Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык калі ёсць якое заахвочванне ў Хрысце, калі ёсць якая ўцеха любові, калі ёсць якая супольнасць духу, калі ёсць якая міласэрнасць і спагада,
 
Дык калі ё такое захочаньне ў Хрысту, калі якое пацяшэньне міласьцяй, калі якое ўзаем’е Духа, калі якая спагада а жаль,

дапоўніце маю радасць, каб вы думалі тое самае, маючы тую самую любоў, будучы аднадушнымі і аднадумнымі,
 
Дык напоўніце радасьць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую міласьць, задзіночыліся душою, праз адно думалі;

нічога не робячы са своекарыслівасці, ні са славалюбства, а ў пакорамудрасці, лічачы адзін аднаго вышэйшым за сябе,
 
Няхай нічога ня будзе ў духу сьпіраньня альбо пустое славы, але ў пакоры адны адных за вышшых за сябе майце.

кожны дбаючы не пра сябе толькі, але кожны і пра іншых.
 
Не глядзі кажны толькі сябе, але кажны таксама іншых.

Няхай будзе ў вас гэтая думка, якая была і ў Хрыста Ісуса,
 
Бо няхай тая думка будзе ў вас, якая і ў Хрысту Ісусу,

Які, будучы ў вобразе Божым, не палічыў рабункам быць роўным Богу,
 
Каторы, будучы ў хорме Божай, не ўважаў сабе за грабеж быць роўным із Богам;

але апустошыў Самога Сябе, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей; і звыгляду стаўшы як чалавек;
 
Але паніжыў Сябе Самога, бяручы хорму нявольніка, стаўшы падобным да людзёў,

Ён прынізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным аж да смерці, і смерці на крыжы.
 
І з выгляду стаў як людзіна; паніжыўся, стаў паслухменым аж да сьмерці, і сьмерці крыжавой.

Таму і Бог вельмі ўзвысіў Яго і дараваў Яму імя, якое вышэйшае за кожнае імя,
 
Затым і Бог высака ўзьняў Яго і даў Яму імя над кажнае імя,

каб перад імем Ісуса схілілася кожнае калена тых, хто на небе, і на зямлі, і пад зямлёю,
 
Каб у імя Ісусава кажнае калена клякала на небе, і на зямлі, і пад зямлёю,

і кожны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос — Госпад, у славу Бога Бацькі.
 
І кажны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос ё Спадар на славу Бога Айца.

Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым болей цяпер, у маю адсутнасць, — завяршайце сваё выратаванне са страхам і трымценнем;
 
Дык, любовыя мае, як вы заўсёды былі паслухменыя, ня толькі ў прытомнасьці маёй, але шмат балей цяпер у часе няпрытомнаеьці мае, із страхам а дрыготаю дзейце спасеньне свае,

бо гэта Бог дзейнічае ў вас, выклікаючы і хаценне, і дзеянне дзеля добрага намеру.
 
Бо Бог дзее ў вас і хаценьне і дзеяньне, подле добрае волі Свае.

Усё рабіце без наракання і сумнення,
 
Усе рабіце без нараканьня а сьпярэчак,

каб быць вам бездакорнымі і бясхітраснымі, беззаганнымі дзецьмі Божымі сярод сапсаванага і распуснага пакалення, у якім вы ззяеце як зоркі ў сусвеце,
 
Каб вы былі беззаганныя й простыя бязупічныя дзеці Божыя сярод непасьцівага а крутадушнага пакаленьня, памеж каторага вы, як сьветлы на сьвеце,

маючы слова жыцця мне ў пахвалу ў дзень Хрыстоў — што я не марна бег і не марна працаваў.
 
Дзержачы слова жыцьця, на пахвалу маю дня Хрыстовага, каб я не дарма бег ані дарма працаваў.

Але нават калі я ўзліваюся, як узліванне на ахвяру і служэнне вашай веры, я радуюся — і радуюся разам з усімі вамі;
 
Але хоць бы я быў выліты як узьліваньне на аброк а паслугу веры вашае, я цешуся і цешуся супольна з усімі вамі.

і вы радуйцеся таму ж і радуйцеся разам са мною.
 
Гэтак жа й вы цешчася і цешчася з імною.

Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я ўзрадаваўся, даведаўшыся, што робіцца ў вас.
 
Я ж спадзяюся ў Спадару Ісусу неўзабаве паслаць Цімоха да вас, каб і я пацешыўся, даведаўшыся праз вас.

Бо ў мяне няма нікога, роўнага душою рупліўца, хто шчыра падбае пра вас:
 
Бо я ня маю аднадумца, каторы бы так шчыра рупіўся праз тое, як вы маецеся;

бо ўсе шукаюць свайго, не таго, што належыць Хрысту Ісусу.
 
Бо ўсі шукаюць свайго, а не таго, што Ісуса Хрыста,

А яго выпрабаванасць вы ведаеце, таму што як сын пры бацьку, ён служыў са мною ў Дабравешчанні.
 
А вы ведаеце ўзумеласьць ягоную, што, як дзяцё айцу, ён служыў імне ў Дабравесьці.

Дык яго я спадзяюся паслаць зараз жа, як толькі пабачу, што будзе са мною;
 
Дык яго я спадзяюся без адвалокі паслаць, як толькі абачу, што будзе дзеяцца з імною.

але я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыйду.
 
Але я спадзяюся ў Спадару, што я сам уборзьдзе прыйду да вас.

Але я палічыў неабходным паслаць да вас і Эпафрадыта, майго брата і супрацоўніка і паплечніка, вашага пасланца і служку ў маёй патрэбе,
 
Ано я ўважаў за патрэбнае паслаць да вас Епафродыта, брата а супрацаўня а сужаўнера майго, а вашага пасланца й слугачага ў патрэбе маёй,

бо ён прагнуў [убачыць] усіх вас і тужыў з-за таго, што вы пачулі, што ён захварэў;
 
Бо ён тужыў па ўсіх вас і быў зьнемарашчаны з тога, што вы пачулі, што ён быў хворы.

бо ён сапраўды захварэў, быў блізка да смерці; але Бог злітаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб не дадалося мне смутку да смутку.
 
Бо запраўды ён быў хворы пры сьмерці, але Бог зьмілаваўся над ім і не над адным ім, але й над імною, каб я ня меў смутку да смутку.

Дык я паспешней паслаў яго, каб вы, зноў убачыўшы яго, усцешыліся, ды і я быў менш сумны.
 
Затым я ахватней паслаў яго, каб вы, абачыўшы яго ізноў, усьцешыліся, і я быў меней смутны.

Дык прыміце яго ў Госпадзе з усёй радасцю і такіх майце ў пашане,
 
Прыміце яго ў Спадару з усёй радасьцяй і майце такіх у сьці,

таму што ён за работу Хрыстову быў блізкі да смерці, рызыкуючы жыццём, каб дапоўніць мне нястачу вашых паслуг.
 
Бо за справу Хрыстову ён быў блізка сьмерці, рызыкуючы жыцьцём сваім, каб запоўніць нястачу вашых паслугаў імне.