Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы.
 
Паклікаўшы-ж усіх дванаццацёх, даў ім моц і ўладу над усімі чарта́мі і аздараўляць ад хворасьцяў.

Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых.
 
І паслаў іх навучаць аб Царстве Божым і аздараўляць хворых.

Ён сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі.
 
І сказаў ім: нічога не бярэце на дарогу: ні кія́, ні торбы, ні хле́ба, ні срэбра, і каб двух вопратак ня ме́лі;

У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу.
 
і ў які дом увойдзеце, там аставайцеся і стуль ідзе́це ў дарогу;

Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх».
 
і калі дзе́ ня прымуць вас, то, выходзячы з таго ме́ста, абтрасе́це і пыл з ног вашых у сьве́дчаньне на іх.

Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.
 
І, пайшоўшы, праходзілі па сёлах, апавядаючы Эвангельле і ўсюды аздараўляючы.

Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых,
 
Ірад жа чацьвертаўла́днік чуў пра ўсё, што дзе́ялася ад Яго, і ня це́міў: бо адны казалі, што гэта Іоан устаў з мёртвых;

а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў.
 
другія, што Ільля зьявіўся, а іншыя, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.

І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.
 
І сказаў Ірад: Іоана я сьцяў; хто-ж гэты, аб якім я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.

Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда.
 
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх з Сабою, пайшоў самотна ў пустыннае ме́сца каля ме́ста, называнага Віфсаідаю.

А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. Ён прыняў іх, гаварыў ім пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне.
 
Але народ, даве́даўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, вёў з імі гутарку аб Царстве Божым і, каму гэтага трэба было, аздараўляў.

Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
 
Калі-ж дзе́нь пачаў зыходзіць, дык прыступілі да Яго дванаццацёра і гаварылі Яму: адпра́ў народ, каб яны пайшлі ў вакалічныя сёлы й вёскі начаваць і дасталі е́сьці, бо мы тут у пустым ме́сцы.

Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд».
 
Але Ён сказаў ім: вы́ дайце ім е́сьці. Яны сказалі: у нас няма бале́й за пяць хлябоў і дзьвюх рыб; хіба нам пайсьці купіць е́жы для ўсіх гэтых людзе́й?

Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек».
 
Бо іх было каля пяцёх ты́сячаў душ. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзіце іх рада́мі па пяцьдзесят.

І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
 
І ўчынілі так, і рассадзілі ўсіх.

А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям.
 
Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве́ рыбы і паўзіраўшыся ў не́ба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу.

І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.
 
І е́лі, і насыціліся ўсе́; і набралі недае́дкаў дванаццаць карабоў.

Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?»
 
І сталася, як маліўся самотна, і вучні былі з Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго лічыць Мяне́ народ?

Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос».
 
Яны сказалі ў адказ: за Іоана Хрысьціцеля, а іншыя за Ільлю; другія-ж кажуць, што адзін з старадаўных прарокаў уваскрос.

Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым».
 
Ён жа спытаўся ў іх: а вы за каго лічыце Мяне́? І адказаў Пётр: за Хрыста Божага.

Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
 
Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць аб гэтым,

кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
 
сказаўшы, што Сын Чалаве́чы мусіць многа выцярпець мук; і адцураюцца Яго старэйшыны, архірэі і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзе́нь ускрэсьне.

А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною.
 
Да ўсіх жа сказаў: калі хто хоча йсьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе́, няхай возьме крыж свой і йдзе́ за Мною.

Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
 
Бо хто хоча душу сваю спасьці, загу́біць яе́; а хто загу́біць душу сваю дзеля Мяне́, той спасе́ яе́.

Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
 
Бо якая карысьць чалаве́ку здабыць уве́сь сьве́т, а сябе́ самога загубіць, ці пашкодзіць сабе́?

Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх словаў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў.
 
Бо хто паўстыдаецца Мяне́ і Маіх слоў, таго Сын Чалаве́чы паўстыдаецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца і сьвятых Ангелаў.

Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».
 
Праўду кажу вам: ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Царства Божага.

Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца.
 
Сталася-ж дзён праз восем пасьля слоў гэтых, узяўшы Пятра, Іоана і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца,

Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым.
 
і сталася, як Ён маліўся, выгляд аблічча Яго зьмяніўся, і вопратка Яго сталася бе́лая, блішчастая.

І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля.
 
І вось двое людзе́й гутарылі з Ім, а былі гэта Майсе́й і Ільля:

Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме.
 
