1 летапісаў 18 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Апосталъ)

 
 

Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід пабіў філістынцаў, ды ўпакорыў іх, ды адабраў Гет і навакольныя мясцовасці яго ад філістынцаў,
 

ды пабіў маабцаў, ды сталі маабцы нявольнікамі Давіда, плацілі яму даніну.
 

І таксама перамог Давід Ададэзэра, цара Собы ў мясцовасці каля Эмата, калі ён рушыў, каб пашырыць сваю ўладу аж па раку Эўфрат.
 

Узяў тады Давід тысячу яго калясніц і сем тысяч коннікаў ды дваццаць тысяч пяхоты; і падрэзаў усім коням калясніц сухажыллі, за выключэннем сотні калясніц, якія збярог для сябе.
 

І сірыйцы з Дамаска прыбылі на дапамогу Ададэзэру, цару Собы; але Давід пабіў і дваццаць дзве тысячы ваяроў яго,
 

і размясціў Давід гарнізоны ў Сірыі Дамаскавай, каб Сірыя таксама служыла яму і каб плаціла даніну. І дапамагаў яму Госпад ва ўсім, да чаго ён звяртаўся.
 

Узяў таксама Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, ды прынёс яе ў Ерузалім;
 

і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Хуна ўзяў многа медзі, з якой Саламон зрабіў мора меднае, і калоны, і посуд медны.
 

Калі пачуў пра гэта Той, цар Эмата, што менавіта Давід паразіў усё войска Ададэзэра, цара Собы,
 

паслаў сына свайго Адарама да цара Давіда прывітаць яго і падзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо Той быў праціўнікам Ададэзэра.
 

Але і ўвесь залаты посуд, і срэбраны, і медны прысвяціў цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое набраў ад усіх народаў, як з Ідумеі і Мааба, і ад сыноў Амона, так і ад філістынцаў і Амалека.
 

Абісай жа, сын Сэруі, пабіў у Саляным лагу васемнаццаць тысяч эдомцаў,
 

і пакінуў у Эдоме гарнізон, каб Ідумея падпарадкоўвалася Давіду. І дапамагаў Госпад Давіду ва ўсім, што ён рабіў.
 

Так Давід цараваў над усім Ізраэлем, і судзіў, і чыніў справядлівасць над усім сваім народам.
 

Прытым Ёаб, сын Сэруі, быў кіраўніком войска, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам.
 

Садок жа, сын Ахітуба, і Ахімэлех, сын Абіятара, былі святарамі, і Суса — пісарам.
 

Баная, сын Ёяды, быў над легіёнамі херэтаў і пелетаў; сыны ж Давіда былі першымі падручнымі цара.