Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось, калі маеце якую апору ў Хрысце, калі маеце якое суцяшэнне любові, калі маеце якую супольнасць духу, калі маеце якую міласэрнасць і спага́ду,
 
Дык калі ё такое захочаньне ў Хрысту, калі якое пацяшэньне міласьцяй, калі якое ўзаем’е Духа, калі якая спагада а жаль,

то зрабіце яшчэ паўнейшай маю́ радасць: трымайцеся адных думак, аднолькавую любоў маючы, будзьце аднадушнымі і аднадумнымі;
 
Дык напоўніце радасьць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую міласьць, задзіночыліся душою, праз адно думалі;

нічога не рабіце з самалюбства ці дзеля марнай славы, а ў пакорамудрасці лíчачы адны другіх вышэйшымі за сябе.
 
Няхай нічога ня будзе ў духу сьпіраньня альбо пустое славы, але ў пакоры адны адных за вышшых за сябе майце.

Не пра саміх сябе клапаціцеся, але кожны і пра іншых.
 
Не глядзі кажны толькі сябе, але кажны таксама іншых.

Бо ў вас павінны быць тыя ж думкі, што і ў Хрысце Іісусе:
 
Бо няхай тая думка будзе ў вас, якая і ў Хрысту Ісусу,

Ён, існуючы ў вобразе Божым, не стаў трымацца за Сваю роўнасць з Богам,
 
Каторы, будучы ў хорме Божай, не ўважаў сабе за грабеж быць роўным із Богам;

а прынізіў Сябе Самога, прыня́ўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным да людзей і з выгляду стаўшы як чалавек;
 
Але паніжыў Сябе Самога, бяручы хорму нявольніка, стаўшы падобным да людзёў,

Ён упакорыў Сябе і быў паслухмяны нават да смерці — і смерці крыжовай.
 
І з выгляду стаў як людзіна; паніжыўся, стаў паслухменым аж да сьмерці, і сьмерці крыжавой.

Таму і Бог найбольш узвы́сіў Яго і даў Яму імя́, вышэйшае за ўсякае імя́,
 
Затым і Бог высака ўзьняў Яго і даў Яму імя над кажнае імя,

каб перад імем Іісуса схілілася ўсякае калена на небе, і на зямлі, і пад зямлёю
 
Каб у імя Ісусава кажнае калена клякала на небе, і на зямлі, і пад зямлёю,

і ўсякі язык вы́знаў, што Іісус Хрыстос — Гасподзь, на славу Бога Айца.
 
І кажны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос ё Спадар на славу Бога Айца.

Дык вось, узлю́бленыя мае́, як вы заўсёды былі паслухмянымі, не толькі ў прысутнасці маёй, але яшчэ больш цяпер, у адсутнасці маёй, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё спасенне,
 
Дык, любовыя мае, як вы заўсёды былі паслухменыя, ня толькі ў прытомнасьці маёй, але шмат балей цяпер у часе няпрытомнаеьці мае, із страхам а дрыготаю дзейце спасеньне свае,

таму што гэта Бог дзейнічае ў вас, каб вы і жадалі, і дзейнічалі паводле Яго добрай волі.
 
Бо Бог дзее ў вас і хаценьне і дзеяньне, подле добрае волі Свае.

Усё рабіце без наракання і сумнення,
 
Усе рабіце без нараканьня а сьпярэчак,

каб былí вы бездакорнымі і чыстымі, дзецьмі Божымі беззаганнымі сярод роду сапсава́нага і разбэ́шчанага, у якім вы ззяеце, як свяцілы ў свеце,
 
Каб вы былі беззаганныя й простыя бязупічныя дзеці Божыя сярод непасьцівага а крутадушнага пакаленьня, памеж каторага вы, як сьветлы на сьвеце,

захоўваючы слова жыцця, на пахвалу́ мне ў дзень Хрыстоў, што я не марна намагаўся і не марна працаваў.
 
Дзержачы слова жыцьця, на пахвалу маю дня Хрыстовага, каб я не дарма бег ані дарма працаваў.

Але калі я і станаўлюся ахвярным узліваннем на ахвяру і служэнне веры вашай, то я радуюся і падзяляю радасць з усімі вамі;
 
Але хоць бы я быў выліты як узьліваньне на аброк а паслугу веры вашае, я цешуся і цешуся супольна з усімі вамі.

гэтаму ж і вы радуйцеся і падзяляйце радасць са мною.
 
Гэтак жа й вы цешчася і цешчася з імною.

А я спадзяюся ў Госпадзе Іісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і мне ўсцешыцца духам, даведаўшыся пра вашы справы.
 
Я ж спадзяюся ў Спадару Ісусу неўзабаве паслаць Цімоха да вас, каб і я пацешыўся, даведаўшыся праз вас.

Таму што няма ў мяне нікога аднадушнага, хто па-сапраўднаму будзе дбаць пра вас;
 
Бо я ня маю аднадумца, каторы бы так шчыра рупіўся праз тое, як вы маецеся;

бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што ўгодна Хрысту Іісусу.
 
Бо ўсі шукаюць свайго, а не таго, што Ісуса Хрыста,

А вы́прабаванасць яго вы ведаеце, бо, як сын пры бацьку, служыў ён са мною справе дабравесця.
 
А вы ведаеце ўзумеласьць ягоную, што, як дзяцё айцу, ён служыў імне ў Дабравесьці.

Дык вось яго я спадзяюся паслаць адразу ж, як толькі буду бачыць, што́ стане са мною.
 
Дык яго я спадзяюся без адвалокі паслаць, як толькі абачу, што будзе дзеяцца з імною.

Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
 
Але я спадзяюся ў Спадару, што я сам уборзьдзе прыйду да вас.

Таксама палічыў я патрэбным паслаць да вас Эпафрадзіта, майго брата і супрацоўніка і паплечніка ў барацьбе, вашага ж пасланца́ і служыцеля ў патрэбе маёй,
 
Ано я ўважаў за патрэбнае паслаць да вас Епафродыта, брата а супрацаўня а сужаўнера майго, а вашага пасланца й слугачага ў патрэбе маёй,

бо ён вельмі імкнуўся да ўсіх вас і перажываў з-за таго, што вы дачуліся пра яго хваробу.
 
Бо ён тужыў па ўсіх вас і быў зьнемарашчаны з тога, што вы пачулі, што ён быў хворы.

А ён сапраўды захварэў і быў пры смерці; аднак Бог памілаваў яго, ды не толькі яго, але і мяне, каб не дадалося мне смутку да смутку.
 
Бо запраўды ён быў хворы пры сьмерці, але Бог зьмілаваўся над ім і не над адным ім, але й над імною, каб я ня меў смутку да смутку.

Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, узрадаваліся, і я быў менш засму́чаны.
 
Затым я ахватней паслаў яго, каб вы, абачыўшы яго ізноў, усьцешыліся, і я быў меней смутны.

Прыміце ж яго ў Госпадзе з усёю радасцю, і такіх майце ў пашане,
 
Прыміце яго ў Спадару з усёй радасьцяй і майце такіх у сьці,

бо ён за справу Хрыстову быў блізкі да смерці, рызыкуючы жыццём, каб запоўніць недастатковасць вашага служэння мне.
 
Бо за справу Хрыстову ён быў блізка сьмерці, рызыкуючы жыцьцём сваім, каб запоўніць нястачу вашых паслугаў імне.