Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць Духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне,
 
Дык калі ё такое захочаньне ў Хрысту, калі якое пацяшэньне міласьцяй, калі якое ўзаем’е Духа, калі якая спагада а жаль,

то дапоўніце маю радасць, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі.
 
Дык напоўніце радасьць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую міласьць, задзіночыліся душою, праз адно думалі;

Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе.
 
Няхай нічога ня будзе ў духу сьпіраньня альбо пустое славы, але ў пакоры адны адных за вышшых за сябе майце.

Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.
 
Не глядзі кажны толькі сябе, але кажны таксама іншых.

Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.
 
Бо няхай тая думка будзе ў вас, якая і ў Хрысту Ісусу,

Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
 
Каторы, будучы ў хорме Божай, не ўважаў сабе за грабеж быць роўным із Богам;

але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек,
 
Але паніжыў Сябе Самога, бяручы хорму нявольніка, стаўшы падобным да людзёў,

прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
 
І з выгляду стаў як людзіна; паніжыўся, стаў паслухменым аж да сьмерці, і сьмерці крыжавой.

Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя,
 
Затым і Бог высака ўзьняў Яго і даў Яму імя над кажнае імя,

каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
 
Каб у імя Ісусава кажнае калена клякала на небе, і на зямлі, і пад зямлёю,

і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.
 
І кажны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос ё Спадар на славу Бога Айца.

Умілаваныя мае, як вы заўсёды былі паслухмянымі не толькі ў маёй прысутнасці, але яшчэ больш цяпер, у час маёй адсутнасці, так з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.
 
Дык, любовыя мае, як вы заўсёды былі паслухменыя, ня толькі ў прытомнасьці маёй, але шмат балей цяпер у часе няпрытомнаеьці мае, із страхам а дрыготаю дзейце спасеньне свае,

Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання.
 
Бо Бог дзее ў вас і хаценьне і дзеяньне, подле добрае волі Свае.

Усё рабіце без нараканняў і сумненняў,
 
Усе рабіце без нараканьня а сьпярэчак,

каб вы сталі бездакорнымі, бязвіннымі і беззаганнымі Божымі дзецьмі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце.
 
Каб вы былі беззаганныя й простыя бязупічныя дзеці Божыя сярод непасьцівага а крутадушнага пакаленьня, памеж каторага вы, як сьветлы на сьвеце,

Трымайцеся слова жыцця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.
 
Дзержачы слова жыцьця, на пахвалу маю дня Хрыстовага, каб я не дарма бег ані дарма працаваў.

Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне вашай веры, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі.
 
Але хоць бы я быў выліты як узьліваньне на аброк а паслугу веры вашае, я цешуся і цешуся супольна з усімі вамі.

Таксама і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
 
Гэтак жа й вы цешчася і цешчася з імною.

Маю надзею ў Пану Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб я супакоіўся, даведаўшыся пра вас.
 
Я ж спадзяюся ў Спадару Ісусу неўзабаве паслаць Цімоха да вас, каб і я пацешыўся, даведаўшыся праз вас.

Бо я не маю іншага аднадумца, які б так шчыра рупіўся пра вас.
 
Бо я ня маю аднадумца, каторы бы так шчыра рупіўся праз тое, як вы маецеся;

Усе шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.
 
Бо ўсі шукаюць свайго, а не таго, што Ісуса Хрыста,

Вы ведаеце яго вернасць, бо ён, як бацькаў сын, служыў разам са мною дзеля пашырэння Евангелля.
 
А вы ведаеце ўзумеласьць ягоную, што, як дзяцё айцу, ён служыў імне ў Дабравесьці.

Спадзяюся, што я пашлю яго да вас адразу, як толькі вырашу свае справы.
 
Дык яго я спадзяюся без адвалокі паслаць, як толькі абачу, што будзе дзеяцца з імною.

Маю надзею ў Пану, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
 
Але я спадзяюся ў Спадару, што я сам уборзьдзе прыйду да вас.

Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, свайго паплечніка ў працы і змаганні, вашага пасланца і слугу ў маёй патрэбе,
 
Ано я ўважаў за патрэбнае паслаць да вас Епафродыта, брата а супрацаўня а сужаўнера майго, а вашага пасланца й слугачага ў патрэбе маёй,

бо ён вельмі тужыў па ўсіх вас і вельмі непакоіўся з-за таго, што вы пачулі пра яго хваробу.
 
Бо ён тужыў па ўсіх вас і быў зьнемарашчаны з тога, што вы пачулі, што ён быў хворы.

І сапраўды, ён смяротна захварэў. Але Бог змілаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб я не меў дадатковага смутку.
 
Бо запраўды ён быў хворы пры сьмерці, але Бог зьмілаваўся над ім і не над адным ім, але й над імною, каб я ня меў смутку да смутку.

Таму я тым хутчэй паслаў яго, каб вы ўбачылі яго і ўзрадваліся зноў, і каб я не меў смутку.
 
Затым я ахватней паслаў яго, каб вы, абачыўшы яго ізноў, усьцешыліся, і я быў меней смутны.

Прыміце яго ў Пану з поўнай радасцю і майце ў пашане такіх,
 
Прыміце яго ў Спадару з усёй радасьцяй і майце такіх у сьці,

бо ён быў у небяспецы смерці за справу Хрыста, рызыкаваў жыццём, каб споўніць тое, у чым вы не маглі служыць мне.
 
Бо за справу Хрыстову ён быў блізка сьмерці, рызыкуючы жыцьцём сваім, каб запоўніць нястачу вашых паслугаў імне.