Да Эфэсянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Рeraklad V. Hadleuski
Малю вас я, вязень у Пану, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы,
з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові,
стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою.
Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання.
Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост,
адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх.
Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.
Таму і сказана: «Узышоўшы на вышыні, паланіў палонных і даў людзям дары».
А што азначае «ўзышоўшы», калі не тое, што Ён сышоў да ніжэйшых частак зямлі.
Той, хто сышоў, ёсць і тым, хто ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.
Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі
дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага цела,
пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.
Каб мы больш не былі дзецьмі, якіх хістае і захапляе кожны вецер вучэнняў, каб людскім падманам, хітрым штукарствам увесці ў зман.
Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою, — да Хрыста.
З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнага асобнага члена, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові.
Кажу гэта і сведчу ў Пану, каб вы больш не жылі, як жывуць язычнікі ў марнасці свайго розуму,
з зацьмёным мысленнем, адчужаныя ад Божага жыцця праз няведанне, якое караніцца ў іх, праз упартасць іхніх сэрцаў.
Яны, стаўшы нячулымі, аддаліся распусце, робячы нячыстае з усёй прагнасцю.
Не гэтаму вы навучыліся ад Хрыста,
калі сапраўды чулі пра Яго і вучыліся ў Ім паводле праўды, якая ёсць у Езусе,
але таму, каб адкінуць ранейшыя паводзіны старога чалавека, які знішчае сябе зманлівымі пажадлівасцямі.
Таму дазвольце аднавіцца Духу ў вашым розуме
і апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды.
Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы — члены адзін аднаго.
Гневайцеся, але не грашыце, няхай сонца не заходзіць у гневе вашым.
І не давайце месца д’яблу.
Хто краў, няхай больш не крадзе, лепш няхай працуе, здабываючы сваімі рукамі даброты, каб меў чым дапамагчы патрабуючаму.
Усякае ліхое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае дзеля збудавання, каб прынесла ласку тым, хто слухае.
Не засмучайце Святога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкуплення.
Усякая горыч, раздражненне, гнеў, крык і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю.
Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.