Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
 
І пачаў Ён казаць ім прыповесцямі: «Насадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і здаў у арэнду вінаградарам, і выехаў.

А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку.
 
І ў пэўны час паслаў да вінаградараў раба, каб узяў у вінаградараў ад уражаю вінаградніка;

Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
А тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.

Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі.
 
І зноў паслаў да іх іншага раба, і таго ранілі ў галаву і зняважылі.

Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
 
Тады паслаў наступнага; і таго забілі, і многіх іншых яшчэ забілі.

Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
 
Яшчэ аднаго ён меў: любаго сына свайго; паслаў яго апошнім да іх, кажучы: «Пасаромяцца яны майго сына!»

Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”.
 
А тыя вінаградары разважалі між сабою: «Гэта спадкаемец; пойдзем заб’ём яго і спадчына будзе наша».

І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку.
 
І скапіўшы яго, яны забілі і выкінулі яго за вінаграднік.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
 
«Што зробіць з імі гаспадар вінаградніка, калі сам пойдзе?» — запытаўся Ісус. І яны адказалі: «Прыйдзе і пакарае, і здасць вінаграднік іншым».

Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.
 
«Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: "Камень, які адкінулі будаунікі, зрабіўся новым падмуркам вугла";

Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»
 
Ад Госпада зрабілася гэта і яно дзіўнае ў нашых вачах»?

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.
 
І стараліся яны схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што супроць іх прывёў Ён прыпавесць. І пакінуўшы Яго, адышлі.

І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове.
 
Тады ўздумалі некаторыя з фарысеяў ды ірадыян, злавіць Яго на слове.

Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?»
 
І тыя кажуць Яму: «Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на асобу чалавека, а праўдзіва настаўляеш на Божую дарогу; ці можна даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?»

А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець».
 
Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: «Што вы Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў».

Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара».
 
Яны прынеслі. І Ён кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Тыя ж адказалі Яму: «Кесарава».

Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.
 
І сказаў ім Ісус: «Кесарава аддавайце кесару, а Божае Богу». І вельмі здзіўляліся Яму.

Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
І прыходзяць да Яго садукеі, што не верылі ўваскрашэння, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго.
 
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: "Калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку без дзяцей, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату".

Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства.
 
Было сем братоў: і першы ўзяў жонку, і паміраючы не пакінуў патомства;

Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
 
І другі ўзяў яе, і памёр не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;

І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
І сямёра не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памёрла і жонка.

Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 
Па ўваскрэсенні [калі ўваскрэснуць] каму з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі жонкай яе.»

Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай?
 
Сказаў ім Ісус: «Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце, ні Пісання, ані сілы Божай?

Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў нябёсах.

А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”?
 
Пра мёртвых жа, што ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Майсеевай Кнізе пра купіну, як сказаў яму Бог, прамаўляючы: "Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісакаў, і Бог Якава"?

Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
 
Ён не ёсць Бог мёртвых, але жывых; вы вельмі памыляецеся.»

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?»
 
І падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, Яго трапны адказ, і спытаўся зноў, спакушаючы: «Якая запаведзь першая з усіх?»

Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны;
 
Адказаў Ісус: «Першая: "Слухай Ізраіль! Госпад, наш Бог, ёсць Госпад адзіны;

любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”.
 
І любі Госпада, Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсім розумам сваім, і усёю сілай сваёю."

Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
 
І вось другая: "Любі свайго бліжняга, як самога сябе." Няма іншай запаведзі больш за гэтыя.»

І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго.
 
І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўніку! Праўдзіва сказаў Ты, што Ён адзіны і няма другога, акрамя Яго:

Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні».
 
І любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю сілаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — больш за ўсё, і за ўсе цэласпаленні і ахвяры».

Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
Ісус убачыўшы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Царства Божага». І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.

Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда?
 
І азваўшыся ў перапынку між навучаннямі ў храме, сказаў Ён: «Як жа кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?

Сам Давід сказаў у Духу Святым: “Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.
 
Сам Давід сказаў Святым Духам: "Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзь праваруч Мяне, аж пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў да Тваіх ног."

Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
 
Сам Давід кажа, што Ён — Госпад: дык як жа Ён тады сын Давідаў?» І вялікі натоўп ахвотна слухаў Яго.

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках,
 
І ў Сваёй навуцы Ён казаў: «Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгай вопратцы і каб віталі іх на рынках,

і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах.
 
і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на банкетах,

Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
 
тыя, што праядаюць удовіны дамы і для выгляду доўга моляцца; тыя атрымаюць цяжэйшы прысуд».

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу.
 
І сеўшы насупроць скарбніцы, Ён назіраў, як натоўп кідае медзь ў яе. І многія багацеі шмат укідалі.

Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант.
 
І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, гэта значыць кадрант.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку.
 
І паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, што ўкідалі ў скарбніцу;

Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».
 
Бо ўсе ад сваіх лішкаў укідалі, яна ж пры недастатку сваім, усё, што мела на жыццё, укінула».