зьявіўшыся ў славе, яны гаварылі аб сьме́рці Яго, што ме́ўся споўніць у Ерузаліме.

Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
 
Пётр жа і быўшыя з Ім былі апанава́ны сном; прабудзіўшыся-ж, убачылі славу Яго і двох мужо́ў, стоячы з Ім.

А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа.
 
І, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі: адну Табе́, адну Майсе́ю і адну Ільлі, — ня ве́даючы, што́ кажа.

Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.
 
Калі-ж ён гаварыў гэтае, сталася хмара і агарнула іх; і перепалохаліся, як увайшлі ў хмару.

А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
 
І быў з хмары голас гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улю́блены; Яго слу́хайце.

Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
 
І, калі быў голас гэты, апынуўся Ісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не гаварылі ў тыя дні, што́ бачылі.

У наступны дзень, калі яны сышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму.
 
І сталася назаўтрае, як яны зыйшлі з гары, сустрэла Яго вялікае множства народу.

І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін.
 
І вось не́йкі чалаве́к з народу крыкнуў: Вучыцель: малю Цябе́! Глянь на сына майго; ён адзін у мяне́:

Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго.
 
і вось дух бярэ яго, і ён ураз жа крычыць, і ірве́ць яго з пе́най; і ле́дзь адступае ад яго, змучыўшы яго;

Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі».
 
я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго; і яны не маглі.

Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына».
 
Ісус жа адказваючы сказаў: о, род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі і буду цярпе́ць вас? Прывядзі сюды сына твайго.

А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу, вылечыў хлопца і аддаў яго бацьку.
 
Калі-ж той яшчэ йшоў, дух кінуў яго і затрос; але Ісус прыкрыкнуў на нячыстага духа і аздаравіў хлопца, ды аддаў яго бацьцы яго.

І ўсе дзівіліся велічы Божай.Другое прадказанне мукі і ўваскрасення Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням:
 
І ўсе́ дзівіліся ве́лічы Божай. Калі-ж усе́ дзівіліся ўсяму, што чынíў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

«Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».
 
палажэце сабе́ ў вушы словы гэтыя: Сын Чалаве́чы будзе вы́даны ў рукі чалаве́чыя.

Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.
 
Але яны не зразуме́лі слова гэтага, і яно было закрыта ад іх, каб ня ўцяміць ім яго; а папытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.

Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы?
 
Прыйшла-ж ім думка: хто-б з іх быў бо́льшы?

Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою
 
Ісус жа, бачучы помыслы іх сэрца, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».
 
і сказаў ім: хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне́ прыйме, а хто прыйме Мяне́, той прыйме Паслаўшага Мяне; бо хто з вас ме́ншы за ўсіх, той будзе вялікі.

Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі».
 
Пры гэтым Іоан сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалаве́ка, іме́ньнем Тваім выганя́ючага чарто́ў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.

А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».
 
І сказаў яму Ісус: не забараняйце; бо хто ня проці вас, той за вас.

Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем
 
І сталася, як набліжаліся дні забра́ньня Яго, умацава́лася аблічча Яго ісьці ў Ерузалім,

і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт.
 
і паслаў пасланцоў прад абліччам Сваім; і яны пайшлі, і ўвайшлі ў сяло Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго;

Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.
 
але там ня прынялі Яго, бо аблічча Яго было йдучы ў Ерузалім.

Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?»
 
Бачучы-ж вучні Яго, Якаў і Іоан, сказалі: Госпадзе! ці хочаш: мы скажам, каб агонь зыйшоў з не́ба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?

Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім.
 
Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ве́даеце, якога вы духа;

І пайшлі ў іншую вёску.
 
бо Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ губіць душы людзкія, але спасаць. І пайшлі ў другое сяло.

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
 
І сталася, як яны былі ў дарозе, не́хта сказаў Яму: Госпадзе: я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў.

А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву».
 
Ісус сказаў яму: лісіцы маюць норы, і птушкі нябе́сныя гнезды; а Сын Чалаве́чы ня мае, дзе́ галаву прыкланіці.

Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
 
А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне́ пе́рш пайсьці й пахаваць бацьку майго.

А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
 
Але Ісус сказаў яму: пакінь уме́ршым хаваць сваіх нябожчыкаў; а ты йдзі ды абвяшчай Царства Божае.

Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі».
 
Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Госпадзе! Але пе́рш дазволь мне́ папрашчацца з хатнімі маімі.

А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
 
Але Ісус сказаў яму: ніхто не спасо́бен да Царства Божага, хто, узлажыўшы руку сваю на плуг, агляда́ецца назад.