, у якой я жыву, зробіш благое, усьмерціўшы сына яе?

І распасцёрся ён, і тры разы лёг на дзіця, і зноў паклікаў Госпада і сказаў: «Госпадзе, Божа мой, прашу, хай вернецца душа гэтага хлопца ў цела яго».
 
І схіліўшыся над хлопчыкам тры разы, ён зьвярнуўся да Госпада і сказаў: Госпадзе Божа мой! хай вернецца душа хлопчыка гэтага ў яго!

І выслухаў Госпад голас Іллі, і вярнулася душа хлопца ў яго, і ён ажыў.
 
І пачуў Гасподзь голас Ільлі, і вярнулася душа хлопчыка гэтага ў яго, і ён ажыў.

І ўзяў Ілля хлопца, і знёс яго з верхняга пакоя ўніз, і аддаў маці яго, і сказаў ёй: «Глядзі, жывы сын твой».
 
І ўзяў Ільля хлопчыка, і адвёў яго з сьвяцёлкі ў дом, і аддаў яго маці ягонай, і сказаў Ільля: глядзі, сын твой жывы.

І жанчына сказала Іллі: «Цяпер дзякуючы гэтаму ведаю я, што ты — чалавек Божы, і слова Госпада ў вуснах тваіх — праўда».
 
І сказала тая жанчына Ільлю: вось цяпер я ўведала, што ты чалавек Божы і што слова Гасподняе ў вуснах тваіх праўдзівае.