Да Піліпянаў 2 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць Духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне,
Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць,
то дапоўніце маю радасць, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі.
дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя,
Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе.
нічога ня [робячы] дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы́, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе.
Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.
Не на сваё [толькі] няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых.
Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.
Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе,
Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу,
але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек,
але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі́, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек,
прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
пані́зіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя,
Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,
каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных
і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.
і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца.
Умілаваныя мае, як вы заўсёды былі паслухмянымі не толькі ў маёй прысутнасці, але яшчэ больш цяпер, у час маёй адсутнасці, так з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.
Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды слухаліся, ня толькі, калі я прыходзіў, але шмат больш цяпер, у адсутнасьць маю, са страхам і трымценьнем зьдзяйсьняйце збаўленьне сваё,
Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання.
бо Бог ёсьць Той, Які дзейнічае ў вас паводле ўпадабаньня [Свайго], каб вы і хацелі, і дзейнічалі.
Усё рабіце без нараканняў і сумненняў,
Усё рабіце без нараканьняў і хістаньняў,
каб вы сталі бездакорнымі, бязвіннымі і беззаганнымі Божымі дзецьмі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце.
каб вы былі беззаганнымі і шчырымі дзецьмі Божымі, беззаганнымі сярод пакаленьня скрыўленага і сапсаванага, у якім вы сьвеціце, як сьвятло ў сьвеце,
Трымайцеся слова жыцця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.
захоўваючы слова жыцьця, на пахвалу́ маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма́ бег і не надарма́ працаваў.
Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне вашай веры, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі.
Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і служэньне веры вашай, я радуюся, і радуюся разам з усімі вамі.
Таксама і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
З гэтага самага і вы радуйцеся, і радуйцеся разам са мною.
Маю надзею ў Пану Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб я супакоіўся, даведаўшыся пра вас.
А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас.
Бо я не маю іншага аднадумца, які б так шчыра рупіўся пра вас.
Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся.
Усе шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.
Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса.
Вы ведаеце яго вернасць, бо ён, як бацькаў сын, служыў разам са мною дзеля пашырэння Евангелля.
А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эва́нгельля.
Спадзяюся, што я пашлю яго да вас адразу, як толькі вырашу свае справы.
Дык я спадзяюся паслаць яго неадкладна, як толькі даведаюся адносна сябе.
Маю надзею ў Пану, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
Бо я пэўны ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду.
Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, свайго паплечніка ў працы і змаганні, вашага пасланца і слугу ў маёй патрэбе,
Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і таварыша майго, а вашага пасланца і служыцеля ў патрэбе маёй,
бо ён вельмі тужыў па ўсіх вас і вельмі непакоіўся з-за таго, што вы пачулі пра яго хваробу.
бо ён жадаў [бачыць] усіх вас і тужы́ў, што вы пачулі пра нядужасьць ягоную.
І сапраўды, ён смяротна захварэў. Але Бог змілаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб я не меў дадатковага смутку.
Бо ён быў хворы амаль сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я смутку да смутку.
Таму я тым хутчэй паслаў яго, каб вы ўбачылі яго і ўзрадваліся зноў, і каб я не меў смутку.
Дык я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, і каб я ня быў засмучаны.
Прыміце яго ў Пану з поўнай радасцю і майце ў пашане такіх,
Дык прыйміце яго ў Госпадзе з усякай радасьцю і гэтакіх мейце ў паважаньні,
бо ён быў у небяспецы смерці за справу Хрыста, рызыкаваў жыццём, каб споўніць тое, у чым вы не маглі служыць мне.
бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы пра душу́ [сваю], каб дапоўніць нястачу служэньня вашага мне.