2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, дадзеную Касцёлам Македоніі.
 
Паведамляем вам, браты, пра тую ласку Божую, што была дадзена цэрквам Мацэдонскім,

Бо ў цяжкім выпрабаванні ўціскам іх вялікая радасць і глыбокае ўбоства выліліся ў шчодрае багацце іхняй велікадушнасці.
 
як у цяжкім выпрабаванні прыгнётам вялікая радасць іх і надзвычайная беднасць іх выявілася багаццем прастаты.

Сведчу, што яны паводле сваіх сілаў і па-над сілы былі добраахвотнымі
 
Яны, сведчу, па магчымасці, ды нават звыш магчамасці, былі добраахвотнымі,

і вельмі настойліва прасілі ў нас ласкі саўдзельнічаць у служэнні дзеля святых.
 
вельмі прасілі нас пра дар і супольнасць служэння для святых.

І зрабілі не толькі тое, на што мы спадзяваліся, але з волі Божай саміх сябе найперш даручылі Пану, а затым нам.
 
І яны звыш нашага спадзявання ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршыў у вас і гэтую добрую справу.
 
Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб як ён гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.

Але паколькі вы перапоўненыя ўсім: вераю, словам, пазнаннем, усялякай стараннасцю і вашай любоўю да нас, то будзьце перапоўненыя гэтай ласкай.
 
І як вы ва ўсім былі багатымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтай ласцы былі багатымі.

Не кажу гэта як загад, але праз руплівасць іншых выпрабоўваю шчырасць вашай любові.
 
Кажу гэта не як загад, але выпрабоўваючы руплівасцю іншых прыроджаную дабрачыннасць і вашай любові.

Бо вы ведаеце ласку Пана нашага Езуса Хрыста, што Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам.
 
Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які, будучы багатым, дзеля вас стаўся бедным, каб Сваёю беднасцю вас узбагаціць.

Я выказваю сваё меркаванне, што гэта карысна для ўсіх вас, якія з мінулага года першымі пачалі не толькі рабіць гэта, але і хацець гэтага.
 
І я даю параду ў гэтым. Гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі не толькі рабіць, але і хацець.

А цяпер давядзіце справу да канца, каб ахвочая гатоўнасць здзейснілася па меры вашых сродкаў.
 
Давядзіце цяпер гэтую справу да канца, каб, чаго ахвотна жадалі, выканалі паводле таго, што маеце.

Бо калі ёсць гатоўнасць, яна ацэньваецца паводле таго, што нехта мае, а не паводле таго, чаго не мае.
 
Бо калі ёсць ахвота, яна выяўляецца па тым, хто што мае, а не па тым, чаго хто не мае.

Не пра тое гаворка, каб вы рабілі палёгку іншым, а сябе пакідалі ва ўціску, але каб была роўнасць.
 
Бо не на тое, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасць.

Цяпер ваш дастатак дапаможа іх нястачы, каб іхні дастатак дапамог таксама вашай нястачы, каб была роўнасць,
 
Хай цяпер вашае багацце пакрые іх нястачу, каб таксама іх багацце ў свой час дапоўніла вашу нястачу, каб так была роўнасць,

як напісана: «Хто сабраў шмат, не меў лішку; і хто — мала, не меў нястачы».
 
як напісана: «Хто [сабраў] многа, не меў лішняга, а хто мала — не меў нястачы».

Дзякую Богу, які напоўніў сэрца Ціта такім клопатам пра вас,
 
Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасць пра вас,

бо ён прыняў запрашэнне і ў сваёй вялікай руплівасці, паводле свайго жадання, пайшоў да вас.
 
бо не толькі прыняў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

Разам з ім мы паслалі брата, якога хваляць усе Касцёлы за абвяшчэнне Евангелля.
 
Разам з ім паслалі мы брата, што славіцца за абвяшчэнне Евангелля па ўсіх цэрквах,

І не толькі гэта, але ён выбраны таксама праз ускладанне рук Касцёламі, каб спадарожнічаць нам у той ласцы, якой мы ахвотна служым на славу самога Пана,
 
і не толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа з гэтай ласкай, якою мы служым на славу Госпада адпаведна нашым намаганням,

асцерагаючыся, каб не дакараў нас хто за такое мноства дароў, якія мы атрымалі праз сваё служэнне.
 
высцерагаючыся, каб нас хто не дакараў дзеля такога мноства [даручанага] нашаму служэнню.

Бо мы клапоцімся аб добрым не толькі перад Панам, але і перад людзьмі.
 
Бо мы дбаем аб добрым не толькі перад Богам, але і перад людзьмі.

Мы паслалі з імі брата нашага, адданасць якога мы шмат у чым выпрабавалі. Цяпер жа яго адданасць яшчэ большая, бо мае на вас вялікую надзею.
 
І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасць якога шмат у чым выпрабавалі і які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікага спадзявання на вас.

Што да Ціта, то гэта мой сябра і супрацоўнік дзеля вас. А што да братоў нашых, то яны пасланцы Касцёлаў, слава Хрыста.
 
Што да Ціта, дык ён — мой таварыш і для вас памочнік; а браты нашыя — пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

Таму пакажыце ім вашую любоў і слушнасць нашага гонару за вас перад Касцёламі.
 
Дык пакажыце ім доказ вашай любові і нашай пахвальбы вамі перад абліччам цэркваў.