Мацьвея 18 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
У тую гадзіну падышлі вучні да Езуса, кажучы: «Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным?»
У тую гадзіну падыйшлі вучні да Ісуса, кажучы: «Дык хто большы ў Валадарстве Нябесным?»
Тады Езус паклікаў дзіця, паставіў яго сярод іх
І, паклікаўшы дзіцятка, Ісус паставіў яго пасярод іх
і сказаў: «Сапраўды кажу вам, калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
і сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і ня станецеся, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Таму той, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным.
Дык хто панізіць сябе, як гэтае дзіця, той большы ў Валадарстве Нябесным.
І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
І хто прыйме адно гэткае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прыймае.
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш павесіць на шыю млынавы камень і патапіць у марской глыбіні.
А хто згоршыць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, такому лепш было б, каб павесілі млынавы камень на шыю ягоную і ўтапілі яго ў глыбіні мора.
Гора свету праз спакусы, бо спакусы павінны прыйсці; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць спакуса!
Гора сьвету ад згаршэньняў, бо патрэбна, каб прыйшлі згаршэньні; але гора таму чалавеку, праз якога прыходзіць згаршэньне.
Калі ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё аднарукім ці кульгавым, чым з абедзвюма рукамі ці абедзвюма нагамі быць кінутым у вечны агонь.
Калі ж рука твая ці нага твая горшыць цябе, адсячы іх і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгавым ці калекаю, чым, маючы дзьве рукі або дзьве нагі, быць укінутым у агонь вечны.
І калі цябе спакушае тваё вока, вырві яго і адкінь ад сябе. Лепш табе аднавокім увайсці ў жыццё, чым з двума вачыма быць кінутым у геену вогненную.
І калі вока тваё горшыць цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе аднавокім увайсьці ў жыцьцё, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у геенну вогненную.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах.
Глядзіце, не пагарджайце ані адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
[отсутсвует]
Бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб збавіць тое, што загінула.
Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала?
Як вы думаеце, калі б нейкі чалавек меў сто авечак, і адна з іх заблукала, ці, пакінуўшы дзевяноста дзевяць у гарах, ня пойдзе ён шукаць тую, што заблукала?
Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
І, калі станецца, што знойдзе яе, сапраўды кажу вам: ён узрадуецца з яе больш, чым з дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых.
Гэтак няма волі Айца вашага, Які ў небе, каб загінуў адзін з малых гэтых.
Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата.
Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго між табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, ты здабыў брата твайго.
Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова.
Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух або трох сьведак змацавалася ўсякае слова.
Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік.
Калі ж не пачуе, скажы царкве, а калі і царквы не пачуе, няхай будзе ён табе, як паганін і мытнік.
Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Сапраўды кажу вам: усё, што вы зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана ў небе.
Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах.
Ізноў кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодзяцца адносна любой справы, дык што ні папросяць, станецца ім ад Айца Майго, Які ў небе.
Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».
Бо дзе двое або трое сабраныя дзеля імя Майго, там Я сярод іх».
Тады Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат зграшыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?»
Тады Пётар, падыйшоўшы да Яго, сказаў: «Госпадзе! Колькі разоў брат мой будзе грашыць супраць мяне, і я дарую яму? Ці да сямі разоў?»
Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў».
Кажа яму Ісус: «Не кажу табе: да сямі, але да сямідзесяці разоў па сем.
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі.
Дзеля гэтага Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які захацеў разрахавацца са слугамі сваімі.
Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў.
Калі ж пачаў ён рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў дзесяць тысячаў талентаў.
Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.
А як ня меў што аддаць, пан ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што меў, і заплаціць.
Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: “Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам”.
Тады слуга той, упаўшы, пакланіўся яму, кажучы: “Пане! Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё табе аддам”.
Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг.
Пан, зьлітаваўшыся над слугою тым, адпусьціў яго і дараваў яму пазыку.
А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен!”
А слуга той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай мне, што вінен”.
Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: “Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе”.
Тады таварыш ягоны, упаўшы да ног яго, прасіў яго, кажучы: “Будзь доўгацярплівым да мяне, і ўсё аддам табе”.
Аднак той не захацеў, але пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
А той не захацеў, але адыйшоўшы, кінуў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўгу.
Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
Таварышы ягоныя, убачыўшы, што сталася, вельмі засмуціліся і, прыйшоўшы, паведамілі пану свайму ўсё, што сталася.
Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: “Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне.
Тады пан ягоны, паклікаўшы яго, кажа яму: “Злы слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, калі ты прасіў мяне.
Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?”
Ці ж ня мусіў і ты зьлітавацца над таварышам тваім, як і я зьлітаваўся над табою?”
І, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго катам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу.
І, загневаўшыся, пан ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.
Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».
Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі не даруе кожны з вас ад сэрца свайго брату свайму грахоў ягоных».